Будучыня становіцца прадбачанай

- 15:41Якасць адукацыі

У Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) прайшоў штогадовы Міжнародны ўрадавы саміт WorldGovernmentSummit, прысвечаны працэсам лічбавізацыі ў сучасным свеце. У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел галоўны спецыяліст інфармацыйна-аналітычнага аддзела галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Лёзаў і дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Ліс, якія падзяліліся ўражаннямі ад паездкі.


Раскажыце, калі ласка, што сабой уяўляе Міжнародны ўрадавы саміт?

А.Лёзаў. Міжнародны ўрадавы саміт WorldGovernmentSummit — гэта ўнікальная пляцоўка для абмеркавання пытанняў стратэгічнага планавання ў галіне лічбавай эканомікі і адукацыі, выкарыстання патэнцыялу штучнага інтэлекту і рэалізацыі нацыянальных праграм лічбавай трансфармацыі. На гэтым саміце прадстаўнікі дзяржаўнага і прыватнага сектараў многіх краін свету маюць магчымасць абмяняцца ідэямі, усталяваць дзелавыя кантакты для далейшага супрацоўніцтва і рэалізацыі праектаў глабальнага маштабу і, безумоўна, назапасіць вопыт сваіх калег з іншых краін у галіне лічбавізацыі эканомікі і адукацыі.

— Сёння лічбавізацыя эканомікі, лічбавая трансфармацыя адукацыі і ў цэлым пабудова ІТ-краіны з’яўляюцца для Беларусі найважнейшым напрамкам. Таму, безумоўна, мэтазгодна вывучаць тыя здабыткі, якія маюць іншыя краіны. Напэўна, гэта і было галоўнай мэтай вашай паездкі?

А.Лёзаў. Сапраўды, так. У ходзе штогадовага Міжнароднага ўрадавага саміту WorldGovernmentSummit і спецыяльна арганізаванага трэнінгу мы мелі магчымасць пазнаёміцца з міжнародным вопытам выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у развіцці эканомікі, у кіраванні сістэмай адукацыі і непасрэдна ў арганізацыі адукацыйнага працэсу. З улікам гэтага можна стварыць уласную сістэму лічбавізацыі, у тым ліку ў сектары адукацыі. Асабліва гэта актуальна ў адносінах да праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, дзе ад своечасовага ўкаранення інавацый залежыць, якое месца будзе належаць Беларусі на міжнароднай арэне.
Акрамя таго, у рамках сесіі “Сістэмы ўрадавай платформы: прыклады выкарыстання” мы вывучалі напрамкі, якія тычацца выкарыстання лічбавых тэхналогій, лічбавай інфраструктуры ў сістэме адукацыі такіх краін, як Індыя і Эстонія, які ўплыў аказваюць працэсы лічбавізацыі на адукацыйны працэс і вызначэння іх магчымай рэалізацыі ў сістэме адукацыі нашай краіны.

— У якім фармаце праходзіла мерапрыемства?

А.Лёзаў. У рамках саміту праходзіла мноства тэматычных форумаў, трэнінгаў, круглых сталоў. Таксама практыкаваліся свабодныя дыскусіі паміж прадстаўнікамі розных краін. Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў сустрэчы выклікаў трэнінг, які быў накіраваны на ўмацаванне патэнцыялу па выкарыстанні тэхналогій для павышэння якасці прадастаўлення дзяржаўных паслуг. У час трэнінгу ўсе жадаючыя змаглі абмеркаваць магчымыя сцэнарыі ўкаранення і выкарыстання IT-тэхналогій у сістэме адукацыі, сферы дзяржаўных паслуг, ацаніць вартасці і недахопы, распрацаваць план па рацыянальным вырашэнні праблем, якія ўзніклі.

Павел Ліс.

Вывучаючы вопыт лічбавай трансфармацыі адукацыі краін — удзельніц саміту, якія напрацоўкі вас больш за ўсё зацікавілі?

П.Ліс. Знаёмства з лічбавізацыяй розных краін дазволіла нам прааналізаваць, наколькі эфектыўна працуюць тыя ці іншыя інструменты ўкаранення інфармацыйных тэхналогій, якія магчымыя памылкі могуць узнікнуць і як іх пазбегнуць.

