Будучыня славяназнаўства ў надзейных руках

- 17:09Навіны рэгіёнаў, Рознае
У мінулы чацвер у гомельскай гімназіі № 36 імя І.Мележа ў дзесяць гадзін вечара амаль паўсюдна яшчэ гарэла святло. Там рыхтаваліся да адкрыцця чарговых Мележаўскіх чытанняў. Адзінаццаты раз з’ехаліся сюды маладыя навукоўцы і іх настаўнікі, каб абараніць свае даследчыя работы.

Гісторыя Мележаўскіх чытанняў пачыналася з гімназічнай канферэнцыі, прысвечанай гадавіне нараджэння славутага земляка, імя якога носіць установа адукацыі. Першая спроба аказалася вельмі ўдалай. І на наступны год кіраўніцтва гімназіі вырашыла паспрабаваць правесці такую ж канферэнцыю ў больш шырокім складзе — запрасіць да ўдзелу іншыя навучальныя ўстановы абласнога цэнтра. Яшчэ праз год межы чытанняў пашырыліся да Расіі, удзел у іх прыняла школа № 132 Самары, дзе адкрыта славянскае аддзяленне, вучні якога паглыблена вывучаюць гісторыю, культуру і мовы славянскіх народаў. З таго часу паміж гомельскай гімназіяй і самарскай школай склаліся цесныя сяброўскія адносіны, пачалося актыўнае супрацоўніцтва.
Канечне, поспех заключаецца ў зацікаўленасці дырэктара гімназіі № 36 Святланы Іванаўны Рагавенка і яе педагагічнага калектыву. Яны няспынна шукаюць усё новыя шляхі супрацоўніцтва і працуюць над развіццём Мележаўскіх чытанняў, з кожным годам збіраючы ўсё больш і больш удзельнікаў. У хуткім часе да мерапрыемства далучыліся ўстановы адукацыі многіх рэгіёнаў Гомельшчыны, са сваімі даследчымі работамі на чытанні пачалі прыязджаць маладыя навукоўцы з Віцебска. І ўжо ў 2007/2008 навучальным годзе на Пятых адкрытых Мележаўскіх чытаннях налічвалася амаль дзвесце ўдзельнікаў. Сярод іх — вучні вучэбна-выхаваўчага комплексу № 139 з украінскага Днепрапятроўска.
Сёлета на абарону сваіх навуковых работ падалі заяўку 306 вучняў, якія абаранялі 242 работы. Падчас чытанняў працавала 16 секцый па тэмах: “Культурная спадчына”, “Мой родны кут”, “Мой паэтычны радок”, а таксама “Pro et contra”, дзе юнакі і дзяўчаты паказалі свае даследаванні ў галіне псіхалогіі і сацыялогіі. Як адзначыла намеснік дырэктара гімназіі Алена Аляксееўна Казачэнка, кожная работа, пададзеная на папярэдні агляд, была дапушчана да публічнай абароны.
— Было шмат цікавых даследаванняў, і дзеці бліскуча абаранялі іх, — гаворыць Алена Аляксееўна. — Бачны сапраўдны інтарэс вучняў да справы, а гэта значыць, што мы, арганізатары чытанняў, робім патрэбную справу.
Дарэчы, геаграфія Мележаўскіх чытанняў працягвае пашырацца. У гэтым годзе, акрамя гасцей з суседніх Украіны і Расіі, гімназіі № 14 Мінска, у гомельскую гімназію завіталі сябры з Балгарыі. Балгарскія школьніцы Паліна Пэнева і Мірэна Куманава разам з дырэктарам гімназіі імя М.Горкага г.Стара-Загора Марыянай Пенчавай прывезлі свае даследаванні славянскай культуры. Усе яны даволі добра размаўляюць па-руску. І гэта нядзіўна, бо ў школе, якая носіць імя класіка рускай літаратуры, руская мова — звычайны прадмет.
— З дырэктарам гімназіі № 36 імя І.Мележа Святланай Іванаўнай мы пазнаёміліся год назад і адразу пасябравалі, — расказвае Марыяна Пенчава. — Завочна мы ведалі адна пра адну, бо мы ж займаемся даследаваннямі славянскай культуры і літаратуры і заўсёды ў пошуку супрацоўніцтва. Я ніколі раней не была ў Беларусі, і мае дзяўчынкі таксама, таму запрашэнне да ўдзелу ў чытаннях прынялі адразу. Тым больш, нам ёсць што паказаць.
