Брыльянт, абрамленнем якога з’яўляюцца вучні

- 9:00Людзі адукацыі

Паўстагоддзя Бялінскі дзіцячы сад — базавая школа гасцінна адчыняе дзверы Сяргею Васільевічу Угляніцу. Спачатку як вучню, а з 1984 года — як выкладчыку фізічнай культуры і здароўя. Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна малады чалавек цвёрда вырашыў вярнуцца: дамоў, выхоўваць здаровае і моцнае маладое пакаленне, працаваць на карысць малой радзімы! Разумны і таленавіты Сяргей Васільевіч у поўнай меры мог бы сябе рэалізаваць у вялікім горадзе як асоба і прафесіянал, але кліч сэрца аказаўся мацнейшым.

У роднай школе ўчарашнія настаўнікі сталі калегамі, а дзеці з першых урокаў палюбілі заўсёды падцягнутага, строгага, але справядлівага настаўніка. Закіпела педагагічная дзейнасць, Сяргей Васільевіч з галавой акунуўся ў прафесію. Усебакова падрыхтаваны фізічна, з разуменнем тэорыі і практыкі выканання фізічных практыкаванняў, валоданнем методыкай навучання, С.В.Угляніца і яго выхаванцы станавіліся першаадкрывальнікамі ў свеце спорту і ведаў. На ўроках не было ніводнага незацікаўленага вучня. А спартыўныя гурткі і секцыі наведвалі з вялікай радасцю. Дзеці адразу ўбачылі ў ім сапраўднага педагога-настаўніка.

І сапраўды, Сяргей Васільевіч — настаўнік ад Бога! З першых дзён сваёй працы малады спецыяліст арганізоўваў адукацыйны працэс, правільна разумеючы і ўлічваючы інтарэсы і матывы дзяцей да фізкультурна-спартыўнай дзейнасці. Яго глыбокія веды, воля, вы­трымка, спакой, упэўненасць, такт дапамагалі настаўніку паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы. С.В.Угляніца выхоўваў дзяцей у духу пераадолення цяжкасцей, вёў іх па шляху ад простага да складанага, ад вывучанага да нявывучанага, г.зн. увесь час ствараў перад вучнямі сістэму перспектыўных напрамкаў у імкненні да самаўдасканалення. Сяргей Васільевіч, як тонкі знаўца дзіцячай душы, з веданнем сваёй справы і ўлікам узроставых асаблівасцей знаходзіў падыход да вучняў, што дазваляла яму ў кожным дзіцяці раскрыць свае магчымасці. Праводзячы шмат асабістага часу з дзецьмі, ён мог знайсці тое, што заставалася схаваным ад іншых. Усё гэта дапамагала дзецям набываць упэўненасць у сабе і сваіх сілах, не толькі на занятках фізкультуры, але і ў жыцці. Гэта загартоўвала характар. Такім чынам, Сяргей Васільевіч стаў для вучняў прыкладам, ідэалам, родным чалавекам, а для некаторых і другім баць­кам. Калегі здзіўляліся, як учарашні студэнт можа валодаць такім педагагічным майстэрствам?

Хутка бяжыць час, расце педагагічны стаж С.В.Угляніцы, а з ім і любоў да выбранай прафесіі. Педагагічнае май­стэрства адшліфоўвалася вопытам і мудрасцю. Але ўпэўненасць у тым, што здароўе — асноўны складнік усяго жыцця і дзейнасці чалавека, застаецца з Сяргеем Васільевічам і сёння. На думку настаўніка, адным з найважнейшых складнікаў фізічнага выхавання школьнікаў з’яўляецца рухальная актыў­насць. Маючы моцны арганізм, удасканальваючы свой фізічны патэнцыял, можна дасягнуць вялікіх поспехаў. Менавіта таму С.В.Угляніца ўдзяляе вялікую ўвагу пазаўрочнай фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці, у тым ліку і ў шосты школьны дзень. Педагагічная скарбонка Сяргея Васільевіча напоўнена цікавымі і нестандартнымі формамі правядзення такіх мерапрыемстваў. Пры гэтым ён абавязкова знаходзіць таленавітага вучня, для таго каб адстаяць гонар школы на спартыўных спаборніцтвах. А часам, здавалася б, з самага неперспектыўнага “злепіць” Дар’ю Домрачаву. Па сваіх педагагічных прынцыпах С.В.Угляніца падобны на савецкага трэнера В.А.Гранжына. Ён заў­сёды верыць у сваіх вучняў і лічыць, што часам і немагчымае — магчыма.

