Будаўніцтва — у разгары

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Вучэбна-­лабараторны корпус і інтэрнат Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ўвядуць да канца наступнага года. З ходам работ пазнаёміўся Намеснік Прэм’ер-­міністра Ігар Петрышэнка.

Тэхнапарк уключае ў сябе тры аб’екты: вучэбна-­лабараторны корпус (пад яго прыстасоўваюць адзін з невыкарыстоўваемых вытворчых будынкаў БНТУ) з сучасным абсталяваннем і ўласнай трансфарматарнай падстанцыяй, інтэрнат на 300 месцаў і агульнаадукацыйную школу на 750 месцаў. Усе яны размесцяцца ў Першамайскім раёне, на тэрыторыі паміж 15­-м корпусам БНТУ і жылым комплексам “Магістр”.

1 верасня гэтага года школа ўжо прыняла першых вучняў — 450 дзяцей з мікрараёна каля ЖК “Магістр”. Асобныя памяшканні выдзелены для заняткаў па праграмах тэхнапарка. “Плануецца, што 300 вучняў дзіцячага тэхнапарка з 1 верасня 2022 года будуць праходзіць тут агульна­адукацыйную праграму, — расказаў Ігар Петрышэнка. — Мы яшчэ абмяркуем элементы дааснашчэння школы для гэтага”.

Намеснік Прэм’ер-­міністра наведаў і будаўнічую пляцоўку вучэбна­-лабараторнага корпуса. Яму паведамілі, што будаўніча-­мантажныя работы ідуць у адпаведнасці з графікам, але ўзнік­лі замінкі з асваеннем сродкаў на закупку абсталявання. Віцэ-­прэм’ера запэўнілі, што аб’ект увядуць у верасні 2022 года. Пас­ля агляду пляцовак адбылася нарада аб хо­дзе работ на аб’ектах і кантролі за гэтым. “Каб была ўзгоднена работа і не было адставання ад графіка — і ў наступным го­дзе мы здалі і адзін аб’ект, і другі”, — адзначыў Ігар Петрышэнка.

З гэтага года дзіцячы тэхнапарк пачаў ужо працаваць як Цэнтр дадатковай адукацыі для матываваных і адораных дзяцей. Гэта месца, дзе школьнікі могуць папрацаваць на найноўшым лабараторным абсталяванні, паз­наёміцца з навукоўцамі, супра­цоўнікамі ПВТ, пазаймацца з універсітэцкімі выкладчыкамі.

“Мы атрымлівалі зваротную сувязь ад бацькоў дзяцей, якія прайшлі навучанне ў тэхнапарку. Яны ўжо на гэтым этапе задаволены ўмовамі пражывання і побыту, тым, што, акрамя заняткаў, дзеці могуць наведваць музеі. А са здачай у наступным годзе аб’ектаў магчымасцей для развіцця юных талентаў стане яшчэ больш”, — адзначыў Ігар Петрышэнка. Паводле яго слоў, на конкурснай аснове навучэнцамі тэхнапарка становяцца навучэнцы з розных рэгіёнаў Беларусі, многія ўжо разві­ваюць свае праекты на базе тэхнапаркаў, цэнтраў дзіцячай творчасці ў сваіх гарадах.

“Мы будзем рабіць усё, каб дзеці, якія прайшлі тут падрыхтоўку, паступалі затым у нашы ўніверсітэты і развівалі нашу навуку, тэхналогіі, тыя сферы, якія запатрабаваны эканомікай. Думаю, мы прадугледзім у рамках падрыхтоўкі нарматыўнай прававой базы пэўныя элементы спрошчанага прыёму ва УВА хлопчыкаў і дзяўчынак, якія паспяхова рэалізавалі свае праекты ў тэхнапарку, — дадаў віцэ-­прэм’ер.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.