“Брыганціна” трымае курс на перамогі і адкрыцці

У спартыўна-аздараўленчым комплексе “Брыганціна” БДУ прайшло ўрачыстае адкрыццё XVII Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школы навучэнцаў і настаўнікаў, VII Мінскага гарадскога профільнага летніка і III Мінскага абласнога фізіка-матэматычнага летніка. У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Васіль Антонавіч Будкевіч.

Умела спалучаць вучобу і адпачынак

Трэцяя змена, якая пачалася ў летніку, незвычайная, бо дзеці падчас яе не толькі адпачываюць, але і вучацца: у першай палове дня — лекцыі, семінарскія і практычныя заняткі, спецкурсы, а ў другой — спартыўныя спаборніцтвы, заняткі ў гуртках і іншыя займальныя мерапрыемствы. Вучні з цікавасцю слухаюць лекцыі вядучых выкладчыкаў ВНУ, ажыццяўляюць даследчую дзейнасць, раша­юць алімпіядныя задачы, прымаюць удзел у розных інтэлектуальных, творчых і спартыўных спаборніцтвах — фізіка-матэматычных баях, гульнях КВЗ, фестывалі мастацтваў (некаторыя школьнікі прывезлі з сабой не толькі ноўтбукі і планшэты, але і электрагітары, ударныя ўстаноўкі). Агульная колькасць дзяцей на змене — больш як 300. З іх дваццаць пяць школьнікаў — а гэта цэлы атрад — пераможцы алімпіяд па фізіцы і матэматыцы з навучальных устаноў Мінскай вобласці.

Арганізацыяй абласнога летніка займаліся ўпраўленне адукацыі Мінскага абл­выканкама і Мінскі абласны ІРА. Больш як 90 навучэнцаў летняй школы — удзель­нікі заключных этапаў рэспубліканскіх інтэлектуальных мерапрыемстваў (з іх больш як 40 сталі пераможцамі). Адметна, што ўпершыню ў склад школы ўключаны вучні 1—4 класаў. Для іх таксама ў гульнёвай форме праводзяцца пазнавальныя заняткі, у тым ліку ў гуртку “Уводзіны ў даследчую дзейнасць”. Суправаджаюць школьнікаў настаўнікі, выкладчыкі ВНУ, а таксама студэнты, якія самі некалькі гадоў назад былі вучнямі гэтай школы.

Гарманічнае спалучэнне адпачынку і навучання заўсёды дае свой плён, у будучыні гэта перамогі на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах. Традыцыйна ў цырымоніі адкрыцця летняй школы прымалі ўдзел яе навучэнцы — члены каманд-пераможцаў міжнародных алімпіяд, канферэнцый, турніраў школьнікаў у 2011—2012 гадах. Нагадаем, што на мінулым тыдні каманда нашай краіны вярнулася з міжнароднага турніру юных матэматыкаў, дзе заняла першае месца. Сёлетні турнір праводзіўся ў Парыжы, і прадстаўнікі каманды Францыі, якая заняла на ім трэцяе месца, таксама завіталі ў летнюю школу “Брыганціны”. Прыехала і дэлегацыя школьнікаў з Расіі. І, канечне, наведалі летнюю школу шаноўныя педагогі, якія рыхтавалі нашы каманды да паспяховага выступлення на міжнароднай алімпіядзе і турніры юных матэматыкаў. Гэта Барыс Барысавіч Камракоў, Леанід Іванавіч Лаўрыновіч, Яраслаў Барысавіч Задворны, а таксама кіраўнік француз­скай дэлегацыі, выкладчык летняй школы ў “Брыганціне” Давід Юр’евіч Змяйкоў.

Беларускіх школьнікаў-пераможцаў і іх французскіх сяброў зала вітала бурнымі апладысментамі. Яны атрымалі віншаванні і падарункі з рук намесніка міні­стра адукацыі В.А.Будкевіча, які ў сваім выступленні падкрэсліў: “Наша краіна традыцыйна славіцца таленавітымі людзьмі. Хаця вашы перамогі — гэта толькі вашы першыя крокі на шляху да сур’ёзнага прафесійнага жыцця, але імі па праву ганарыцца ўся краіна. Сімвалічна і тое, што сябры з Францыі зацікавіліся работай летняй школы. У свеце няма межаў для чалавечых сэрцаў і душ, асабліва тады, калі яны знаходзяцца ў вашай роднай краіне — краіне дзяцінства.
Упэўнены, што дні, якія вы праведзяце ў летніку, запомняцца на доўгія гады. Жадаю вам пранесці праз усё жыццё адчуванне сяброўства, якое вы тут знойдзеце. Хай не згасае агеньчык заўзятасці і інтарэсу адзін да аднаго і да агульных спраў, якія вас сёння аб’ядноўваюць”.

