Будучыня — за цэнтрамі ведаў

- 13:21Адукацыйная прастора
У кожнага з нас свае ўспаміны пра першы званок, але колькі б гадоў ні мінула, ён заўсёды гучыць асабліва. Першая лінейка для соцень навучэнцаў, педагогаў і бацькоў Салігорска ў гэтым годзе стала яшчэ больш хвалюючай: ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылася сярэдняя школа на 720 месцаў. Яна ўваходзіць у склад сучаснага вучэбна-педагагічнага комплексу, які ўключае ў сябе яшчэ і дзіцячы сад.

Установа адукацыі адпавядае ўсім патрабаванням сучаснасці. Тут ёсць усё для гарманічнага развіцця асобы, пра што папярэднія пакаленні навучэнцаў і педагогаў маглі толькі марыць.
— Са словам “школа” мы заўсёды звязваем надзеі на ўрачыстасць розуму, ведаў, дабра, духоўнага ўзбагачэння і любові да роднай зямлі, — сказаў у сваім прывітальным слове на адкрыцці школы старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Батура. — Гэтыя пачуцці перапаўняюць нас і сёння. Асабліва радуе тое, што ў рэспубліцы вырашэнню праблем адукацыі надаецца першаснае значэнне. Гэта стала нашым крэда, бо не маючы добра падрыхтаваных спецыялістаў, немагчыма вырашыць тыя каласальныя задачы, якія сёння стаяць перад нашым грамадствам.
Новы вучэбна-педагагічны комплекс губернатар вобласці назваў яркім прыкладам стварэння даступных умоў для ўсеагульнай адукацыі, павышэння якасці ведаў на ўсіх узроўнях адукацыйнай сістэмы, што з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзяржаўнай палітыкі.
— І, тым не менш, адкрыццё гэтай навучальнай установы, якая ўражвае сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базай і прыгажосцю, — толькі малая частка таго, што мы робім для нашых дзяцей, — сказаў Барыс Батура. — Дастаткова сказаць, што сёлета толькі ў Мінскай вобласці на рамонт устаноў адукацыі выдзелена 145 млрд рублёў. Яшчэ 230 млрд рублёў накіравана на будаўніцтва новых аб’ектаў. Узводзяцца дзіцячыя сады, школы, спартыўныя збудаванні. За апошнія гады мы пабудавалі дзясяткі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. На працягу некалькіх апошніх месяцаў абсталявана больш за 60 камп’ютарных класаў і лінгафонных кабінетаў. 26,5 млрд рублёў накіравана на аснашчэнне рэсурсных цэнтраў вытворчага навучання і цэнтраў падрыхтоўкі да міжнародных алімпіяд. Гэта работа дае адчувальныя вынікі. Летась школьнікі Міншчыны на прэстыжных міжнародных алімпіядах, конкурсах і канферэнцыях заваявалі 5 медалёў і 52 дыпломы. Сярод іх былі і салігорскія дзеці. Упэўнены, што пры той увазе, якая ў нашай дзяржаве аказваецца таленавітым навучэнцам, нас чакаюць яшчэ больш гучныя поспехі. Яшчэ шмат нашых дзяцей, як і ў папярэднія гады, стануць стыпендыятамі cпецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў. Няма сумненняў, што і ў сценах гэтай школы, якую мы сёння адкрываем, у хуткім часе з’явяцца свае героі.
Валерый Кірыенка, генеральны дырэктар “Беларуськалія”, калектыў якога аказаў спонсарскую дапамогу пры фінансаванні будаўніцтва комплексу, адзначыў:
— Разам мы пабудавалі новы палац ведаў. Упэўнены, ён дапаможа вам праславіць цудоўнымі дасягненнямі ў сферы адукацыі і навукі не толькі Салігорск і Мінскую вобласць, але і нашу краіну далёка за яе межамі. Любіце гэты палац ведаў, клапаціцеся пра яго. Скажу, што такія цудоўныя вучэбна-педагагічныя комплексы знойдуцца не ў многіх краінах.
