Будучая педагагічная эліта фарміруецца ў школе

Днямі ў вядучай педагагічнай УВА краіны — БДПУ імя Максіма Танка — адбылася ІІ Рэспубліканская канферэнцыя “Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы”, на якой былі падведзены вынікі работы класаў і груп педагагічнай накіраванасці і вызначаны перспектывы педагагічнай прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. На яе былі запрошаны больш за 300 настаўнікаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, у якіх адкрыты педагагічныя класы, а таксама прадстаўнікі ўпраўленняў адукацыі, інстытутаў развіцця адукацыі, выкладчыкі і студэнты. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Т.Р.Якубовіч.

Адкрываючы пленарнае пасяджэнне, рэктар БДПУ імя Максіма Танка А.І.Жук адзначыў, што ўсіх тых, хто сабраўся ў зале, аб’яднала агульная місія — стварэнне сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі, у аснове якой — профільная падрыхтоўка будучых педагогаў яшчэ са школьнай лаўкі. У 2017 годзе адбыўся першы выпуск навучэнцаў педагагічных класаў (каля 1500 чалавек па ўсёй краіне). Для вучняў 10-х педкласаў і груп 111 школ краіны завяршыўся першы навучальны год.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася намеснік міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка. Яна падкрэсліла, што два гады назад было прынята абсалютна правільнае рашэнне наконт адкрыцця педагагічных класаў. “Каб паглядзець у будучыню, выбудаваць далейшую работу, трэба азірнуцца назад, зразумець, што атрымалася. У натуральным жывым працэсе не можа не быць памылак, недакладнасцей, пытанняў, адказы на якія не заўсёды знаходзяцца адразу, — падкрэсліла Раіса Станіславаўна. — Педагагічныя класы — сапраўдная знаходка, у іх вучацца старшакласнікі, на якіх мы глядзім з вялікай надзеяй і ўпэўненасцю ў тым, што менавіта яны змогуць зрабіць тое, што сёння нам, магчыма, удаецца зрабіць не ў поўнай меры”.

Удзельнікам канферэнцыі быў прадстаўлены відэаролік пад назвай “Выпускны альбом”, у якім знайшлі адлюстраванне самыя яркія моманты школьнага жыцця педагагічных класаў: фрагменты факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, першыя педагагічныя пробы, інтэрв’ю абітурыентаў, якія праходзілі субяседаванне падчас прыёмнай кампаніі ва ўніверсітэт, іх меркаванні аб перавагах вучобы ў педагагічных класах.

Па словах А.І.Жука, высокая якасць чалавечага капіталу як асноўнага дзяржаўнага рэсурсу можа быць дасягнута пры ўмове якаснай прафесійнай адукацыі па ўсіх напрамках і спецыяльнасцях. Таму найважнейшая задача ўніверсітэтаў — пошук, адбор і прыцягненне не проста добра падрыхтаваных, але і ўнутрана матываваных на выбар той ці іншай спецыяльнасці абітурыентаў, якія маюць усвядомленую і ўстойлівую цікавасць да выбранай сферы прафесійнай дзейнасці.

“Мы добра разумеем, што ад таго, якія студэнты прыйдуць сёння на педспецыяльнасці, залежыць, які настаўнік прыйдзе ва ўстановы адукацыі ў будучыні, — сказаў Аляксандр Іванавіч. — У краіне вядзецца сістэмная і мэтанакіраваная работа па прыцягненні на педагагічныя спецыяльнасці моцных і матываваных абітурыентаў. Ключавым фактарам, што істотна змяніў сітуацыю з кантынгентам, які паступае на педагагічныя спецыяльнасці, стала ўвядзенне профільнага навучання педагагічнай накіраванасці”.

