Будучыня — у руках прафесіяналаў

Заключны этап Рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў устаноў адукацыі JuniorSkills Belarus, які напрыканцы мая праходзіў на адной пляцоўцы з WorldSkills Belarus у сталічным футбольным манежы, таксама быў маштабным і яркім.

129 удзельнікаў, 95 экспертаў. А калі ўлічыць яшчэ сотні школьнікаў, якія арганізаванымі групамі прыходзілі паглядзець на равеснікаў, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па мабільнай робататэхніцы, прататыпаванні, нейратэхналогіях (усяго было прадстаўлена 10 кампетэнцый), то можна смела сказаць, што футбольны манеж у дні фіналу нагадваў своеасаблівы горад майстроў, будучых прафесіяналаў.

Мабільнасць і аператыўнасць

Не слухайце тых, хто гаворыць, што сучасная моладзь абыякавая, яе нічога, акрамя смартфонаў і сацыяльных сетак, не цікавіць. Сучаснай моладдзю, наадварот, варта захапляцца. І ў першую чаргу яе мабільнасцю, аператыўнасцю. А смартфоны і сацыяльныя сеткі адыгрываюць у фарміраванні такіх станоўчых рыс характару далёка не апошнюю ролю. Калісьці ў аднаго знакамітага палкаводца быў дэвіз: “Прыйшоў, убачыў, перамог”. Большасць сучасных падлеткаў прытрымліваецца прыкладна такога ж правіла. Калі яны даведаюцца пра нешта новае, цікавае, тут жа гэтым захапляюцца, імкнуцца максімальна паглыбіцца ў тэму, атрымаць неабходныя веды і ўменні і як мага хутчэй стаць прафесіяналам — вобразна кажучы, прыйсці, убачыць, перамагчы.

У гэтым мы пераканаліся з калегамі-экспертамі кампетэнцыі “Мультымедыйная журналістыка”. За пару гадзін зрабіць фотаздымкі, узяць інтэрв’ю ў некалькіх удзельнікаў і экспертаў JuniorSkills, апрацаваць сабраны матэрыял, падрыхтаваць інфаграфіку і стварыць арыгінальны лангрыд на платформе Tilda — такое пад сілу толькі прафесіяналам. Канечне, былі памылкі, аднак мабільнасці і аператыўнасці юных журналістаў, з якой яны стваралі мультымедыйны прадукт, можна толькі па-добраму пазайздросціць. Пазайздросціць, зрабіць высновы і дзесьці самому стаць больш мабільным і аператыўным. Так лічыць эксперт кампетэнцыі “Мультымедыйная журналістыка” педагог дадатковай адукацыі Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Васіль Мікалаевіч Карпінчык, які больш за 30 гадоў працаваў на Брэсцкай студыі тэлебачання і ўжо каля 10 гадоў займаецца падрыхтоўкай будучых журналістаў.

— Сучасныя тэхналогіі, безумоўна, уплываюць на дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі мабільныя, цікаўныя, працавітыя, нягледзячы на тое, што нярэдка даводзіцца чуць, што сучасная моладзь лянуецца. Няпраўда, працавітасць у яе высокая. Яны вельмі захопленыя, мэтанакіраваныя. Аднак маё пакаленне не можа не заўважыць дамінаванне матэрыяльнай зацікаўленасці. Ці дрэнна гэта? Для нас, старэйшых, можа, і дрэнна. Мы адразу ж гаворым: “А як жа праца за ідэю?” Ідэі ёсць, аднак іх рэалізацыю цяпер пажадана падмацоўваць матэрыяльна. У параўнанні з маім пакаленнем сённяшняя моладзь значна больш раскаваная, дзеці больш хуткія. Сучасныя тэхналогіі дазваля-юць паскорыць працэс, у прыватнасці напісанне матэрыялаў. Не заўсёды, праўда, атрымліваецца якасна, затое хутка і аператыўна. Высокая аператыўнасць — галоўны крытэрый сучаснай журналістыкі. Я больш кансерватар, мне трэба падумаць, прааналізаваць і толькі тады занатаваць думкі. Ці ўплывае аператыўнасць на творчасць дзяцей? Так. Яны ловяць усё на ляту, а вось глыбокі аналіз — з гэтым праблема. Рэпартаж — добра, інфармацыю падрыхтаваць — добра, інтэрв’ю ўзяць — не пытанне, а вось паказаць глыбіню аналізу ў матэрыяле — гэта ўжо складаней. Тут патрэбна ўседлівасць, а таксама пэўны жыццёвы вопыт. Аднак чытачы з захапленнем чытаюць тэксты маіх выхаванцаў, змешчаныя на пэўных інтэрнэт-рэсурсах, і вельмі здзіўляюцца, калі даведваюцца, што іх напісалі вучні, — паведаміў Васіль Мікалаевіч.