У сваю чаргу генеральны дырэктар Будтрэста № 3 Мікалай Ашэйчык падзякаваў кіраўніцтву вобласці і раёна, калійшчыкам за своечасовае фінансаванне аб’екта. Ён уручыў дырэктару комплекса “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Іне Скуратавай сімвалічны ключ ад установы адукацыі.
У школу, як пераканаліся высокія госці, можна трапіць толькі пры дапамозе электроннай сістэмы пропуску. У чатырохпавярховым будынку, які складаецца з пяці блокаў, прадугледжаны прасторныя вучэбныя кабінеты для 1—4 класаў (вучэбныя і гульнявыя пакоі, спальныя і гардэробныя памяшканні), для 5—11 класаў (вучэбныя класы, лабараторыі фізікі, хіміі і біялогіі, кабінет працы, майстэрні, лінгафонныя кабінеты, кабінеты інфарматыкі з сучаснымі мультымедыйнымі тэхналогіямі, студыі мадэлявання і харэаграфіі). А таксама бібліятэка з чытальнай залай, 25-метровы басейн на 4 дарожкі, спартыўныя залы (гульнявая і гімнастычная), кабінет урача з працэдурным пакоем, фізіятэрапеўтычны кабінет, інгаляторый, сталовая на 240 пасадачных месцаў, цір, лыжасховішча, форум-рэакрэацыя.
Госці навучальнай установы ўдзельнічалі ў адкрытым уроку фізікі, які правёў фіналіст Міжнароднага навукова-інжынернага конкурсу “Intel ISEF” у Феніксе навучэнец гімназіі №2 Салігорска Цімафей Малахоўскі. На ўроку Цімафей прадставіў вынікі эксперымента па атрыманні псеўдасплаваў алюмінію і шкла. Даследаванні гімназіста ўяўляюць навуковую, эканамічную, экалагічную, рэсурсазберагальную каштоўнасць, таму губернатар вобласці ў сваю чаргу рэкамендаваў мясцовым уладам звярнуць увагу на іх.
Дзелячыся ўражаннямі ад наведвання школы, губернатар адзначыў:
— Увайшоўшы ў такую школу, навучэнец абавязкова адчуе пэўныя абавязкі, у першую чаргу, старанна вучыцца і беражліва адносіцца да ўсяго, з чым звязаны вучэбны працэс. Унікальнасць гэтай школы ў тым, што ў ёй 7 першых класаў, а гэта ў два разы больш, чым у сярэднім па школах Салігорска. Прыклад гэтай школы гаворыць пра істотныя пазітыўныя тэндэнцыі ў дэмаграфіі як Салігорска, так і Міншчыны. Яны ў першую чаргу з’яўляюцца вынікам падтрымкі дзяржавай чалавечага патэнцыялу. Гэта абнадзейвае. Будучыня — за такімі цэнтрамі ведаў.
— Якасна новы ўзровень ведаў будзе забяспечаны дзякуючы не толькі сучаснаму матэрыяльна-тэхнічнаму патэнцыялу школы, але і тандэму вопыту сённяшніх педагагічных работнікаў і наватарству маладых спецыялістаў, — пераканана дырэктар установы. — Мы цалкам сфарміравалі педагагічны калектыў. Адукацыйны працэс будзе ажыццяўляць 81 педагог, з іх 10 — маладыя спецыялісты. У новым навучальным годзе ў 33 класах школы будуць вучыцца 783 навучэнцы (з іх 175 першакласнікаў). А ў дзве змены школа гатова прыняць амаль паўтары тысячы навучэнцаў. Акрамя аптымальных умоў для навучання, выхавання і развіцця, навучэнцам і выхаванцам будзе прадастаўлены шырокі спектр дадатковых адукацыйных паслуг: факультатыўныя заняткі, аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі і гурткі. Што да дзіцячага сада, то ён разлічаны на 240 дзяцей, у ім 12 груп са спальнямі і рэсурснымі цэнтрамі. Ёсць дзве музычныя залы, спартзала, басейн, камп’ютарная гульнявая, медыцынскі блок і шэраг іншых спецыяльна абсталяваных памяшканняў. Будынак для дашкольнікаў плануецца падрыхтаваць да эксплуатацыі ўжо да канца верасня.

Аляксандр КАЛЕСНІКАЎ.
Фота аўтара і Андрэя МАЙСЕЕНКІ.