“Будучыня за маладымі”, — гэтыя словы неаднаразова гучалі днямі ў абласным Цэнтры творчасці, дзе праходзіла цырымонія ўручэння моладзі спецыяльных прэмій Магілёўскага аблвыканкама за дасягненні ў сацыяльнай сферы.
Лаўрэатамі прэстыжнай прэміі сёлета сталі 50 маладых людзей за дасягненні ў сферы адукацыі, аховы здароўя, культуры і мастацтва, фізічнай культуры, спорту і турызму, сацыяльнай абароны насельніцтва, журналістыкі.
Усе лаўрэаты былі годныя высокай узнагароды, бо, нягледзячы на маладосць, кожны з іх ужо мае даволі значныя дасягненні ў сваёй сферы. Пераканацца ў гэтым мог любы з прысутных, наведаўшы прэзентацыйную выставу лепшых маладых прадстаўнікоў Прыдняпроўскага краю.
Узнагароджваў моладзь старшыня абласнога Савета дэпутатаў Анатоль Ісачанка, а ганаровымі гасцямі свята сталі кіраўнікі камітэтаў, упраўленняў аблвыканкама, устаноў адукацыі рэгіёна.
Вітаючы моладзь, Анатоль Ісачанка адзначыў, што падобныя сустрэчы — своеасаблівая даніна прызнання і павагі іх імкненням, мэтанакіраванасці, ініцыятыве.
— Актыўная грамадзянская пазіцыя ў нашай дзяржаве цэніцца высока. Падтрымка таленавітай моладзі — прыярытэтны кірунак дзяржаўнай палітыкі. З мэтай стварэння ўмоў для плённай працы і ўсебаковага развіцця маладых талентаў, працуюць адпаведныя фонды прэзідэнта, а таксама заснаваны спецыяльныя прэміі мясцовай выканаўчай уладай. Наш рэгіён не выключэнне. Штогод узнагарожваюцца маладыя людзі, якія дасягнулі высокіх вынікаў. І гэта трэба рабіць, бо за моладдзю — будучыня. А лаўрэаты прэміі пераконваюць: у Магілёўскай вобласці яна надзейная, — сказаў Анатоль Міхайлавіч.
Найбольшая колькасць узнагарод дасталася маладым спецыялістам сістэмы адукацыі рэгіёна. Усяго дыпломы і грашовыя прэміі ў намінацыі “Адукацыя” атрымалі 18 школьнікаў і студэнтаў. Адзначаны былі і лепшыя выкладчыкі: намеснік начальніка кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Магілёўскага інстытута МУС Сяргей Венядзіктаў, загадчык аспірантуры Магілёўскага ўніверсітэта харчавання Таццяна Дубіна, выкладчык прафесійных дысцыплін Магілёўскага бібліятэчнага каледжа імя А.С.Пушкіна Наталля Захаранка, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Княжыцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Дзмітрый Кузняцоў, настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 40 Магілёва Кацярына Ляшчэвіч, выкладчык Магілёўскага каледжа мастацваў Юрый Немагай, загадчык кафедры сельскагаспадарчых машын Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Павел Навіцкі, настаўнік гісторыі гімназіі № 3 Бабруйска Іван Пясенка, начальнік міжнароднага аддзела Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Раман Плякін, кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 48 Магілёва Ірына Сіпайла, загадчык кафедры геаграфіі і аховы прыроды Магілёўскага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Александрына Сарока, майстар вытворчага навучання прафесійнага ліцэя № 10 Магілёва Таццяна Ускробава.
Ад імя ўсіх лаўрэатаў да прысутных звярнуўся намеснік начальніка кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Магілёўскага інстытута МУС Сяргей Венядзіктаў.
— Нам вельмі прыемна, што наша дзейнасць была заўважана і ацэнена. Але ж мы працуем не дзеля прызоў і дыпломаў, а для людзей. Менавіта іх ацэнка нашай работы найбольш важная. Таму мы будзем старацца і далей. Галоўныя дасягненні яшчэ наперадзе, — падкрэсліў Сяргей Віктаравіч.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.