Пра таленты нашых вучняў ведаюць у розных краінах свету. На сцэне віталі Рамана Бірулю, навучэнца сярэдняй школы № 41 Мінска, які атрымаў 2-гі прыз амерыканскага матэматычнага грамадства на сусветным навуковым конкурсе Intel ISEF; а таксама вучняў Ліцэя БДУ Аляксея Макарэвіча і Паўла Усцічэнку, якія прывезлі дыпломы трэцяй ступені з аўстрыйскага турніру юных фізікаў. А яшчэ апладысменты гучалі для студэнтаў першага курса ФПМІ БДУ, неаднаразовых удзельнікаў летняй школы, у гонар кіраўнікоў і трэнераў каманд, а таксама пераможцаў міжнародных спаборніцтваў мінулага года Аляксея Іваніна, двойчы ўдзель­ніка міжнароднай алімпіяды па матэматыцы, і Аляксандра Некрашэвіча, двойчы ўдзельніка міжнародных матэматычных турніраў. Віншуючы гэтых маладых людзей, прарэктар па вучэбнай рабоце БДУ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Аляксей Леанідавіч Толсцік адзначыў, што наша краіна не менш, чым спартыўнымі дасягненнямі, ганарыцца перамогамі ў інтэлектуальных спаборніцтвах, падчас якіх у маладых людзей выхоўваюцца сапраўдныя якасці лідараў. Мы ганарымся вынікамі не толькі школьных алімпіяд, але і студэнцкіх: сёлета на студэнцкай міжнароднай алімпіядзе па праграмаванні наша каманда атрымала сярэбраныя медалі (па агульных выніках яна заняла 5 месца сярод 112 каманд-удзельніц).

Яшчэ адна добрая навіна прыйшла нядаўна з Аргенціны: нашы школьнікі пацвердзілі высокі ўзровень падрыхтоўкі на міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы, заваяваўшы 4 сярэбраныя, 1 броназавы медалі і пахвальны водгук. Дарэчы, усе ўдзельнікі каманды — навучэнцы летняй школы. Гэта Дзмітрый Баброў, Аляксей Семчанкоў, Арцём Жук, Настасся Танана (сярэдняя школа № 41 Мінска), Марыя Манкевіч і Сцяпан Дабрынеўскі (Ліцэй БДУ).

Міжнародныя ўзнагароды пачынаюцца  са школьных

Працягам урачыстасцей стаў круглы стол “Дадатковая (навукова-даследчая) адукацыя навучэнцаў — ад рэгіянальнага ўзроўню да міжнароднага: праблемы і перспектывы”, у якім прыняў удзел намеснік міністра, выкладчыкі, настаўнікі і вучні. Барыс Валянцінавіч Задворны, намеснік дэкана ФПМІ БДУ па дадатковай адукацыі, дырэктар “ЮНІ-цэнтра ХХІ”, расказаў пра асаблівасці работы з таленавітымі школьнікамі, пра іх апошнія дасягненні.

Падрыхтоўка моладзі, таленавітай у матэматыцы і інфарматыцы, пачынаецца ў сценах ФПМІ з 5 класа, калі выкладчыкі чулліва падтрымліваюць інтарэсы дзяцей, шукаюць у іх зярняткі талентаў, а дзеці вызначаюць для сябе, ці сапраўды патрэбны ім глыбокія матэматычныя веды. На наступным этапе падрыхтоўкі (з 7 класа) выкладчыкі працуюць з дзецьмі больш індывідуальна: арганізоўваюцца групы алімпіяднікаў і групы школьнікаў, якія аддаюць перавагу навуковым даследаванням. У залежнасці ад паспяховасці вучняў і вынікаў іх выступленняў на спаборніцтвах удасканальваецца работа з імі ў тым ці іншым кірунку. Самыя значныя поспехі школьнікаў атрымліваюць шырокую публічнасць. За чатыры апошнія міжнародныя турніры юных матэматыкаў наша каманда заваявала 3 залатыя і 1 бронзавы медалі. (Дарэчы, наш рэспубліканскі турнір юных матэматыкаў з’явіўся правобразам міжнародных турніраў, па нашым прыкла­дзе сталі праводзіцца нацыянальныя турніры ў Францыі, Балгарыі, Расіі.) На міжнароднай канферэнцыі юных вучоных, якая праходзіла ў Інданезіі ў 2010 годзе, беларусы за 4 даклады атрымалі 4 дыпломы (1 залаты і 3 сярэбраныя медалі), у 2011 го­дзе ў Расіі за 5 дакладаў атрымалі 3 залатыя, 1 сярэбраны і 1 бронзавы медалі, а ў 2012 годзе з Галандыі прывезлі 2 залатыя і 1 сярэбраны медалі (выступалі таксама з пяццю дакладамі). На апошнім сусветным навуковым конкурсе Intel ISEF наша краіна агучвала 2 даклады і атрымала тры ўзнагароды (для параўнання: расійская каманда атрымала 4 прызы за 17 дакладаў, украінская — 2 прызы за 6 дакладаў).