Лёгка і зразумела

Па словах яшчэ аднаго эксперта настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 Мінска Таццяны Анатольеўны Квяцінскай, для юных журналістаў характэрна недастатковая пісьменнасць. Аднак гэта яшчэ палова бяды, бо Word у любы момант можа праверыць памылкі. Пабудова складанага сказа — гэта ўжо праблема, паколькі дзеці прывыклі мысліць шаблонамі сацыяльных сетак. Яны выкарыстоўваюць кароткія сказы, а, напрыклад, са складаназалежнымі ўзнікаюць цяжкасці. “Яны вырастаюць у сацыяльных сетках, а там асаблівае акружэнне, якое ўплывае на светапогляд і мысленне дзяцей”, — падзялілася Таццяна Анатольеўна.

Але не ўсё так сумна, у кожнай з’яве ёсць і станоўчыя моманты. Сацыяльныя сеткі аказваюць і добрае ўздзеянне на мысленне юных журналістаў. Пасля прачытання конкурсных работ нельга не адзначыць лёгкасць мовы. Невялікая наяўнасць складаназалежных сказаў з’яўляецца і перавагай. Знаёміцца з лангрыдамі, не абцяжаранымі складанымі сказамі і канструкцыямі, слухаць іх абарону на лёгкай мове было адно задавальненне.

“Вучышся ў 9—11 класах і не ведаеш, на каго паступаць? Цябе цікавяць кар’ерныя перспектывы? А можа, ты хочаш стаць журналістам, а бацькі бачаць цябе толькі ў ролі праграміста? Час прыняць уласнае рашэнне, і ў гэтым табе дапаможа JuniorSkills Belarus! Сёння конкурс папулярны сярод моладзі. Усё таму, што ён прапануе паспрабаваць сябе ў адной з 10 кампетэнцый. А гэта дае табе ўнікальныя магчымасці! Чаму ўнікальныя? Тут ты можаш даведацца ўсе тонкасці прафесіі. Пераняць вопыт іншых удзельнікаў. Атрымаць незабыўныя ўражанні. Раскрыць свае таленты, пашырыць свае веды пра шэраг спецыяльнасцей. Задаць пытанні прафесіяналам сваёй справы. Знайсці аднадумцаў і завесці новых сяброў”. Гэта вытрымка з конкурснай работы ўдзельнікаў каманды Магілёўскай вобласці. Як бачым, ніякіх складаназалежных сказаў, у напісанні тэксту адчуваецца ўплыў сацыяльных сетак, пры гэтым чытаецца лёгка, зразумела. Што самае галоўнае, тэкст лёгкі для ўспрымання моладзі, таму і водгукаў на лангрыд, створаны навучэнцамі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 2 Аляксеем Піскуновічам і Кацярынай Вайцянковай, за адну гадзіну сабралася некалькі дзясяткаў.

Дарэчы, па выніках конкурсу каманда Магілёўскай вобласці ў кампетэнцыі “Мультымедыйная журналістыка” заняла 2-е месца. Іх лангрыд з красамоўнай назвай “JuniorSkills — унікальная магчымасць” разлічаны на таленавітых дзяцей і нездарма пачынаецца з выразу “ўнікальная магчымасць”. Конкурс — гэта і ёсць унікальная магчы-масць для яго ўдзельнікаў паспрабаваць сябе ў свеце прафесій і выбраць дарогу жыцця. Чытач лангрыда можа пагрузіцца ў атмасферу конкурсу і пазнаёміцца са спе-цыяльнасцямі ў галіне робататэхнікі, тэхналогій беспілотных лятальных апаратаў.

Крэатыўна і дакладна

“Чалавек даўно марыў навучыцца лятаць, як птушка, і лятальныя апараты — менавіта тое, да чаго прывяло яго імкненне і навукова-тэхнічны вектар развіцця чалавецтва. Але не ўсё было так проста: стварэнне сучасных “Боінгаў”, знішчальнікаў і касмічных апаратаў калісьці пачыналася з няўдалай спробы зрабіць мускулалёт. Нам стала цікава: паколькі ўсе самалёты, ракеты і верталёты ўжо створаны, то чым жа займаюцца нашы канкурсанты?” — цікавяцца магілёўскія журналісты. Сапраўды, чым?

