Будучыня — у памяці

22 красавіка ў Бягомльскай сярэдняй школе Докшыцкага раёна прайшло чарговае мерапрыемства ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта ШАГ. Да традыцыйных удзельнікаў, навучэнцаў 8—11 класаў, далучыўся міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка. Тэмай сустрэчы сталі радкі “Ёсць у кожнай Перамозе тваёй і маёй вясна сорак пятага года”.

“Для мяне Дзень Перамогі — гэта і свята, і дзень памяці, і дзень смутку па тых людзях, якія прынеслі сябе ў ахвяру дзеля нас, дабрабыту і мірнага неба над галавой. Я гэтае свята ўспрымаю ў першую чаргу асабіста, таму што ўсе мае сваякі так ці інакш удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Хтосьці перажыў блакаду Ленінграда, хтосьці працаваў у тыле ў Сібіры, хтосьці быў у партызанскіх атрадах у Беларусі, а хтосьці ваяваў на фронце. Мой дзед Мікалай Сяргеевіч Волкаў прайшоў амаль усю абарону Ленінграда, атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі, медалі “За адвагу”, “За абарону Ленінграда”, “За перамогу над Германіяй”. Я памятаю сваё дзяцінства, калі даставаў невялікую трафейную скрыначку, дзе захоўваліся гэтыя ўзнагароды, перабіраў іх, трымаў у руках і адчуваў хваляванне і гордасць”, — падзяліўся Ігар Васільевіч.

Беларусы — адна з найбольш пацярпелых нацый у Вялікай Айчыннай вайне. Гітлераўцы правялі ў нас больш за 140 карных аперацый, падчас якіх поўнасцю або часткова спалілі каля 5,5 тысячы вёсак. У Докшыцкім раёне 3 вёскі так і не аднавілі — Азарцы, Залатухі і Шунеўку. У апошняй 3 ліпеня 1983 года адкрылі мемарыяльны комплекс “Праклён фашызму”, у 2010- м яго рэканструявалі. “На світанку 22 мая 1943 года фашысты абкружылі Шунеўку, сагналі старых і жанчын у хлеў і зажыва іх спалілі. Дзяцей, якім было ад года да шасці, азвярэлыя карнікі скідалі ў калодзеж”, — прыводзіць страшныя факты намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Леанідаўна Сабалеўская.

У цэнтры комплексу ўстаноўлена пліта з імёнамі загінуўшых жыхароў, на месцах спаленых дамоў — каменныя падмуркі з трохступеньчатым ганкам і бронзавымі языкамі полымя, на якіх пазначаны прозвішчы загінуўшых гаспадароў. На заднім плане — сімвалічны калодзеж. У бетонны зруб змясцілі скульптуру прабітага і абпаленага паветранага змея з імёнамі загінуўшых дзяцей. Асноўны манумент комплексу — фігура маці, якая ўзнесла рукі да нябёсаў у праёме варот смутку. На варотах вісяць тры званы, адзін з якіх расколаты і не звоніць. Гэта сімвал таго, што кожны трэці жыхар Докшыцкага раёна загінуў падчас вайны.

“Галоўнай формай усенароднай барацьбы стаў партызанскі рух, у якім удзельнічала больш за 374 тысяч чалавек. Існавала каля 30 партызанскіх зон, тэрыторыю якіх немцам так і не ўдалося акупіраваць. Барысаўска-Бягомльская партызанская зона была створана ў снежні 1942 года. Найбольшую актыўнасць паказала брыгада “Жалязняк”. Камандзір — Іван Ціткоў, камісар — Сцяпан Манковіч”, — расказвае ўдзельнікам Ірына Леанідаўна.

Пасля аповедаў і ўспамінаў у школьнікаў была магчымасць задаць пытанні міністру: пра стаўленне да неанацызму, значэнне свята Перамогі, пра герояў нашага часу, малую радзіму, краязнаўства. Апошняя тэма пацягнула за сабой не менш важную — роля пошукавых атрадаў ва ўвекавечанні памяці. “Пры наведванні сярэдняй школы № 1 Полацка я быў уражаны, калі навучэнцы прэзентавалі мне сваю работу па навядзенні парадку на магілах, аднаўленні помнікаў. Самае важнае — яны знаходзяць прозвішчы і імёны загінуўшых, тых, каго не ведалі, хто не быў адзначаны на помніках і магільных плітах. Невыпадкова кажуць, што вайна скончыцца тады, калі будзе вядома імя апошняга салдата”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.