БРУ пачынае рыхтаваць кіраўнікоў праектаў для ІТ-сферы і прамысловасці

- 12:54Выбар прафесіі
Палітра спецыяльнасцей, якія прапаноўваюць нашы ўніверсітэты, не перастае прыемна ўражваць. Беларуска-Расійскі ўніверсітэт сёлета пачне рыхтаваць спецыялістаў па рабоце з медыцынскай і экалагічнай тэхнікай, а таксама спецыялістаў па кіраванні інавацыйнымі праектамі ў прамысловасці.

Размова ідзе аб адкрыцці набору ў бакалаўрыят на два новыя напрамкі: “Біятэхнічныя сістэмы і тэхналогіі” (спецыяльнасць “Біятэхнічныя і медыцынскія апараты і сістэмы”) і “Інаватыка” (спецыяльнасць “Кіраванне інавацыямі ў прамысловасці (па галінах)”). Навучанне будзе весціся па адукацыйных праграмах Расійскай Федэрацыі.
Як вядома, БРУ рыхтуе спецыялістаў па стандартах і Беларусі, і Расіі. Гэты факт і тлумачыць з’яўленне ва ўніверсітэце падобных навінак.
— Адкрываць новыя “расійскія” спецыяльнасці атрымліваецца крыху хутчэй, чым “беларускія”, бо ў Расіі ў гэтым выпадку дзейнічае заяўны прынцып. У нас жа, каб унесці новыя спецыяльнасці ў “Агульнадзяржаўны класіфікатар спецыяльнасцей і кваліфікацый”, патрабуецца значна больш часу, — гаворыць начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Алег Віктаравіч Леаненка.
Так, напрыклад, у мінулым годзе ў БРУ пачаўся набор на вельмі актуальную спецыяльнасць “Распрацоўка праграмна-інфармацыйных сістэм” (напрамак “Праграмная інжынерыя”). Не сакрэт, што спецыялісты ў сферы распрацоўкі праграмнага забеспячэння карыстаюцца велізарным попытам на рынку працы Беларусі. Не меншы дэфіцыт і кіраўнікоў у ІТ-сферы. Выпускнікі гэтай спецыяльнасці будуць працаваць распрацоўшчыкамі праграмнага забеспячэння, спецыялістамі па тэсціраванні, бізнес-аналітыкамі, архітэктарамі праграмных сістэм, інжынерамі па суправаджэнні, менеджарамі праграмных праектаў. Словам, для іх прадугледжаны вельмі шырокі спектр пасад, прычым новых, якія з’явіліся на ІТ-рынку адносна нядаўна. Студэнты глыбока вывучаюць не толькі прынцыпы праграмавання і тэсціравання, метадалогіі распрацоўкі праграмнага забеспячэння, але і атрымліваюць сур’ёзную матэматычную падрыхтоўку, навыкі каманднай распрацоўкі праграмных прадуктаў.
І вось яшчэ на дзве “расійскія” спецыяльнасці пачынаецца набор у гэтым годзе.

Напрамак “Біятэхнічныя сістэмы і тэхналогіі” ўяўляе сабой сучасны сінтэз асноўных дасягненняў фізікі, інфармацыйных і біямедыцынскіх тэхналогій. Асноўную сферу дзейнасці бакалаўраў біятэхнічнага профілю складае стварэнне, распрацоўка, вытворчасць і сэрвіснае абслугоўванне медыцынскай тэхнікі, прылад і ўстройстваў, прызначаных для ацэнкі і карэкцыі стану чалавека, экалагічнага маніторынгу, прылад тэлемедыцынскай, фармацэўтычнай, экалагічнай і харчовай прамысловасці.
— Сёння ўсе медыцынскія цэнтры атрымалі на ўзбраенне сучаснае медыцынскае абсталяванне. На жаль, спецыялістаў, якія маглі б яго абслугоўваць і эксплуатаваць, не хапае, — зазначае А.В.Леаненка. — Таму для рынку Магілёўскай вобласці, ды і рэспублікі ў цэлым, гэтая спецыяльнасць будзе актуальнай. У верасні плануецца адкрыць універсітэцкую кафедру на базе Магілёўскай абласной бальніцы. Ужо ёсць дамоўленасць аб правядзенні там заняткаў. Будучыя спецыялісты змогуць убачыць сферу выкарыстання сваіх ведаў, а нехта — і будучае месца работы.
Студэнтам будуць даваць веды ў галіне метадаў, прылад і праграмных прадуктаў, якія выкарыстоўваюцца ў сучаснай медыцынскай тэхніцы, а таксама ў галіне сучаснай электронікі, схематэхнікі і мікрапрацэсарнага кіравання. Мяркуецца, што выпускнікі напрамку “Біятэхнічныя сістэмы і тэхналогіі” будуць працаваць у арганізацыях, якія распрацоўваюць і вырабляюць біямедыцынскую і экалагічную тэхніку, у лабараторыях, паліклініках і санаторыях, медыцынскіх і экалагічных цэнтрах, на прадпрыемствах, якія займаюцца продажам і сэрвісным абслугоўваннем медыцынскай і экалагічнай тэхнікі.