Больш за два гады назад БДПУ імя Максіма Танка выступіў з ініцыятывай увядзення профільнай педагагічнай падрыхтоўкі ў 10—11 класах, якая знайшла падтрымку на дзяржаўным узроўні. Першыя педагагічныя класы і групы былі адкрыты ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ў 2015/2016 навучальным годзе. Назіраецца ўстойлівая дынаміка росту педагагічных класаў па ўсёй краіне. Сёлета іх колькасць павялічылася больш чым у тры разы (колькасць педкласаў і груп складае больш за 440, навучэнцаў — каля 4700). Гэтая тэндэнцыя гаворыць пра папулярнасць і запатрабаванасць напрамку профільнай педагагічнай падрыхтоўкі. Па колькасці педагагічных класаў і груп лідзіруюць Мінская вобласць, Мінск і Гродзенская вобласць.

А.І.Жук вылучыў тры асноўныя ўмовы, дзякуючы якім працэс профільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў аказаўся эфектыўным: дакладны адбор і канструяванне зместу профільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў, выкарыстанне кластарнага ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых, дзяржаўная падтрымка дзейнасці педагагічных класаў. Што тычыцца апошняй умовы, то з гэтага года падпісаны ўказ прэзідэнта аб змяненні правіл паступлення на педагагічныя спецыяльнасці УВА. Выпускнікі педкласаў, якіх рэкамендавалі педагагічныя саветы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія маюць у атэстаце не ніжэй за 8 балаў па профільных прадметах і не ніжэй за 7 балаў па ўсіх астатніх, маюць права паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў па выніках субяседавання.

Нягледзячы на асаблівы парадак паступлення на педагагічныя спецыяльнасці, масавага прытоку абітурыентаў сёлета не было. І гэта не стала нечаканасцю. Па-першае, гэта абвяргае меркаванні скептыкаў пра педкласы як лёгкадаступны спосаб трапіць ва УВА. Па-другое, гэта карэлюе з намерамі тых старшакласнікаў, якія абдумана прыйшлі ў педагагічныя класы. У цэлым па Беларусі ва УВА, па папярэдніх даных, паступілі 660 выпускнікоў педагагічных класаў, з іх 230 чалавек — на педагагічныя спецыяльнасці. Правам паступаць без экзаменаў па выніках субяседавання ў БДПУ імя Максіма Танка скарысталіся 107 абітурыентаў. Усяго паступіла 130 выпускнікоў педкласаў. У выніку ў педагагічны ўніверсітэт прыйшлі дастаткова моцныя выпускнікі з сярэднім балам атэстата не ніжэй за 8,5. Па пяці спецыяльнасцях прахадныя балы склалі больш за 310. Такога не было за ўсю гісторыю ўніверсітэта.

“Мы, з аднаго боку, рады станоўчай дынаміцы, з другога боку, добра ўсведамляем усю ступень адказнасці за забеспячэнне высокай якасці адукацыі нашых студэнтаў. Для нас вельмі важна, што тыя вучні, якія прыйшлі да нас з педкласаў, — гэта асаблівая катэгорыя абітурыентаў. Іх выбар дакладна прадуманы і ўсвядомлены, — адзначыў Аляксандр Іванавіч. — Увогуле, ідэя арганізаванай сістэмнай падтрымкі старшакласнікаў у прафесійным самавызначэнні на карысць педагагічнай прафесіі сябе апраўдала. Эфектыўнасць профільнай педагагічнай падрыхтоўкі заключаецца ў тым, што ўжо ў школе паступова фарміруецца будучая прафесійная педагагічная эліта”.

