Будучыня беларускага біятлона: дастойная змена

- 14:19Спартыўныя падзеі

Фінал Кубка Беларускай федэрацыі біятлона і Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў па біятлоне прайшлі 22—23 лютага ў Гарадку.

Ва ўрочышчы Вараб’ёвы горы на лыжаролернай трасе, якая з’яўляецца базай Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту, за перамогу змагаліся лепшыя маладыя біятланісты краіны — юнакі і дзяўчаты 2001—2008 гадоў нараджэння. У першы дзень спаборніцтваў праграма прадугледж­вала гонкі з мас-стартам, у другі адбыліся змешаныя эстафеты. Спарт­сменаў актыўна падтрымлівалі шматлікія балельшчыкі. Яны насамрэч пацвердзілі, што біятлону пакорныя ўсе ўзросты і сацыяльныя статусы: з трыбуны насупраць стартавага і фінішнага створу, уздоўж трасы за ходам гонак з імпэтам сачылі навучэнцы і студэнты, дырэктары ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі аблвыканкама, мясцовых органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны працы, сямейныя пары з дзецьмі. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў павіншаваў пераможцаў і пажадаў ім высокіх спартыўных дасягненняў, а арганізатарам выказаў шчырую ўдзячнасць за выдатнае спартыўнае свята. Дарэчы, удзельнікі стартаў, іх трэнеры, суддзі спаборніцтваў былі адзінадушныя ў высокай ацэнцы якасці трасы і снежнага пакрыцця: з улікам надвор’я ў гэтым плане праведзена сапраўды тытанічная работа. Непадалёк асноўнага месца дзеяння размясціліся пункты грамадскага харчавання, палаткі з сувенірнай прадукцыяй, фотазоны і пляцоўкі з зімовымі забавамі. Усіх жадаючых запрашалі паласавацца смачнай кашай з палявой кухні, духмяным чаем, выпечкай і дранікамі, прадэгуста­ваць мясцовыя каўбасы і вэнджаніну, паўдзельнічаць у рухавых гульнях і нават наведаць рэзідэнцыю Снягуркі. Непасрэдна ў спаборніцтвы “пярчынку” ўносіла і тое, што пераможцаў асабістых залікаў па традыцыі чакала асобная ўзнагарода: у мінулым годзе гэта была паездка на зборы ў Аўстрыю, а сёлета — на этап Кубка свету ў Кантыялахці. У рамках Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў тройку лідараў (1—3-е месцы адпаведна) склалі Гродзенская, Віцебская і Магілёўская вобласці. Пераможцай фіналу Кубка Беларускай федэрацыі біятлона трэці раз (спаборніцтва праводзіцца таксама трэці раз) стала каманда Віцебшчыны.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.