Будучыня прафесіі, якая абапіраецца на чалавека

- 10:45Якасць адукацыі

Днямі ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі прайшло выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы. У цэнтры ўвагі знаходзіліся пытанні ўдасканалення прафарыентацыйнай работы ва ўстановах аграрнага профілю. Асобная роля адводзілася абмеркаванню дзейнасці агракласаў як аднаго з элементаў прафарыентацыі моладзі.

Месца правядзення сустрэчы было выбрана нездарма: БДСГА не толькі з’яўляецца вядучай установай вышэйшай адукацыі ў сферы сельскай гаспадаркі, але і мае значны вопыт работы з профільнымі агракласамі ў галіне вучэбна-метадычнага забеспячэння. Гэтак жа зладжана ў гэтым кірунку працуе звязка “БДСГА — Горацкі раённы Савет дэпутатаў — мясцовыя ўлады”. Нярэдка можна пачуць, што мясцовых работнікаў аграрнага сектара прыезджыя ласкава называюць “горцамі”. Гэта і не дзіўна: калі ўжо нешта робяць, то з поўнай аддачай, апантана.

Горацкі раён — зямля руплівых гаспадароў, якія паспяваюць заявіць пра сябе нестандартна. У гэтым сталічныя госці пераканаліся яшчэ на прыступках да акадэміі — у аграгарадку Аўсянка.

Культурны цэнтр населенага пункта — мясцовы Дом культуры, які славіцца незвычайнай знакамітасцю — калекцыяй запалкавых пачкаў Канстанціна Станкевіча. Тут сталічным гасцям расказалі, што захапленне да яго прыйшло пасля таго, як  дзядуля падарыў малому Косцю сувенірны набор запалак. Па калекцыях Канстанціна, здаецца, можна даследаваць гісторыю: не толькі запалкавай вытворчасці, але і культурнага, навуковага, урбаністычнага свету розных краін ад пасляваеннай пары да нашага часу. Сярод амаль дзесяці тысяч экспанатаў ёсць экзэмпляры рознага памеру і прызначэння, прысвечаныя пэўным дзеячам, святам, падзеям і разнастайным кірункам грамадскага жыцця.

Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія сустракала гасцей традыцыйным беларускім “хлебам-соллю”, вясёлым гоманам і шумлівымі купкамі студэнтаў. Дэпутаты азнаёміліся з гісторыяй установы і агульным полем яе дзейнасці — выведзенымі ў межах акадэміі гатункамі агародніны і збажыны, навінкамі вучэбна-метадычнай літаратуры, міжнародным і рэспубліканскім супрацоўніцтвам з калегамі-аграрыямі, творчасцю моладзі. А праект “Вясна перамогі ў фотаздымках Аляксея Багамолава” акунуў іх у атмасферу вясны 1945 года.

Ключавым пунктам паездкі стала пленарнае пася­джэнне з удзелам практыкуючых выкладчыкаў і навукоўцаў акадэміі. Агучаныя прапановы будуць разглядацца Пастаяннай камісіяй як тэзісы для ўнясення ў рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі.

— Важна, калі заказчык кадраў матывавана шукае работнікаў яшчэ са школы. І не проста адпраўляе моладзь вучыцца і чакае, пакуль выпускнікі вернуцца гатовымі спецыялістамі, а прымае актыўны ўдзел у іх падрыхтоўцы, просіць аб фарміраванні ў будучых работнікаў дадатковых кампетэнцый, — звярнуўся да прысутных начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Самсановіч.

Па словах Уладзіміра Аляксеевіча, замацаванне маладых людзей у вёсках і дробных раённых цэнтрах адбываецца не толькі па эканамічных прычынах: як правіла, займацца сельскай гаспадаркай хлопцы і дзяўчаты імкнуцца там, дзе нарадзіліся. Прамоўца звярнуў увагу на неабходнасць браць пад уласны кантроль тых дзяцей, якія хацелі б паступіць і вучыцца, але не м­аюць магчымасці праз недастатковы бал ці складанае матэрыяльнае становішча: такія абітурыенты, атрымаўшы шанс вучыцца, у большасці выпадкаў застаюцца ў галіне. Гігантам у рабоце з агракласамі выступоўца назваў Гродзенскую вобласць, спецыялісты адкуль, па словах Уладзіміра Аляксеевіча, не проста добра працуюць, а пастаянна ўдасканальваюць свае падыходы. Падагульняючы вопыт галіны, Уладзімір Аляксеевіч прапанаваў да агульнага тэрміну прыёму ва ўстановы адукацыі, падпарадкаваныя Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання, дадаць дзень для здачы экзаменаў па сельскагаспадарчых дысцыплінах і адвесці 2—3 дні пасля асноўных дзён прыёмнай кампаніі для экзамену па адным з профільных прадметаў.