Важным сацыяльным эфектам профільнай педагагічнай падрыхтоўкі з’яўляецца развіццё ў навучэнцаў сацыяльна-асобасных кампетэнцый, неабходных любому чалавеку ў жыцці: камунікатыўныя і аратарскія навыкі, здольнасць будаваць і падтрымліваць канструктыўныя міжасобасныя зносіны, кіраваць канфліктамі, упэўненасць у сабе, стрэсаўстойлівасць. Гэта адзначаюць практычна ўсе навучэнцы педкласаў і груп. На думку А.І.Жука, у сувязі з гэтым трэба сур’ёзна падумаць аб магчымасці ўвядзення ва ўсіх старшых класах школ і гімназій чалавеказнаўчых курсаў, накіраваных на самапазнанне, самавызначэнне асобы, падобных факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Дарэчы, аб развіццёвым патэнцыяле факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію” расказаў адзін з аўтараў гэтай праграмы, доктар псіхалагічных навук, прафесар БДПУ А.П.Лабанаў.

Па словах выпускніцы педагагічнага класа, а зараз студэнткі 1 курса Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Дар’і Багушэвіч, перавагі навучання ў профільным класе відавочныя: магчымасць вывучэння факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, дзякуючы якому старшакласнікі набываюць карысныя псіхолага-педагагічныя веды, неабходныя ім у далейшым жыцці, у навучэнцаў фарміруюцца арганізатарскія здольнасці, лідарскія якасці; выпрабаванне сябе ў працэсе прафесійных проб (пры правядзенні фрагментаў урокаў была прадастаўлена магчымасць акунуцца ў свет настаўніцтва, апынуцца па той бок парты). Яшчэ адна перавага навучання ў педкласе — удзел у конкурсах і праектах, якія прадаставілі магчымасць не толькі раскрыць у сабе творчасць і крэатыўны складнік, але і магчымасць самарэалізацыі. Сярод цяжкасцей вучобы ў педкласе — недастатковая матываванасць некаторых навучэнцаў, няпэўныя перспектывы паступлення. Дар’я ўнесла прапанову: падчас другога года навучання ў педкласе ў межах факультатыўных заняткаў прадугледзець магчымасць па індывідуальна складзеным графіку наведваць лекцыі і практычныя заняткі ва УВА па спецыяльнасці.

Дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт І.У.Шасцітка прадставіла прысутным партрэт педагога, які працуе ў класе педагагічнай накіраванасці. У большасці сваёй гэта настаўнікі-прадметнікі, намеснікі дырэктараў або педагогі-псіхолагі — педагогі, апантаныя прафесіяй, здольныя запаліць і павесці за сабой. Часцей за ўсё назіраецца ўсвядомлены выбар работы ў педкласе. Матывы дзейнасці педагогаў — папулярызацыя педпрафесіі, распаўсюджванне вопыту, а часам і распараджэнне адміністрацыі. Большасць педагогаў выкарыстоўваюць актыўныя формы работы. Яны добра разумеюць, што, каб працаваць у педагагічным класе, уяўляць, як успрымаецца змест навучання школьнікамі, трэба самому асвоіць гэты змест з пазіцыі слухача.

Настаўнікі, якія працуюць у педкласах, адзначаюць, што ідэя арганізаванай сістэмнай падтрымкі старшакласнікаў у прафесійным самавызначэнні на карысць педагагічнай прафесіі сродкамі факультатыву сябе апраўдала. У працэсе навучання з’яўляецца магчымасць стварыць умовы для прафесійнага самавызначэння моладзі яшчэ ў перыяд навучання ў школе і фарміравання пазітыўнай устаноўкі на выбар педагагічнай прафесіі.

Як адзначалася, прафарыентацыйную работу па прыцягненні школьнікаў у педагагічныя класы неабходна пачынаць як мага раней, ужо на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Гаворка ідзе аб прапедэўтычнай рабоце са школьнікамі 5—9 класаў па арыентацыі на ўсвядомлены выбар педагагічнага профілю. Універсітэт выступіў ініцыятарам распрацоўкі рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Праект разлічаны на тры гады. Жаданне стаць удзельнікамі гэтага праекта выказалі 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 5 абласцей і Мінска, у тым ліку 8 школ-лабараторый кластара. Падрабязна аб праекце расказала начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка А.В.Поёзняк.