Зразумела, для таго, каб перамагаць на такім высокім узроўні, трэба належным чынам наладжваць работу на папярэдніх этапах спаборніцтваў. Удзельнікі круглага стала абмеркавалі некалькі праблемных пытанняў, звязаных з падрыхтоўкай будучых пераможцаў. Папулярнасць навукова-даследчай дзейнасці школьнікаў, пагоня за масавым удзелам у спаборніцтвах, часам падмацаваныя націскам зверху, прыводзяць іншы раз да такіх з’яў, як рэфератызм, плагіят, калі работы, зробленыя настаўнікамі, выдаюцца за работы вучняў, адзначыў Барыс Валянцінавіч. На абласным этапе журы часта займаецца тым, што адсейвае вельмі слабыя работы, якія павінны быць спынены яшчэ на раённым узроўні. У той жа час ёсць выпадкі, калі работы, якія не былі адзначаны ў раёнах, атрымліваюць дыпломы на гарадскім і нават на рэспубліканскім узроўнях.

Абмяркоўвалася пытанне аб неабходнасці стымулявання навукова-даследчай дзейнасці у малодшым узросце (у 5—7 ці нават у пачатковых класах). Ці не будзе ў такім выпадку назірацца падмена тэрмінаў? Магчыма, настаўнікі будуць вучыць так, як і раней, толькі часцей будуць ужываць эфектныя словы, тыпу крэатыўнасць, творчае мысленне, ТРВЗ і г.д. Ці гатовы сёння педагогі (масава, зацікаўлена) да новай формы работы ў звычайных школах? Ці патрэбен сёння краіне такі шырокі ахоп даследчай дзейнасцю (ці трэба нам столькі юных вучоных)? Настаўнікі сур’ёзна  разважалі над гэтымі пытаннямі.

Алімпіядная піраміда ахоплівае сёння няшмат дзяцей, таму больш масава павінна весціся навукова-даследчая работа, якая стварае яшчэ адну магчымасць для рэалізацыі дзецьмі сваіх талентаў, лічыць Валерый Мікалаевіч Калінчук, педагог-практык, настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 8 Кобрына. Размова тут не аб вялікай колькасці вучоных. Грамадства заўсёды мае патрэбу ў людзях, якія неардынарна і творча думаюць. Адна з галоўных праблем у рабоце з адоранымі дзецьмі ў рэгіёнах заключаецца ў прыцягненні маладых спецыялістаў, студэнтаў, якія прымалі ўдзел і перамагалі ў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, да супрацоўніцтва, каб яны ўладкоўваліся на работу ў навучальныя ўстановы, якія знаходзяцца не толькі ў сталіцы, і рыхтавалі новых пераможцаў.

“У Мінскай вобласці створана сістэма падрыхтоўкі настаўнікаў і вучняў да навукова-даследчай дзейнасці, вядзецца павышэнне кваліфікацыі педагогаў, — адзначыла Таццяна Сяргееўна Праліска, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела фізіка-матэматычных дысцыплін Мінскага абласнога ІРА. — Падрыхтоўка юных даследчыкаў увогуле пачынаецца яшчэ да школы: на працягу трох апошніх гадоў для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў праводзіцца мінская абласная канферэнцыя “Я — даследчык”. Дзеці прымаюць удзел у аналагічных расійскіх канферэнцыях і прывозяць дыпломы. Право­дзяцца мерапрыемствы і для настаўнікаў. Ужо тры гады запар яны збіраюцца разам для абмену вопытам на ўзроўні вобласці на канферэнцыі “Метады і падыходы да арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў”.

Падводзячы вынікі су­стрэчы, намеснік міністра В.А.Будкевіч адзначыў, што таленавітым настаўнікам і выкладчыкам неабходна распрацоўваць аўтарскія методыкі і аўтарскія курсы па рабоце з таленавітай моладдзю, ствараць творчыя лабараторыі на базе адукацыйных устаноў, праводзіць майстар-класы, каб навучыць іншых педагогаў, даць ім у рукі інструментарый, каб яны ішлі ў класы не як звычайныя ўрокадаўцы, а выяўлялі здольнасці і таленты сваіх вучняў, наладжвалі творчую работу з імі. Вучыцца дзеля таго, каб вучыцца — гэта тупіковы варыянт. Навучанне павінна мець прыкладны характар, заўсёды трэба бачыць перспектывы для прымянення ведаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.
terekhova@ng-press.by
Фота Ірыны КАРНЕЙ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *