Будучыня — за маладымі прафесіяналамі

- 14:02Рознае, Якасць адукацыі

Прэстыж установы адукацыі ствараецца працаздольным, творчым педагагічным калектывам. Немалаважную ролю ў зладжаным калектыве адыгрываюць маладыя педагогі, бо яны — надзея кожнай навучальнай установы на далейшае развіццё. Менавіта яны здольныя прыўнесці новыя погляды на навучанне, выхаванне і развіццё навучэнцаў, ініцыіраваць свежыя ідэі па пытаннях работы ўстановы, педагагічнага калектыву. Але спачатку любому маладому спецыялісту трэба прайсці даволі складаны працэс прафесійнага станаўлення. Задача ўстаноў адукацыі, а таксама органаў кіравання адукацыяй — дапамагчы пачынаючым педагогам у гэты няпросты перыяд. Бо тое, якім стане малады спецыяліст праз некалькі гадоў, шмат у чым залежыць ад больш вопытных калег, ад іх прафесійнай дапамогі і падтрымкі.

Такога пункту гледжання прытрымліваюцца ва ўпраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і абласным інстытуце развіцця адукацыі. Сумеснымі намаганнямі для маладых педагогаў праводзяцца вучэбныя мерапрыемствы. Адно з іх адбылося на мінулым тыдні і было арыентавана менавіта на дапамогу пачынаючым настаўнікам. На фестывалі “Будучыня — за маладымі прафесіяналамі” сваімі распрацоўкамі і метадамі работы з маладымі спецыялістамі падзяліліся пераможцы абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года — 2014”.
— Педагогі, якія заслужылі ганаровае званне “Настаўнік года”, — гэта не толькі высокапрафесійныя прадметнікі, якія маюць добрую фундаментальную падрыхтоўку, валодаюць педагагічнай і псіхалагічнай культурай, але і педагогі, якія ўмеюць працаваць у інавацыйным рэжыме. Удзел жа ў конкурсах яшчэ больш павышае іх прафесійную кампетэнтнасць, робячы своеасаблівымі лідарамі ў адукацыі вобласці. І, вядома, ім ёсць чым падзяліцца з маладымі спецыялістамі. Па гэтай прычыне мы і арганізавалі адпаведны абласны фестываль, — адзначыла куратар мерапрыемства начальнік Цэнтра рэгіянальнага развіцця адукацыі МДАІРА Алена Афанасенка.
Форум для маладых спецыялістаў выдаўся насычаным. Удзельнікаў чакалі пазнавальныя майстар-класы, цікавыя міні-ўрокі. З маладымі педагогамі сваімі методыкамі і вопытам дзяліліся лаўрэаты Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014”: у намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, хімія, біялогія” — настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 15 Магілёва Галіна Дудко, у намінацыі “Замежная мова” — настаўніца сярэдняй школы № 40 Магілёва Кацярына Ляшчэвіч, а таксама фіналісты рэспубліканскага конкурсу: у намінацыі “Матэматыка, фізіка, інфарматыка, астраномія” — настаўніца матэматыкі гімназіі № 3 Магілёва Настасся Асэсарава, у намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, фізічная культура і здароўе” — настаўнік фізкультуры Ясенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Максім Мікуліч, у намінацыі “Пачатковая школа” — настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Бабруйска Ірына Матузава, у намінацыі “Руская мова, беларуская мова” — настаўнік беларускай мовы і літаратуры Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Юрый Каласоўскі.
Так, на майстар-класе ў Настассі Аляксандраўны Асэсаравай удзельнікі форуму даведаліся, як можна эфектыўна прымяняць на ўроках магчымасці інтэрактыўнай дошкі. Шмат новага змаглі ўзяць на заметку педагогі, якія прысутнічалі на майстар-класе ў Юрыя Уладзіміравіча Каласоўскага. Ён падрабязна расказаў аб выкарыстанні на ўроках беларускай мовы элементаў тэхналогіі актыўнай ацэнкі. Майстар-клас Максіма Мікалаевіча Мікуліча таксама не даў засумаваць маладым настаўнікам, бо на ім фіналіст рэспубліканскага конкурсу паведаміў калегам, як з дапамогай звычайнага відэазапісу можна павысіць у вучняў цікавасць да фізкультуры. Ірына Мікалаеўна Матузава падзялілася вопытам работы па развіцці славесна-лагічнага мыслення дзяцей на ўроках рускай мовы. У незвычайна творчай форме прайшлі майстар-класы Кацярыны Дзмітрыеўны Ляшчэвіч і Галіны Васільеўны Дудко. Лаўрэаты рэспубліканскага конкурсу прадставілі маладым педагогам спосабы фарміравання камунікатыўнай кампетэнтнасці з дапамогай англійскай мовы, а таксама павышэння пазнавальнай актыўнасці вучняў на ўроках гісторыі, выкарыстоўваючы інтэрактыўныя метады навучання.
Майстар-класы падзялілі ўдзельнікаў фэсту на прадметныя групы, аднак пасля іх заканчэння маладыя настаўнікі зноў сабраліся разам. На гэты раз для таго, каб у якасці гледачоў і вучняў пабываць на міні-ўроках сваіх больш вопытных калег. Міні-ўрокі па тэме “Формула поспеху…” на сцэне прадстаўлялі Галіна Васільеўна Дудко і Юрый Уладзіміравіч Каласоўскі. Разам са сваімі часовымі вучнямі за непрацяглы час урокаў Галіна Васільеўна і Юрый Уладзіміравіч вызначылі формулу поспеху і метады яе прымянення, высветлілі, якімі якасцямі павінен валодаць паспяховы чалавек, як прымножыць і развіць свой поспех. Пасля завяршэння міні-ўрокаў прысутныя на фестывалі абмяняліся сваімі думкамі і ўражаннямі.
— Прафесійны ўзровень педагогаў, якія для нас працавалі, вельмі высокі. Таму я вынес для сябе шмат чаго новага для далейшай працы. У прыватнасці, пэўныя методыкі правядзення ўрокаў, якія ў бліжэйшы час паспрабую прымяніць на сваіх занятках, — падзяліўся настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 19 Магілёва Леанід Снапкоўскі.
— Я атрымала сёння проста каласальны зарад творчай энергіі, які павязу з сабой, за што вельмі ўдзячна фіналістам конкурсу. Бо праца настаўніка не з простых. Слухаючы нашых выступоўцаў, я яшчэ раз пераканалася: выбар прафесіі быў зроблены правільна, а значыць, трэба развівацца, рухацца наперад, і тады поспех абавязкова прыйдзе, — адзначыла настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Клімавіч Кацярына Шашкова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.