Конкурснае заданне для ўдзельнікаў кампетэнцыі “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў” прадугледжвае рашэнне прыкладной задачы ў народнай гаспадарцы пры дапамозе беспілотнага лятальнага апарата, а таксама дэманстрацыю навыкаў пілатавання пры выкананні палётных заданняў, уменне абслугоўваць БПЛА (мультыкоптара) і рабіць яго дробны рамонт. Падчас спаборніцтваў удзельнікам кампетэнцыі, напрыклад, малодшай узроставай групы 10—13 гадоў неабходна было здзейсніць “Пасадку на дакладнасць”, правесці “Палёт па трасе”, прыняць удзел у “Паветраных гонках”.

“Робаты — частка будучыні высокіх тэхналогій, якая імкліва набліжаецца. У цяперашні час на планеце Зямля ў сферы робататэхнікі рэвалюцыі адбываюцца ледзь не кожны тыдзень. Робаты ратуюць людзей, працуюць у экстрэмальных умовах, замяняюць жывыя зносіны, даследуюць планеты Сонечнай сістэмы і многае іншае. Ад слуг да настаўнікаў, робаты развіваюцца надзвычай хуткімі тэмпамі. А JuniorSkills Belarus дапамагае маладым удзельнікам спазнаць усе сакрэты ўстройства робатаў і праявіць свой крэатыў”, — падзяліліся Аляксей і Кацярына.

На пляцоўцы кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка” на працягу конкурсных дзён было асабліва горача. І гэта нядзіўна, паколькі робататэхніка з кожным годам набірае большую колькасць прыхільнікаў. Яна ўключае праектаванне, зборку, устаноўку, праграмаванне, кіраванне і абслугоўванне механічных, электрычных сістэм кіравання мабільнымі робатамі, якія маюць колавыя або гусенічныя шасі з прыводамі. Удзельнікам кампетэнцыі неабходна было аўтаматызаваць выдачу “заказаў” на “складзе” ўмоўнай гандлёвай кампаніі шляхам стварэння аўтаномнага робата-пагрузчыка, здольнага прыняць “заказ” ад “кліента” і выдаць “тавар” са “склада”, адпаведны “замове”.

Дружалюбнасць і канкурэнцыя

Галоўную задачу, якую паставілі перад сабой юныя журналісты з Гомельскай вобласці, — расказаць пра конкурс навучэнцам, якія не ведалі пра яго або чулі ўпершыню. Паколькі ў аснове работы журналіста ляжаць стасункі з людзьмі, вучні адправіліся на розныя пляцоўкі ў пошуках герояў. Конкурс — гэта не толькі чатыры дні ў Мінску, гэта яшчэ і працяглая падрыхтоўка. Таму ў сваім матэрыяле юныя гомельскія журналісты паведамілі як пра работу пляцовак, саміх удзельнікаў, так і пра іх прафесійны шлях, пацікавіліся, што прыцягвае іх у прафесію, якую яны выбралі, і ў кампетэнцыях, якімі займаюцца. Данііл Шайко з Акцябрскай раённай гімназіі і Эліта Танаян з Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя паведамілі чытачам свайго лангрыда, якія кампетэнцыі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў канкурсантаў, адлюстравалі гэта ў інфаграфіцы і зрабілі выснову, што самыя папулярныя — гэта ІТ-спецыяльнасці, сеткавае і сістэмнае адміністраванне, прататыпаванне.