Заўважу, што тыя крокі, якія рэалізуюцца ў лічбавай трансфармацыі розных краін, у цэлым падобныя. Напрыклад, і маленькая Эстонія, і велізарная Індыя прасоўваюць лічбавізацыю адукацыі праз нацыянальныя адукацыйныя платформы. Мы прапануем такі ж падыход і працуем над стварэннем і ўкараненнем платформы “Электронная адукацыя”, якая будзе рэалізавана праз рэспубліканскае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе.

Аднак важна разумець, што кожная краіна набывае свой вопыт лічбавай трансфармацыі, нават тады, калі выкарыстоўваюцца падобныя інструменты. Таму, безумоўна, вопыт Беларусі будзе ўнікальным.

— Што ўяўляе сабой рэспубліканскае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе?

П.Ліс. Рэспубліканскае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе — гэта карпаратыўная сетка сістэмы адукацыі краіны, якая аб’ядноўвае ўсе апаратныя магутнасці, якія выкарыстоўваюцца, у адзіную воблачную экасістэму і прадастаўляе доступ да спецыялізаваных рэсурсаў удзельнікам адукацыйнага працэсу. Такая сетка дазволіць дасягнуць цэнтралізаванага і структураванага захоўвання інфармацыі ў цэнтрах апрацоўкі даных, тым самым забяспечыць яе захаванасць і агульнадаступнасць. Паспяховае функцыянаванне рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя будзе спрыяць павышэнню эканамічнай эфектыўнасці сістэмы адукацыі за кошт аптымальнага выкарыстання ўсіх відаў рэсурсаў, падтрымцы бесперапыннай адукацыі з выкарыстаннем дыстанцыйных форм навучання, развіццю інклюзіі і пераходу адукацыі на прынцыпова новы ўзровень за кошт укаранення сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Мы мяркуем, што рэспубліканскае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе пачне існаваць у 2020 годзе.

— Якія адукацыйныя ідэі і праекты зацікавілі вас больш за ўсё? Ці магчыма іх развіваць у нас у Беларусі?

А.Лёзаў. Для Беларусі будзе цікавы вопыт Эстоніі ў сферы ўкаранення інфармацыйных тэхналогій у дзяржаўным сектары, а таксама вызначэння магчымасці аналітыкі даных і пабудовы прагнозных мадэлей у сістэме адукацыі. Зацікавіў вопыт Індыі ў частцы стварэння нацыянальнай адукацыйнай платформы Diksha. Распрацаваная пад дэвізам “Вывучай, што хочаш, калі хочаш і як хочаш!”, гэтая платформа ўяўляе сабой мабільны дадатак, з дапамогай якога карыстальнікі могуць атрымліваць неабходную інфармацыю па любой тэме, у любы час і ў любым фармаце: тэкст, аўдыя, відэа, інфаграфіка. Інфармацыя пастаянна абнаўляецца ў адпаведнасці з запытамі карыстальнікаў. Цяпер платформа працуе ў 27 з 29 штатаў краіны і перакладзена на 15 дыялектаў для кожнага з іх.

— Такім чынам, Diksha можна назваць мабільным падручнікам па ўсіх прадметах?

А.Лёзаў. Не зусім. Акрамя інфармацыі па дысцыплінах, у функцыянал платформы ўключаны розныя сэрвісы і праграмнае забеспячэнне, а таксама маецца доступ да сацыяльных сетак і месэнджараў. Гэта дазваляе нам весці бесперапынны працэс навучання і зносін, прычым не толькі паміж студэнтамі. У якасці карыстальнікаў выступаюць і выкладчыкі, і адміністрацыя ўніверсітэтаў, сувязь з якімі з’яўляецца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. Акрамя таго, у рамках платформы для выкладчыкаў распрацаваны лічбавыя курсы, з дапамогай якіх яны могуць праводзіць заняткі дыстанцыйна, павышаць свой узровень ведаў у рамках дысцыпліны, якую яны выкладаюць, займацца зборам даных для правядзення даследаванняў, а таксама павышаць свае прафесійныя кампетэнцыі.