На пытанне “Як вам у Беларусі?” балгарская госця прызналася, што была ў захапленні ад беларускіх сяброў, якія ў марознае надвор’е сустракалі іх на вакзале ў 4 гадзіны раніцы. А дзяўчынкі Паліна і Мірэна спадзяюцца, што ў будучым змогуць праводзіць нейкія сумесныя даследаванні, абменьвацца цікавай інфармацыяй, і не выключана, што яшчэ сустрэнуцца з імі ўжо на балгарскай зямлі. Дарэчы, балгарскія школьніцы паспяхова абаранілі свае работы і павезлі з сабой два дыпломы. Сярод замежных гасцей дыпломы ІІІ ступені атрымалі таксама вучаніца сярэдняй школы № 7 Новамаскоўска Днепрапятроўскай вобласці і вучань школы № 132 Самары. А вось лінгвістычная школа з г.Ірпень — даўнія сябры гомельскай гімназіі — узнагароджана дыпломам І ступені. Бліскучае выступленне ірпенскіх вучняў, мабыць, можна растлумачыць тым, што ў сваёй навучальнай установе яны старанна вывучаюць беларускую мову і літаратуру. Прычым не проста на факультатыўных занятках, а як звычайны прадмет: у іх лінгвістычнай школе выкладаюцца розныя славянскія мовы, і многія дзеці з захапленнем вучаць беларускую.
Але не толькі госці здзіўлялі арганізатараў і журы. Цікавыя, маштабныя даследчыя работы паказалі на чытаннях навукоўцы Гомельшчыны. У гэтым годзе назіраўся асабліва актыўны ўдзел устаноў адукацыі раёнаў вобласці — амаль кожны рэгіён прадстаўлялі здольныя юнакі і дзяўчаты. Усяго налічвалася 112 даследчых і творчых работ, выкананых вучнямі раённых і сельскіх школ і гімназій. Для параўнання: у мінулым годзе ў Мележаўскіх чытаннях удзельнічала толькі 18 раённых навучальных устаноў. У адзінаццатых чытаннях свае работы абаранялі вучні з 18 сельскіх школ Жыткавіцкага, Буда-Кашалёўскага, Веткаўскага, Петрыкаўскага, Лельчыцкага, Ельскага, Кармянскага, Рагачоўскага і Гомельскага раёнаў. Раней такога не было.
— Дзеці з раённых устаноў, а таксама сельскія вучні паказалі даволі добрыя веды славянскай культуры, іх даследаванні глыбокія і сур’ёзныя, — адзначыла прарэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Аляксандраўна Блажко. — З кожным разам мы ўпэўніваемся, што ў невялічкіх школах нават самых аддаленых раёнаў ёсць шмат дзяцей, якія, магчыма, складуць будучыню нашай навукі.
Кажуць, карані лепшай творчай беларускай інтэлігенцыі — у маленькіх вёсачках. Магчыма, гэта нейкае таямнічае жыццёвае правіла, бо і сёння мы назіраем, як у глыбінках вырастаюць здольныя, зацікаўленыя ў навуцы юнакі і дзяўчаты.
Зразумела, не кожны ўдзельнік чытанняў атрымаў дыплом пераможцы. Журы вызначыла 63 лепшыя работы. Але ж кожны вучань за свае старанні атрымаў дыплом у той ці іншай намінацыі. Увогуле, ніхто з іх не пашкадаваў, што правёў чатыры зімнія дні ў гомельскай гімназіі № 36. Праграма чытанняў была насычана не толькі абаронай даследчых работ. Тут было і знаёмства з равеснікамі і аднадумцамі, з гімназіяй і яе вучэбным працэсам, з культурным жыццём абласнога цэнтра. Для замежных дэлегацый паездка ў Гомель была асабліва цікавай, бо яна дала магчымасць юным даследчыкам не толькі прыняць удзел у рабоце навуковай канферэнцыі, але і пазнаёміцца з сістэмай беларускай адукацыі. Дзеці даведаліся, як праходзяць іспыты ў нашых школах, якая вучэбная нагрузка, якія прадметы ўваходзяць у вучэбны план, як выпускнікі рыхтуюцца да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Такія школьныя абмены ў рамках навукова-практычных мерапрыемстваў дазваляюць навучэнцам не толькі пашырыць дыяпазон ведаў аб культуры, гісторыі, мінулым і сучаснасці славянскіх краін, пазнаёміцца з сістэмай адукацыі, бытам народаў, але і знайсці сабе тут сяброў. І гэтае сяброўства дзеці разглядаюць не проста як асабістае прыцягненне адно да аднаго па агульных інтарэсах, звычках ці ўзаемнай сімпатыі. Яны бачаць тут значна больш глыбокі сэнс — будаўніцтва моста сяброўства паміж рознымі славянскімі народамі.

 

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.