— Здорава, калі ў міністэрствах працуюць неабыякавыя людзі, якія хварэюць душой за сваю галіну і ўносяць прапановы для стварэння такіх умоў, каб у ёй заставаліся лепшыя. Пры агульнай канкурэнцыі на рынку працы перамагае той, хто выбірае лепшыя кадры. Таму трэба, каб ніводная практыка не праходзіла ўпустую, каб моладзь магла “прамацаць” будучую прафесію. Важна, каб кампетэнтнасць выпускнікоў не стрымлівалася і месцам працы: калі малады спецыяліст таленавіты — першае месца працы павінна адпавядаць яго здольнасцям і ведам, — заўважыла першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава. — Навуковы складнік таксама вельмі важны. Калі гавораць, што ў нашай навуцы нічога не адбываецца, я гавару: “Вы проста з ёй не знаёмы”.

Пра ўзаемадзеянне акадэміі з установамі, у якіх адкрыты агракласы, расказаў начальнік аддзела праф­арыентацыйнай работы Андрэй Гарноўскі.

У 2018 годзе ў краіне было створана больш за 200 профільных класаў аграрнай накіраванасці. Гэта стала магчыма дзякуючы ўвядзенню ў праграму 10—11 класаў факультатыву “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”.

Дэкан агранамічнага факультэта БДСГА Наталля Дуктава акрэсліла цяжкасці пры стварэнні вучэбна-метадычнага забеспячэння работы профільных класаў і дапаможнікаў для настаўнікаў. Наталля Аляксандраўна агучыла прапановы, падказаныя педагагічнаму калектыву практыкай: змяншэнне бала атэстата з 7 на 5, дапамога ў арганізацыі экскурсій у акадэмію, спрашчэнне метадычных праграм для настаўнікаў.

Па словах выступоўцаў, хоць праблема дэфіцыту прафесійных кадраў сёння актуальная ва ўсіх сферах эканомікі, але асабліва востра гэта адбіваецца на сельскай гаспадарцы. Такія тэндэнцыі назіраюцца як у самой галіне, так і ва ўстановах адукацыі, якія рыхтуюць для яе спецыялістаў. Таму профільная дыферэнцыяцыя садзейнічае ўсвядомленаму выбару абітурыентамі будучай прафесіі.

— Калі ўстановы вышэйшай адукацыі не практы­куюць навуку — грош ім цана. Акадэмія давала мацнейшую навуковую базу нават у цяжкія для краіны гады. Зразумела, што колькасць спецыялістаў з дыпломамі нічога не гаворыць пра якасць падрыхтоўкі, незалежна ад установы. Таму відавочна адно: прафаніраваць вышэйшую адукацыю нельга, — рэзюмаваў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк.

Тэарэтычны вопыт дакладчыкаў падмацаваў візіт у сярэднюю школу № 2 Горак, дзе рэалізуецца рэгіянальны праект “Малая акадэмія”. У межах ініцыятывы дзеці больш шчыльна знаёмяцца з акадэміяй, працу­юць з выкладчыкамі, займаюцца даследчай дзейнасцю. Гэта, па словах намесніка дырэктара школы Таццяны Бязносавай, дапамагае і ў падрыхтоўцы да ЦТ, і ў засваенні школьнай праграмы, і ў раскрыцці патэнцыялу падлеткаў. Канчатковыя штрыхі ў асэнсаванні дзейнасці сельскагаспадарчай акадэміі ўнесла наведванне дыягнастычнай станцыі па правядзенні дзяржтэхагляду аўтамабіляў і рыбаводнага індустрыяльнага ком­плексу, дзе часта праходзяць практыку горацкія студэнты.

— У нашай галіне ўсё абапіраецца на чалавека. І тое, што адкрываецца ўсё больш аграрных класаў, пацвярджае: час выбраў нас, — перакананы Уладзімір Самсановіч.

Ірына ІВАШКА.
Фота Аляксандра ГУРЫКАВА.