Якія яшчэ інавацыі вас зацікавілі?

А.Лёзаў. У рамках саміту мы прынялі ўдзел у іншых сесіях, дзе пазнаёміліся з вопытам шэрага краін. Так, напрыклад, на сесіі “Кіраванне на аснове выкарыстання аналітыкі вялікіх даных” абмяркоўвалася прымяненне аналітыкі вялікіх даных (Bigdata) і прагнозных мадэлей у розных сферах грамадскага жыцця. Аналіз даных дазваляе ўбачыць пэўныя і непрыкметныя заканамернасці, якія не можа ўбачыць чалавек. Гэта дапамагае аптымізаваць усе сферы жыцця — ад дзяржаўнага кіравання да вытворчасці і тэлекамунікацый.

У рамках сесіі “Уплыў інфармацыйных тэхналогій на дзяржаўны сектар” было адзначана, што пранікненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій ва ўсе сферы грамадства стварае неабходныя стымулы для іх выкарыстання ў сістэме адукацыі.
Зыходзячы з той інфармацыі, якую мы атрымалі ў ходзе саміту, можна сказаць, што ў сістэме адукацыі шэрага краін прасочваюцца пэўныя тэндэнцыі. Сярод іх — стварэнне нацыянальных адукацыйных платформ з паслугамі і сэрвісамі (некамерцыйныя і камерцыйныя сэрвісы як дзяржаўных, так і прыватных распрацоўшчыкаў); выкарыстанне воблачных тэхналогій у адукацыйным працэсе; прымяненне метаду Bigdata ў адукацыйным працэсе і інш.

Як вядома, на саміце абмяркоўваліся самыя розныя тэмы, пачынаючы ад штучнага інтэлекту і заканчваючы філасофскай высновай: не забываць аб сучаснасці.

П.Ліс. Грунтуючыся на вялікіх даных, якія мы ўжо згадвалі, штучны інтэлект здольны выявіць такія ўзаемасувязі, якія нерэальна выявіць чалавечым мозгам. Тым не менш яны існуюць і да іх трэба прыслухоўвацца. У свеце працуюць сотні тысяч сэрвісаў, заснаваных на штучным інтэлекце. На збор даных патрэбны дзясяткі гадоў, але і гэтага недастаткова. Усе сабраныя даныя і выбудаваныя ўзаемасувязі маюць патрэбу ў аналітыцы. Кіраваць, грунтуючыся на даных, падабаецца не ўсім — з канкрэтнымі лічбамі вельмі цяжка спрачацца, яны не даюць сысці ўбок.

Лічбавыя тэхналогіі робяць будучыню даступнай ужо сёння. І гаворка ідзе не толькі аб найноўшых гаджэтах. Будучыня заўсёды непрадказальная. Адзінае, што нам пад сілу, — гэта планаваць. Але звычайнае чалавечае планаванне больш не працуе. Сітуацыя мяняецца вельмі хутка, з’яўляюцца новыя ўмовы, допускі, нюансы, улічыць якія чалавеку не пад сілу. Таму на дапамогу прыходзяць тэхналогіі вялікіх даных. Безумоўна, яны не прапануюць гатовы варыянт рашэння, але прадставяць дастаткова поўную карціну таго, што адбываецца. Дзякуючы лічбавым тэхналогіям, будучыня становіцца прадбачанай. Мы можам кантраляваць наша жыццё і прымаць неабходныя дзеянні, каб мінімізаваць разнастайныя рызыкі.
Але пры ўсім гэтым удзельнікаў саміту аб’яднала адна думка: у пагоні за будучыняй нельга забываць аб нявырашаных праблемах сучаснасці. Гэта вельмі простая ідэя, якую, праўда, нялёгка рэалізаваць: часта ў імя тэхналогій ігнаруецца здаровы сэнс. Для адукацыі такая памылка можа стаць фатальнай. Кожны павінен выразна ўсведамляць, што лічбавыя тэхналогіі не самамэта, а толькі сродак для ўдасканалення працэсу навучання і, як вынік — пераходу адукацыі нашай краіны на новы ўзровень.

Інтэрв’ю падрыхтавала
Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.