Мэта эксперыментальнага праекта — падрыхтаваць навучэнцаў да ўсвядомленага выбару педпрофілю на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі, стварыць умовы для іх паспяховай адаптацыі ў педкласах і сфарміраваць устойлівыя станоўчыя адносіны да педагагічнай працы. Змест дапрофільнай педпадрыхтоўкі рэалізуецца па трох асноўных вектарах: работа з навучэнцамі, работа з педагогамі і работа з бацькамі. Для навучэнцаў эксперыментальных груп арганізаваны факультатыўныя заняткі. Так, у 5—7 класах змест гэтых заняткаў накіраваны на развіццё цікавасці навучэнцаў да педагагічнай дзейнасці, фарміраванне першых уяўленняў аб сваіх магчымасцях, а ў 8—9 класах галоўным вынікам асваення зместу заняткаў з’яўляецца развіццё здольнасцей, якія дэтэрмінуюць паспяховасць далейшага навучання ў профільных педкласах. Асабліва эфектыўнымі з’яўляюцца актыўныя формы і спосабы арганізацыі дапрофільнай педпадрыхтоўкі: праектная работа, дзелавая гульня, трэнінг, дыскусія і г.д.

Вопытам арганізацыі дзейнасці класаў і груп педагагічнай накіраванасці падзяліліся педагогі. Аб асаблівасцях педагагічнай прафілізацыі Міншчыны расказала рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі С.У.Сітнікава. Пра шматгадовую сістэмную работу па прыцягненні дзяцей да педагагічнай прафесіі паведаміў дырэктар гімназіі № 20 Мінска Л.І.Абрамаў (гімназія з’яўляецца не толькі адной з першых школ-лабараторый кластара, але і адной са школ краіны, дзе яшчэ ў 90-я гады былі адкрыты педагагічныя класы). Педагогі і навучэнцы сярэдняй школы № 126 Мінска падрыхтавалі прэзентацыю “Жывая газета” пра дзейнасць 5—9 эксперыментальных класаў.

На думку А.І.Жука, перспектыўным напрамкам педагагічнай прафілізацыі з’яўляецца далейшае ўдасканаленне працэсаў профільнага навучання педнакіраванасці намаганнямі ўсіх зацікаўленых. Неабходна таксама шукаць магчымасці для абмену станоўчым вопытам, ствараць адукацыйную прастору, якая арыентавала б на выбар педпрафесій, распаўсюджваць вопыт работы па дапрофільнай падрыхтоўцы праз патэнцыял школ-лабараторый кластара. Важна таксама разгледзець магчымасці скарачэння тэрміну адпрацоўкі пасля размеркавання для выпускнікоў педспецыяльнасцей да 2—3 гадоў або замацаванне нормы выдачы мэтавых накіраванняў на педспецыяльнасці толькі выпускнікам профільных педкласаў, бо сёння мэтавыя накіраванні часам атрымліваюць абітурыенты, якія маюць вельмі нізкія балы.

***

У межах канферэнцыі працавалі пяць дыскусійных пляцовак для розных катэгорый удзельнікаў (кіраўнікоў, педагогаў, псіхолагаў, прадстаўнікоў УВА, навучэнцаў педагагічных класаў), адбылася серыя майстар-класаў, дзе былі прадстаўлены найбольш эфектыўныя формы і метады профільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў.

Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з экспазіцыяй дасягненняў педагагічных класаў школ-лабараторый вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара. Навучэнцы педагагічных класаў 13 школ-лабараторый, прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны прадставілі свае партфоліа, дыпломы, сертыфікаты, узнагароды, пазнаёмілі з вынікамі праекта “Лідар”, які нядаўна завяршыўся. На выставе можна было пазнаёміцца з відэаматэрыяламі, публікацыямі, аўтарскімі і калектыўнымі метадычнымі распрацоўкамі педагогаў, якія працуюць у педкласах.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *