Будучых педагогаў навучаць гуляць у шахматы

- 11:28Вышэйшая школа

24 мая ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максім Танка прайшоў Дзень здароўя. У яго праграму ўвайшлі эстафета, спартакіяда, народныя гульні, начное арыентаванне. Падчас свята быў анансаваны новы праект “Шахматны дэбют”.

На стадыёне ўсе роўныя: студэнцкія каманды па міні-футболе супрацьстаялі камандам выкладчыкаў (дарэчы, жаночая зборная выкладчыкаў выйшла на поле ўпершыню ў гісторыі ўніверсітэта!). Побач каманды факультэтаў вызначалі лепшага ў спартландыі і лёгкаатлетычнай эстафеце. Адной з “фішак” Дня здароўя сталі спартыўныя “Крыжыкі-нолікі”, удзельнікі якіх павінны былі не толькі абхітрыць, але і абагнаць саперніка.

Гледачы маглі назіраць за беларускімі народнымі гульнямі “Пекар” і “Пальчатка”, сачыць за выкананнем творчых і спартыўных заданняў у “АРТ-кросе”, а маглі і самі ўзяцца за справу — згуляць у дартс ці пакруціць хулахуп.

Галоўнае спаборніцтва адбывалася не на газоне ці бегавой дарожцы, а за расстаўленымі ланцужком сталамі: выкладчыкі згулялі супраць студэнтаў у шахматы. Такая ўвага да гэтай гульні недарэмная. У Дзень здароўя рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук і старшыня Беларускай федэрацыі шахмат Настасся Сарокіна анансавалі сумесны спартыўна-адукацыйны праект “Шахматны дэбют”.

— Першага верасня мы разам з Беларускай федэрацыяй шахмат пачнём рэалізоўваць важны спартыўна-адукацыйны праект, звязаны з выкладаннем шахмат у пачатковай школе. Для нашых студэнтаў — не толькі факультэта пачатковай адукацыі, але і іншых факультэтаў — мы прапануем факультатыўны курс па навучанні гульні ў шахматы, — расказаў Аляксандр Іванавіч.

— У 2022 годзе Беларусь рыхтуецца прымаць міжнародны шахматны форум — Сусветную шахматную алімпіяду, у якой прымуць удзел 2000 спартсменаў з 200 краін. На працягу трох тыдняў яны будуць гуляць у Мінску, — падкрэсліла Настасся Сарокіна. — І, канечне, каб падрыхтавацца да такога форуму, нам патрэбна ваша падтрымка, бо ўсё пачынаецца з педагогаў. Мы запрашаем вас у праект “Шахматны дэбют”, каб навучыцца гуляць у шахматы і вучыць гэтаму іншых.

На курсе будуць выкладаць методыку навучання шахматам, каб хутка падрыхтаваць настаўнікаў, якія змогуць вучыць гэтай гульні школьнікаў. Пасля настаўнікі атрымаюць магчымасць далучыцца да праекта “Шахматны свет”, што праводзіць Беларуская федэрацыя шахмат разам з Міністэрствам адукацыі, Міністэрст­вам спорту і турызму, Беларускім фондам міру.

Будучыя педагогі з цікавасцю ставяцца да новага праекта. Напрыклад, студэнт 3 курса фізіка-матэматычнага факультэта Сяргей Касач, які таксама паўдзельнічаў у таварыскай сустрэчы па шахматах, гуляе ў іх з шасці гадоў і штогод удзельнічае ў міжфакультэцкіх і міжуніверсітэцкіх спаборніцт­вах. Ён плануе далучыцца да праекта, бо ўпэўнены, што шахматы развіваюць тактычнае, стратэгічнае, лагічнае  мысленне і робяць чалавека псіхалагічна больш устойлівым.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.