— Цікава было пахадзіць па пляцоўцы і паназіраць за работай іншых навучэнцаў. Мы апыталі многіх. Усе адгукаліся з цеплынёй пра конкурс, былі задаволены, што тут даволі дружалюбная атмасфера, нягледзячы на тое, што шалёная канкурэнцыя. Мы лічым, наступны этап спаборніцтваў у Казані таго варты. Вялікі гонар прадстаўляць сваю школу, горад, раён, вобласць, а прадстаўляць краіну — гонар яшчэ большы. Ніхто з канкурсантаў не сказаў дрэннага слова пра конкурс. Арганізацыя, прыём, правядзенне — усё на вышыні. Ніхто з экспертаў не засуджваў, усе, наадварот, дапамагалі. Мы ўбачылі, што не толькі дзеці зацікаўлены ў развіцці краіны, але і дарослыя — у развіцці дзяцей. Я, напрыклад, упершыню ўбачыла як працуюць 3D-прынтары. JuniorSkills — гэта вялікі вопыт для нас. Мы праявілі свае здольнасці ў стварэнні лангрыда, аўдыя- і фотаматэрыялаў. Таксама пазнаёміліся з цудоўнымі людзьмі і былі прыемна здзіўлены, што ўдзельнікі, незалежна ад таго, былі яны занятыя ці не, ахвотна дзяліліся сваім меркаваннем і ўражаннямі. Напрыклад, Павел Сыс з гімназіі № 7 Віцебска, сам праявіў ініцыятыву і расказаў нам пра тое, як ён захапляецца тэхналогіямі беспілотных лятальных апаратаў. JuniorSkills — гэта той конкурс, які садзейнічае развіццю дзяцей, бо менавіта за дзецьмі будучыня. Мы прыйшлі да высновы, што такія фільмы, як “Пяты элемент” Люка Бесона, стануць рэальнасцю. Тое, што цяпер робяць дзеці, збіраючы робатаў, — гэта фантастыка, а ўявіце, што будуць збіраць іх дзеці! — падзяліліся прадстаўнікі Гомельскай вобласці.

Першыя і лепшыя

Па выніках конкурсу каманда Гомельскай вобласці ў кампетэнцыі “Мультымедыйная журналістыка” заняла 3-е месца, а пераможцамі сталі дзяўчаты з гімназіі № 1 Віцебска Валерыя Судзілоўская і Паліна Юшкоўская. Юныя журналісткі нездарма вырашылі назваць свой лангрыд “Час першых”. На іх думку, дзеці і падлеткі сучаснага свету — гэта тыя першыя, хто здольны рабіць неверагодныя адкрыцці ў будучыні. “Наша будучыня залежыць ад многіх рэчаў, але ў першую чаргу ад нас саміх. Гэта самы галоўны дэвіз нашага матэрыялу. Спачатку мы зрабілі невялікае адступленне, дзе пастараліся як мага больш проста, цікава і захапляльна расказаць пра конкурс JuniorSkills Belarus, бо лангрыд будуць чытаць не толькі дарослыя, але і дзеці, а дзецям патрэбна ўсё простае, лёгкае і крыху ў форме гульні”, — паведамілі дзяўчаты.

Лангрыд “Час першых” падзелены на некалькі тэматычных блокаў. Першы блок — гэта мабільная робататэхніка, прататыпаванне і тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў. Што можа быць цікавейшым за робатаў і ўсё, што з імі звязана? Канечне, нічога. Таму выбар кампетэнцыі быў невыпадковым. Удзельнікі і эксперты расказалі юным віцебскім журналісткам шмат новых цікавых ідэй, якія ў будучыні могуць стаць сапраўднымі шэдэўрамі. “Сёння — гэта тваё заўтра”, — лічаць дзяўчаты, таму тое, чым займаюцца канкурсанты ў розных кампетэнцыях, можа каласальна паўплываць на нашу будучыню.

Наступны блок лангрыда прысвечаны кампетэнцыям “Графічны дызайн”, “Інжынерны дызайн CAD”, “Дызайн і мадэляванне адзення”, а таксама “Вэб-дызайн”. Асаблівую ўвагу Леры і Паліны прыцягнуў удзельнік кампетэнцыі “Дызайн і мадэляванне адзення” Кірыл Урбан з Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска “Зорка”, бо ён быў адзіным хлопчыкам у сваім напрамку, хаця на самай справе ў сучасным свеце гэта не дзіва. Хто ведае, магчыма, ён будучы Крысціян Дыёр? Далей чытачы знаёмяцца з кампетэнцыямі “Нейратэхналогіі”, “Сеткавае і сістэмнае адміністраванне”, удзельнікі якіх, як адзначаюць аўтары лангрыда “Час першых”, разумныя і настолькі нестандартна мысляць, што могуць рабіць дастаткова сур’ёзныя рэчы, якія часам не пад сілу нават дарослым. Нам застаецца толькі пажадаць нядаўнім канкурсантам стаць у будучыні людзьмі, якіх будзе ведаць увесь свет.

