Будучых педагогаў трэба расціць у сваіх установах

- 12:34Планёрка ў рэгіёне, Рознае

Учора Слуцк гасцінна прымаў удзельнікаў абласной педагагічнай нарады. І гэта невыпадкова. За апошнія пяць гадоў педагогамі раёна падрыхтаваны 5 пераможцаў міжнародных алімпіяд, 27 — рэспубліканскай, 14 пераможцаў навукова-даследчых конкурсаў. Не толькі па вобласці, але і на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях вядомы імёны Уладзіслава Гадалава (сярэдняя школа № 11 Слуцка), Яўгена Белавусава, Валерыі Махлай, Аляксея Крата (гімназія № 1 Слуцка), Настассі Маргун, Нічыпара Лазоўскага (выпускнікоў гімназіі № 1 Слуцка), Цімафея Раманоўскага (выпускніка сярэдняй школы № 12 Слуцка). Як падрыхтавалася сістэма адукацыі Случчыны да новага навучальнага года, як адпачылі навучэнцы і педагогі летам і з якім настроем чакаюць 1 верасня, наш карэспандэнт гутарыць з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама Андрэем Васільевічам НЯДЗЕЛЬКАМ.

— Андрэй Васільевіч, ці падрыхтавалася сістэма адукацыі раёна да новага навучальнага года?

— Адна з асноўных задач нашай работы — стварыць ва ўстановах бяспечныя і камфортныя ўмовы для знаходжання дзяцей, таму падрыхтоўка да новага навучальнага года традыцыйна пачынаецца напрыканцы папярэдняга навучальнага года. Плануюцца першачарговыя мерапрыемствы, асноўныя віды работ. На балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму знаходзіцца 87 устаноў. Да 1 верасня неабходна было правесці не толькі касметычныя рамонты ва ўстановах, але і такія сур’ёзныя і расходныя работы, як замена даху, электраправодкі, рамонт водаправодаў, агульнабудаўнічыя работы. За гэтае лета ў 45 установах праведзены рознага віду работы. Работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў не спыняецца і зараз: працягваюцца рамонты мяккіх дахаў, вядзецца ўцяпленне фасадаў. На пачатак жніўня на будаўнічыя работы выдаткавана 570 466,98 рублёў. Набыты камп’ютарны клас, лінгафонны кабінет, іншае вучэбнае абсталяванне, неабходнае для арганізацыі якаснага адукацыйнага працэсу.

Педагогі Случчыны — людзі неабыякавыя. Яны хварэюць душой за свае школы, дзіцячыя садкі, хочуць бачыць іх добраўпарадкаванымі, эстэтычна аформленымі, камфортнымі. Настаўнікі прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да новага года: займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый устаноў, касметычным рамонтам у класах, афармленнем памяшканняў.

Нашы педагогі выкарыстоўвалі летні час для павышэння свайго прафесійнага ўзроўню. Асноўныя напрамкі, па якіх яны прайшлі падрыхтоўку, — гэта выкарыстанне ІКТ, арганізацыя адукацыйнага працэсу, профільнае навучанне, методыка вучэбнага даследавання па прадмеце. Вялікае распаўсюджванне набывае дыстанцыйнае навучанне, калі педагог можа практычна дома атрымліваць кансультацыі, метадычную дапамогу і суправаджэнне, удзельнічаць у вэбінарах.

— Як быў арганізаваны адпачынак дзяцей летам?

— У Слуцкім раёне летам аздаравіліся 3377 навучэнцаў: у лагерах з дзённым знаходжаннем — 2280 навучэнцаў, у кругласутачных — 1097, з іх у лагерах працы і адпачынку — 44, у профільным — 121, у выязных палатачных — 180. Для арганізацыі вольнага часу непаўналетніх летам была спланавана работа ўстаноў дадатковай адукацыі і ўстаноў культуры, пакояў па месцы жыхарства. Летам не пераставалі працаваць спартыўныя залы і школьныя стадыёны. Асаблівую ўвагу ўдзяляем навучэнцам, якія стаяць на розных відах уліку. Імкнёмся заняць іх вольны час, прыцягнуць да цікавай дзейнасці, заняткаў спортам. Ужо на працягу пяці гадоў мы арганізоўваем адпачынак у раённым аздараўленчым лагеры “Зенітчык” разам са Слуцкім раённым цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, валанцёрамі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Слуцкім цэнтрам турызму, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

— Як у раёне вырашаецца пытанне арганізацыі профільнага навучання?

