Будаваць з добрымі ведамі

Студэнты спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы здалі незвычайны залік — яны прынялі ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства.

— Такі конкурс праводзім на факультэце ўпершыню, — расказвае загадчык кафедры будаўнічай вытворчасці інжынерна-будаўнічага факультэта Дзмітрый Сафончык. — А мэта — праверка якасці падрыхтоўкі студэнтаў па агульнапрафесійных спецыяльных дысцыплінах, павышэнне матывацыі да навучання, актывізацыя пазнавальнай дзейнасці, удасканаленне ўмення выбіраць тыпавыя метады і спосабы выканання прафесійных задач і ацэньваць іх эфектыўнасць і якасць, а таксама прымаць рашэнні ў стандартных і нестандартных сітуацыях. Правядзенне конкурсу дазволіць праверыць як тэарэтычныя веды, так і практычныя навыкі студэнтаў у галіне геадэзічнага суправаджэння будаўніцтва і тэхналогіі выканання каменных работ.

Конкурс уключаў некалькі заданняў. Першы тур — тэарэтычны — складаўся з 15 заданняў. Другі тур — гэта выкананне на працягу трох гадзін практычнага задання, звязанага з уменнем ажыццяўляць геадэзічныя работы, якія выконваюцца пры будаўніцтве розных аб’ектаў. Трэці тур — практычнае заданне, звязанае з уменнем праводзіць і кантраляваць работы, якія выконваюцца пры ўзвядзенні мураваных канструкцый. Пры яго выкананні студэнты дэманстравалі ўменне рабіць цагляную кладку і ацэньваць, як гэта было зроблена на адным з будаўнічых аб’ектаў горада.

Трэцякурснікі Максіміліян Сатараў і Дзмітрый Пальковіч адзначаюць, што ўдзел у такім конкурсе дае магчымасць праверыць свае веды і практычныя навыкі перад адказным перыядам — сесіяй і практыкай. Лета яны плануюць правесці ў будаўнічым атрадзе і рыхтуюцца да гэтага вельмі адказна — атрымалі яшчэ і спецыяльнасць плітачніка. І хоць сярэдні бал у Максіміліяна амаль восем, ён гаворыць, што пытанні тэарэтычнага тура былі вельмі складанымі. Але ўдзельнічаць у конкурсе варта, таму што за якаснае выкананне заданняў можна атрымаць дадатковыя балы ў рэйтынг і, вядома, павысіць веды.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.