БРСМ: учора, сёння, заўтра

Стратэгію далейшага развіцця ГА “БРСМ” абмеркавалі ў Магілёве ў ходзе работы дыскусійнай маладзёжнай пляцоўкі.

Адкрыты дыялог “БРСМ: учора, сёння, заўтра” аб’яднаў прадстаўнікоў органаў мясцовай дзяржаўнай улады, дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу, студэнтаў, членаў маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў, членаў Савета працоўнай мола­дзі пры абкаме ГА “БРСМ”. Па відэасувязі ў гутарцы ўдзельнічала актыўная моладзь з розных раёнаў Магілёўскай вобласці.

Размова атрымалася канструктыўнай і зацікаўленай. Падчас дыялогу дэталёва абмяркоўваліся прапановы па стратэгіі развіцця ГА “БРСМ” да 2025 года, вызначаліся прыярытэтныя напрамкі дзейнасці арганізацыі, магчымасці па ўзмацненні ролі пярвічных арганізацый, пашырэнні дзейнасці ў інфармацыйнай прасторы.

Не раз прагучала меркаванне аб неабходнасці рэбрэндынгу саюза мола­дзі. Словы “пленум”, “бюро” ўжо не зусім зразумелыя сучасным маладым людзям. Паступалі прапановы аб унясенні змяненняў у наз­вы пасад штатных супрацоўнікаў, калегіяльных органаў арганізацыі. Аднак не ўсе ў­дзельнікі дыялогу іх падтрымалі. Некаторыя лічаць, што БРСМ — прамы пераемнік камсамола, таму ўсе гэтыя назвы — гісторыя, якую неабходна захаваць.

Адной з прапаноў дыскусійнай пляцоўкі была распрацоўка праграмы для старшакласнікаў, якая дазволіць ім дзякуючы непасрэднаму знаёмству з прафесіямі і іх прадстаўнікамі праз майстар-класы, экскурсіі, лагеры свядома вызначыцца з будучай спецыяльнасцю. Таксама прагучала ідэя аб стварэнні адзінага інфармацыйнага партала для моладзі, які будзе цесна звязаны з сацыяльнымі сеткамі.

Як заўважыў памочнік прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, усе змены ў дзейнасці БРСМ павінны зыходзіць непасрэдна ад моладзі, а такія дыскусіі дапамагаюць выпрацаваць адзінае меркаванне.

— Значна, што дыялог аб’яднаў не проста неабыякавых маладых людзей, а сапраўдных лідараў, за якімі стаяць калектывы. Яны прасоўваюць сапраўды патрэбныя ідэі. І не проста прасоўваюць, а хочуць увасобіць іх у жыццё разам са сваімі калегамі, — адзначыў Леанід Мартынюк.

Больш падрабязна пра магчымыя змены форм і метадаў работы арганізацыі паведаміла сакратар ЦК ГА “БРСМ”, старшыня ЦС ГА “БРПА” Аляксандра Ганчарова. Паводле яе слоў, плануецца пераход ад шматлікіх разрозненых акцый да мэтанакіраванай праграмнай дзейнасці па сямі асноўных напрамках саюза моладзі.

— Але наша галоўная мэта — выхаванне грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны — застаецца нязменнай. І ў дасягненні гэтай мэты неабходна кансалідаваць намаганні. Трэба цесна супрацоўнічаць з іншымі грамадскімі арганізацыямі, бо мэты і задачы ва ўсіх шмат у чым агульныя, — падкрэсліла Аляксандра Ганчарова.

Адкрытыя дыялогі “БРСМ: учора, сёння, заўтра” пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.