Выхаванцы Сяргея Васільевіча на працягу многіх гадоў запар упэўнена займаюць лідзіруючыя пазіцыі на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Так, напрыклад, сёлета вучні С.В.Угляніцы занялі 2-е месца ў першынстве раёна па кросе, 3-е месца — у першынстве раёна па тэнісе, 3-е месца — у першынстве раёна па лёгкай атлетыцы, 1-е, 2-е і 3-е месцы — у абласных спаборніцтвах на прызы прэзідэнта “Снежны снайпер”. Неаднаразова яго выхаванцы атрымлівалі ўзнагароды рэспубліканскага ўзроўню. Вопыт педагога паказвае, што ва ўмовах правільна арганізаванай сістэмы фізічнага выхавання можна дасягнуць выдатных вынікаў. Пра сваіх вучняў і іх дасягненні гатовы гаварыць Сяргей Васільевіч, бо менавіта яны з’яўляюцца рухавіком яго педагагічнай дзейнасці, толькі дзеля будучыні сваіх выхаванцаў ён працуе і ўдасканальвае свой прафесіяналізм. А самай высокай узнагародай лічыць прызнанне вучняў і іх бацькоў. “Без захопленасці працай, без адданасці ёй, без пастаянных творчых пошукаў, мэтанакіраванасці, смеласці, наватарства ніколі не заслужыць аўтарытэту і любові вучняў, іх глыбокай шчырай павагі”, — лічыць Сяргей Васільевіч.

Закладзеныя ў школе таленавітым настаўнікам спартыўныя традыцыі, у якіх выхоўваецца ўжо не адно пакаленне, неаднаразова садзейнічалі паступленню вучняў на спартыўныя спецыяльнасці. Былі і такія, якія пайшлі па слядах свайго настаўніка — у педагогіку. Так сёння кіраўніком нашай школы з’яўляецца Валянціна Анатольеўна Бандарук, былая вучаніца Сяргея Васільевіча. Гэта якраз той выпадак, калі вучань пераўзышоў свайго настаўніка. Яна з цеплынёй у душы і агеньчыкам у вачах успамінае школьныя гады і, вядома, класнага кіраўніка, настаўніка фізічнай культуры, а таксама яго ўрокі. “Для нас Сяргей Васільевіч быў трэнерам, псіхолагам, масавіком-забаўнікам, сябрам і педагогам! Калі кожнага выпускніка папрасіць успомніць пра Сяргея Васільевіча, то атрымаюцца цэлыя каралі з кампліментаў і цёплых слоў”, — адзначае Валянціна Анатольеўна. А ўсё таму, што душа гэтага настаўніка адкрыта дзецям.

Пра педагагічны талент Сяргея Ва­сілье­віча Угляніцы ведаюць не толькі ў раёне. Мару пра тое, каб імя малой ра­дзімы было вядома за межамі раёна, настаўнік фізічнай культуры ажыццявіў. Сёння ён з’яўляецца актыўным удзельнікам праекта “Буг аб’ядноўвае нас”. Гэта 100-кіламетровы турыстычны маршрут для сплаву на байдарках, які рэалізуецца па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украі­на”.

Калектыў школы ганарыцца Сяргеем Васільевічам Угляніцай і лічыць яго са­праўдным брыльянтам, абрамленнем якога з’яўляюцца яго вучні.

Ала МІНЕВІЧ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Бялінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Драгічынскага раёна
Брэсцкай вобласці.

Фота аўтара.