Што да выпускнікоў напрамку “Інаватыка”, то яны будуць падрыхтаваны як спецыялісты-менеджары і як спецыялісты-інжынеры. У іх падрыхтоўцы будуць перакрыжоўвацца розныя навукі, што найперш фарміруюць навыкі вырашэння інжынерных задач, а таксама ўсё тое, што патрабуецца ведаць для камерцыялізацыі і практычнага ўкаранення інавацый і вынаходак у вытворчасць.
Вучэбны план па праграме “Інаватыка” арыентаваны на найноўшыя стандарты трэцяга пакалення, сцвярджаюць ва ўніверсітэце. У сферу кампетэнцый выпускнікоў будзе ўваходзіць уменне вырашаць складаныя навукова-тэхнічныя задачы і кіраваць інавацыйнымі праектамі. Бакалаўры інаватыкі будуць здольны адаптавацца да ўсіх відаў дзейнасці, што базіруюцца на сістэмным аналізе, мадэляванні, аўтаматызаваным кіраванні і іншых відах інфармацыйных камп’ютарных тэхналогій. Месцы работы, якія для іх прызначаны, — гэта вытворчыя прадпрыемствы, бізнес-кампаніі, даследчыя, канструктарскія і праектныя арганізацыі, інжынірынгавыя цэнтры, страхавыя кампаніі, банкі, органы ўлады.
Дарэчы, спецыялістаў падобнага плана з гэтага года пачне рыхтаваць Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт у межах спецыяльнасцей “Кіраванне інавацыйнымі праектамі прамысловых прадпрыемстваў” і “Кіраванне дызайн-праектамі на прамысловым прадпрыемстве”.
Спецыфіка БРУ ў тым, што пры паступленні на расійскія праграмы абітурыенты могуць падаваць у прыёмную камісію сертыфікаты як Адзінага дзяржаўнага экзамену, так і цэнтралізаванага тэсціравання. Першае актуальна, напрыклад, для жыхароў Расіі. Выпускнікі, якія вучыліся па расійскіх праграмах, атрымліваюць дыпломы дзяржаўнага ўзору РФ, але не трэба і казаць, што яны без праблем прызнаюцца ў РБ.

Трэба дадаць, што сёлета ва ўніверсітэце адкрываецца яшчэ адна спецыяльнасць, але ўжо па стандарце Рэспублікі Беларусь, — “Транспартная лагістыка”. Яна не новая для беларускай сістэмы адукацыі, але вельмі актуальная для рынку, паколькі ў краіне бурна развіваецца сфера лагістыкі.
На ўсялякі выпадак паведамляем, што лагісты — гэта спецыялісты, якія арганізоўваюць дастаўку тавараў і іх складзіраванне, распрацоўваюць выгадную схему паставак у патрэбнае месца ў патрэбны час з мінімальнымі выдаткамі. Лагісты таксама аналізуюць рынак транспартных паслуг, праводзяць разлікі, шукаюць надзейных партнёраў, каардынуюць дзеянні з вытворцамі, аддзеламі продажаў, складамі, рыхтуюць дакументы для мытні.

Падрыхтавала Вольга ІВАНОВА.