Будучыня дадатковай адукацыі

- 9:00Дадатковая адукацыя

Пра прыярытэты і сучасныя тэндэнцыі развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі днямі гутарылі супрацоўнікі сталічных і рэспубліканскіх устаноў дадатковай адукацыі. Чым натхняюцца школьнікі пасля ўрокаў? Якім аб’яднанням па інтарэсах аддаюць перавагу сёння? Якія аб’яднанні адкрыюцца для іх заўтра? На гэтыя і іншыя пытанні адказалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі.

“Сёння ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — гэта цэнтры, дзе кожнае дзіця, падлетак, малады чалавек шукае і знаходзіць нешта важнае і неабходнае асабіста яму для творчай самарэалізацыі, — адзначыла Ларыса Анатольеўна Ісачкіна, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, і прадставіла карціну папулярнасці дадатковай адукацыі ў лічбах: — У сістэме нашай краіны налічваецца 270 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсіх тыпаў. З іх 184 — шматпрофільныя ўстановы дадатковай адукацыі і 86 аднапрофільных (сярод іх 10 цэнтраў тэхнічнай творчасці, 14 — экалагічнага, 38 — турыстычна-краязнаўчага, 19 — фізкультурна-спартыўнага  і 5 цэнтраў іншых профіляў). Творчыя аб’яднанні калектываў устаноў дадатковай адукацыі разнапланавыя як па кірунках дзейнасці, так і па змесце. Сярод іх музычныя, харавыя, тэатральныя, фальклорныя, аб’яднанні выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, інтэлектуальныя клубы і КВЗ, а таксама цыркавога мастацтва і г.д. Усяго ва ўстановах дадатковай адукацыі налічваецца 32 197 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаюцца 391 706 навучэнцаў”.

Сяргей Міхайлавіч Сачко, дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, засяродзіў увагу прысутных на стварэнні арганізацыйна-метадычных умоў для эфектыўнага развіцця дадатковай адукацыі па тэхнічным, спартыўна-тэхнічным, матэматычным, сацыяльна-эканамічным профілях, якімі займаецца Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. “Сёння мы рэалізуем дзве адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і адукацыйную праграму дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі. У 2021/2022 навучальным годзе па нашых профілях займаюцца больш за 39 тысяч навучэнцаў у 3300 аб’яднаннях па інтарэсах. І трэба сказаць, што ўсе праграмы, якія распрацаваны на сённяшні дзень, напаўняюцца новым зместам, з улікам дынамікі развіцця ўсяго свету, мабільнасці грамадства. Так, наша ўстанова прыкладвае ўсе намаганні, каб інавацыйныя кірункі развіваліся ў нашай рэспубліцы. Канечне, сёння дзейнічаюць і традыцыйныя профілі (у асноўным звязаныя з мадэляваннем), але каля 70 працэнтаў аб’яднанняў працуюць у інавацыйным кірунку. Так, адным з прыярытэтных кірункаў развіцця нашай установы з’яўляецца праектная дзейнасць. Калі казаць пра аб’яднанні па інтарэсах, то гэта такія як “Прататыпаванне”, “Робататэхніка”, “Допоўненая віртуальная рэальнасць”, якія напоўнены інфармацыйнымі тэхналогіямі. Тут асноўная наша мэта — падтрымаць дзяцей, у якіх зараджаецца пэўны праект, даць ім штуршок для развіцця гэтага праекта. Усе намаганні педагогаў накіраваны на развіццё інжынернага мыслення дзіцяці. Мы прасочваем увесь ланцужок — ад зараджэння ідэі да атрымання канчатковага прадукту. Сёння ў рэспубліцы Міністэрствам адукацыі ствараюцца STEM-цэнтры (іх будзе каля 150). Цяпер яны напаўняюцца адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базай, абмяркоўваюцца праграмы, якія будуць развівацца ў гэтых цэнтрах”. 

Важна не толькі прапанаваць такія кірункі, але і знайсці для іх зацікаўленых навучэнцаў. На гэта накіравана работа іншых устаноў. Так, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі з’яўляецца апорна-метадычнай пляцоўкай Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка па адборы дзяцей на адукацыйныя праграмы. Як расказала Ірына Уладзіміраўна Тамашэўская, намеснік дырэктара па інавацыйнай дзейнасці Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, тут пастаянна павялічваецца колькасць гурткоў па робататэхніцы, электроніцы, архітэктуры, дызайне, судна- і авіямадэляванні, шахматах, авія- і мотаспорце. У гэтым годзе пачалі працаваць такія аб’яднанні, як “Я ў мамы інжынер”, “Першы крок у IT”, “Кібербяспека і лічбавая пісьменнасць” і інш. 

“Сёння як у нашым палацы, так і ў гарадской прасторы ўстаноў дадатковай адукацыі вялікая роля адводзіцца інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям. У нас ідзе актыўная работа па стварэнні інфармацыйнага цэнтра”, — адзначыла І.У.Тамашэўская. 

Алена Уладзіміраўна Ануфровіч, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, расказала пра развіццё такога кірунку, як турызм і краязнаўства. У прыватнасці, яна расказала пра папулярнасць сярод моладзі спартыўнага арыентавання, турызму, скалалажання, а таксама пра пашырэнне ў краіне сеткі скаладромаў. Не менш актыўна, па яе словах, пашыраецца і сетка “зялёных школ” — у цяперашні час у яе ўваходзяць больш за 500 устаноў адукацыі. У межах гэтага праекта ў краіне створана добрая рэсурсная база, абсталяваны лабараторыі, у кожнай вобласці дзейнічаюць метэастанцыі, на базе якіх дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах “Юныя сіноптыкі”. Самі ж навучэнцы маюць магчымасць уплываць на вырашэнне вострых праблем у экалогіі. Так, у верасні прайшоў Рэспубліканскі маладзёжны форум “Зялёная эканоміка — паспяховая будучыня”, на якім навучэнцы зялёных школ з усёй рэспублікі разам вызначалі асноўныя кірункі развіцця зялёнай эканомікі ў 2021—2025 гадах і шляхі дасягнення Мэт устойлівага развіцця. Усе іх прапановы былі накіраваны ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, і ў далейшым будзе распрацавана праграма па рабоце з моладдзю па зялёнай эканоміцы.

Напярэдадні асенніх канікул спікеры расказалі, як будуць працаваць іх установы ў гэты перыяд. У прыватнасці, яны не толькі прапануюць дзецям больш зручны час для заняткаў у іх аб’яднаннях па інтарэсах, але і прадаставяць дзецям яшчэ большы выбар, а таксама забаўляльныя мерапрыемствы, праўда, разлічаныя не на масавы ўдзел, а на невялікія групы. Дарэчы, некаторыя ўстановы будуць працаваць нават у нядзелю. Для тых, хто хоча адпачыць дома, на платформе “Патрыёт.by” (https://patriot.rcek.by) будзе запушчаны новы праект “Канікулы анлайн”. Штодзень тут будуць прапанаваны да прагляду фільмы, віртуальныя экскурсіі, конкурсы, розныя мерапрыемствы, да якіх могуць далучыцца ўсе жадаючыя. Шмат анлайн-актыўнасцей на канікулах установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прапануюць і на сваіх сайтах.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.