— Адной з асноўных задач адукацыі на сучасным этапе з’яўляецца павышэнне якасці падрыхтоўкі выпускнікоў устаноў адукацыі. На мой погляд, галоўным механізмам у гэтым павінны стаць дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне. Установы адукацыі Слуцкага раёна распрацавалі пэўны алгарытм увядзення профільнага навучання: анкетаванне навучэнцаў, прафарыентацыйныя гутаркі, псіхалагічнае тэсціраванне, інфармаванне навучэнцаў, бацькоў па пытаннях залічэння ў профільны клас, класныя гадзіны, бацькоўскія сходы і г.д. Навучэнцы і іх бацькі вельмі ўдумліва падышлі да выбару профілю навучання, улічваючы і здольнасці, і далейшую арыентацыю на прафесію. У выніку ў 2015/2016 навучальным годзе была прынята рэгіянальная мадэль профільнага навучання, якой ахоплена 12 устаноў адукацыі. 206 навучэнцаў 10-х класаў вывучалі прадметы на павышаным узроўні. У асноўным навучэнцы выбралі такія прадметы, як матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, руская, беларуская і замежная мовы. Профільнае навучанне садзейнічае стварэнню ўмоў для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў, дае магчымасць пабудаваць адукацыйны працэс на аснове дыферэнцыяцыі, індывідуалізацыі навучання. На працягу навучальнага года ва ўстановах была арганізавана работа метадычнай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў па пастаянным суправаджэнні дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. Акрамя таго, у раёне працуюць класы прафесійнай накіраванасці: педагагічнай, ваенна-патрыятычнай, спартыўнай, па спецыяльнасці “Трактарыст-машыніст катэгорыі “А”. У такіх класах найбольш поўна ўлічаны інтарэсы навучэнцаў у выбары будучай прафесіі.

Калі гаварыць аб адраджэнні педагагічных класаў, то гэтая ідэя была падтрымана педагогамі Случчыны. У раёне ўжо быў напрацаваны падобны вопыт, які стаў вялікай падмогай у падрыхтоўцы педагагічных кадраў. У Грэскай сярэдняй школе яшчэ ў 1991 годзе быў арганізаваны першы педагагічны клас. Больш за 180 выпускнікоў грэскіх педагагічных класаў сёння працуюць у сістэме адукацыі. У 2015/2016 навучальным годзе мы адкрылі ў гэтай школе педагагічны клас, у якім вучацца 15 навучэнцаў з розных устаноў адукацыі раёна. Адрамантаваны інтэрнат, створаны сучасныя якасныя ўмовы для пражывання, навучання дзяцей. Педагагічным калектывам вядзецца работа па ўключэнні школы ў эксперыментальны рэспубліканскі праект БДПУ імя Максіма Танка па апрабацыі мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

У новым навучальным годзе плануем працягнуць работу педагагічнага класа ў Грэскай сярэдняй школе і адкрыць педагагічны клас у сярэдняй школе № 12 Слуцка. Лічу, што будучых педагогаў трэба расціць у сваіх установах адукацыі, мэтанакіравана рыхтаваць да ўсвядомленага выбару такой адказнай прафесіі.

— Зараз у краіне праходзяць жнівеньскія нарады. Якія праблемы хвалююць педагагічную грамадскасць Случчыны?

— Для педагагічнай грамадскасці Случчыны жнівеньскія сустрэчы — гэта важны этап у пабудове адукацыйнага працэсу, вызначэнні перспектыўных напрамкаў работы на навучальны год. Сёлета тэма раённай педагагічнай канферэнцыі — “Адукацыя і развіццё: ад умоў да выніку”.

Напярэдадні новага навучальнага года нас хвалююць пытанні развіцця сістэмы адукацыі. Напрыклад, якімі перавагамі перад іншымі абітурыентамі будуць валодаць выпускнікі педагагічных класаў (груп) пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці ў 2017 годзе? Цікавяць таксама пытанні, якія тычацца работы ўстаноў дадатковай адукацыі: ці плануецца адкрыць ва ўстановах вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі спецыяльнасць “Педагог дадатковай адукацыі”, ці разглядаецца пытанне аб перадачы ўсіх гадзін гуртковай работы ўстановам дадатковай адукацыі, ці магчыма павелічэнне адпачынку педагогам дадатковай адукацыі? Згодна з палажэннем аб установе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, пры асваенні праграм на павышаным узроўні навучэнцам выдаецца пасведчанне ўстаноўленага ўзору. Ці будуць у абітурыента, які мае такое пасведчанне, перавагі пры паступленні па гэтым профілі ва ўстановы вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі? Упэўнены, што дзякуючы прафесіяналізму і адказнасці ўсіх работнікаў сістэмы мы выканаем задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы і Міністэрствам адукацыі.

Педагагічны калектыў Случчыны віншуе ўсіх работнікаў сістэмы адукацыі нашай краіны з пачаткам новага навучальнага года. Ад усёй душы жадаем усім здароўя і дабрабыту, настойлівасці і цярпення, вялізнага асабістага і прафесійнага шчасця. Няхай гэты навучальны год будзе для ўсіх паспяховым!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.