Адны пішуць, другія бяруць інтэрв’ю, трэція фатаграфуюць, чацвёртыя ствараюць лангрыд — работа кампетэнцыі “Мультымедыйная журналістыка” была дынамічнай, а пляцоўка, абсталяваная камп’ютарамі і неабходнай для стварэння лангрыда тэхнікай, усе два конкурсныя дні нагадвала сапраўдны мурашнік. Юныя журналісты гутарылі як з прафесіяналамі сваёй справы, так і самымі малодшымі ўдзельнікамі конкурсу, аднак зразумелі, што яны не такія ўжо і маленькія, бо закраналі ў гутарцы дастаткова сур’ёзныя і дарослыя тэмы: выбар прафесіі, будучыня краіны, сям’я, шчасце і здароўе. Напрыклад, удзельнікі кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка” хочуць збіраць робатаў не для гульняў і забаў, а для таго, каб зрабіць наш свет крыху больш добрым і шчаслівым.

Хуткасць і канцэнтрацыя

Мабільнасць, аператыўнасць, дакладнасць — гэта асаблівасць не толькі журналісцкай натуры. Каб перамагчы ў конкурсе, гэтыя якасці неабходна было праявіць удзельнікам усіх кампетэнцый, прычым кожная з іх мела свае асаблівасці. Напрыклад, прататыпаванне — гэта інжынерна-канструктарская праца, звязаная са стварэннем прататыпаў (доследных узораў) для наступных даследаванняў, тэсціравання і іншых праверак. У працы з прататыпам можна адпрацоўваць і ліквідаваць усе магчымыя неадпаведнасці і няспраўнасці, дапрацоўваць канструктарскія рашэнні. Як паведаміў галоўны эксперт згаданай кампетэнцыі Юрый Уладзіміравіч Альшанік, важнасць прататыпавання вялікая, паколькі стварэнню пэўнай дэталі абавязкова папярэднічае распрацоўка яе прататыпа. У асноўным гэта робіцца пры дапамозе 3D-друку. Са з’яўленнем 3D-прынтараў гэта стаў самы папулярны і самы танны спосаб атрымаць гатовую мадэль. Раней прататыпы стваралі ўручную або пры дапамозе фрэзеравання, што было дастаткова працаёмкім працэсам. Перавага 3D-друку — у прастаце, невысокім кошце, але галоўнае — гэта хуткасць. Калі дапушчана памылка, яе можна адразу ж выправіць.

Яшчэ некалькі гадоў назад нейратэхналогіі здаваліся нечым фантастычным, а сёння яны развіваюцца, як кажуць, сямімільнымі крокамі. Па словах галоўнага эксперта кампетэнцыі, кандыдата тэхнічных навук, дацэнта кафедры робататэхнічных сістэм БНТУ Рамана Васільевіча Навічыхіна, удзельнікі кампетэнцыі “Нейратэхналогіі” пры дапамозе сваёй разумовай актыўнасці займаюцца кіраваннем віртуальных і фізічных аб’ектаў, выкарыстоўваюць нейракамп’ютарныя інтэрфейсы, якія распазнаюць псіхаэмацыянальныя станы канкурсантаў і інтэрпрэтуюць іх у каманды. Каб выканаць заданні, вельмі важна сканцэнтравацца. “Нейратэхналогіі могуць прымяняцца ў любых галінах дзейнасці чалавека. Падумаў, а яно атрымалася — гэта ж мара чалавецтва. І гэтая мара дзякуючы нейратэхналогіям здзяйсняецца”, — адзначыў Раман Васільевіч.

Сёння і заўтра

“Будучыня. Што мы можам пра яе сказаць? Якой яна будзе? Ці яна застанецца такой, як цяпер? На гэтае пытанне складана адказаць. Адно мы ведаем дакладна: будучыня ў нашых руках, настаў наш час, час першых”, — так завяршылі прэзентацыю свайго лангрыда пераможцы кампетэнцыі “Мультымедыйная журналістыка”. Сапраўды, гэта іх час, будучыня ў іх руках. А каб гэтыя рукі стваралі прафесійны, якасны прадукт, нам, сённяшнім прафесіяналам, варта адпавядаць такому высокаму званню. Менавіта ад нашага прафесіяналізму залежыць прафесіяналізм будучых журналістаў, робататэхнікаў, вэб-дызайнераў, спецыялістаў у сферы тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў — усіх тых прафесій, якія былі прадстаўлены на конкурсе JuniorSkills Belarus. Будучыня — у руках сённяшніх і заўтрашніх прафесіяналаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.