Будучыня залежыць ад выбару кожнага з нас

Са Святланай Румянцавай, настаўніцай кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы № 15 Наваполацка, мы сустрэліся 7 жніўня. У гэты дзень Святлана Леанідаўна выканала свой грамадзянскі абавязак і прагаласавала за кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Напэўна, таму і размова ў значнай ступені закранала найважнейшую падзею ў грамадскім жыцці краіны. І, канечне ж, не абмінулі ўвагай настаўніцкія клопаты і школьнае жыццё. Праблемы, якія турбуюць сёння педагагічную грамадскасць напярэдадні новага навучальнага года.

— Якія станоўчыя змены вы бачыце ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі за апошнія гады? Скажыце, што пазітыўнага адбылося ў галіне сярэдняй адукацыі?

— У Рэспубліцы Беларусь створаны неабходныя ўмовы для рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі. Уводзяцца новыя школы, навучэнцам 8—9 класаў прадастаўлена магчымасць вывучэння асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Адначасова з профільнымі на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі працягваюць функцыянаваць базавыя класы, навучэнцы якіх асвойваюць курс прафесійнай падрыхтоўкі ў рамках прадмета “Працоўнае навучанне”. У 2019/2020 навучальным годзе завершаны пераход на абноўленыя вучэбныя праграмы на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі з улікам яе адноснай завершанасці. Пры гэтым улічаны паўната і паслядоўнасць матэрыялу, які вывучаецца, мэтазгоднасць яго вывучэння ў канкрэтным класе, міжпрадметныя сувязі, рацыянальнасць размеркавання вучэбнага часу на вывучэнне асобных тэм і раздзелаў, абнаўляюцца школьныя падручнікі. Бясспрэчна, падручнік не можа быць ідэальным. Але мы, настаўнікі, вельмі рады таму, што Міністэрства адукацыі прыслухоўваецца да нашых канкрэтных прапаноў па іх паляпшэнні, заахвочвае да працы над вучэбнымі дапаможнікамі не толькі навукоўцаў, але і настаўнікаў-практыкаў. Абнаўляюцца і ўстановы адукацыі, з кожным годам яны становяцца лепш тэхнічна абсталяванымі, развіваецца інфармацыйная прастора.

— Як практык, што вы можаце сказаць пра сучасныя падручнікі?

— Тыя падручнікі, якія паступілі ў школы, адлюстроўваюць у адзінстве і логіку навукі, і логіку праграмы, і логіку развіцця асобы. Я хоць і з’яўляюся настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, але магу так гаварыць не толькі пра падручнікі па мове і літаратуры, бо водгукі калег, настаўнікаў іншых прадметаў, пацвярджаюць гэта. Новыя падручнікі інфарматыўныя, наглядныя, яны звязваюць вучэбны матэрыял з дадатковай і сумежнай літаратурай, пабуджаюць да самаадукацыі і творчасці. Увогуле вельмі важна, што зараз у краіне рэалізуецца адзіная адукацыйная палітыка, прымаецца сістэма мер па павышэнні статусу настаўніка, якая ўключае маральнае і матэрыяльнае стымуляванне працы, памяншэнне колькасці дадатковых абавязкаў як школы ў цэлым, так і настаўніка ў прыватнасці. Праблемы і недахопы былі і будуць у любой сферы чалавечай дзейнасці, і да гэтага трэба падыходзіць канструктыўна. Пасля выказвання незадаволенасці, тым больш выказвання агрэсіўнага, праблемныя пытанні чарадзейным чынам не знікнуць. Толькі калі пастараемся разам вырашаць праблемныя моманты, то дасягнём вельмі многага.

— Часам пачынаючыя настаўнікі скардзяцца на складаных дзяцей, невялікія заробкі. А што турбавала вас у пачатку кар’еры?

— Настаўніцкую працу я пачала ў 1992 годзе па вакансіі ў сярэдняй школе № 12 Наваполацка (дырэктарам на той час была Святлана Іванаўна Драздова), пасля заканчэння інстытута трапіла ў Баравухскую сярэднюю школу (кіраваў школай Міхаіл Міхайлавіч Лузгін). Складанасцей тады, безумоўна, хапала, паліцы магазінаў былі пустыя, заробкі невялікія. Пераломны, але цікавы час. Запомніліся не цяжкасці і выпрабаванні, а цудоўная атмасфера маладосці, прафесійнага ўзлёту, рамантыкі. Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, мы апантана працавалі! Была падтрымка з боку вопытных калег, кіраўніцтва школы. Актыўна выкарыстоўвалі новыя педагагічныя тэхналогіі,

эксперыментавалі, раслі. У розныя часы пачынаць працаваць складана. Калі ты прыходзіш у школу пасля ўніверсітэта, ёсць хваляванне, сумненні, цяжкасці. Зараз за кожным маладым педагогам замацаваны вопытны куратар, настаўнік-майстар, таму самае галоўнае — не баяцца і верыць, што ўсё атрымаецца.

— Якія пытанні хвалююць сёння настаўніцкую грамадскасць?

— Шмат пытанняў хвалюе педагогаў, але, на жаль, не ўсе можна вырашыць адміністрацыйным шляхам. Напрыклад, заробкі. Настаўнікі — гэта бюджэтнікі, адпаведна рост заработнай платы напрамую залежыць ад стану эканомікі краіны. У той жа час, хто не жадае іх павялічыць — шукае прычыну, а хто жадае — магчымасці. Так і ў школе. Зараз ёсць магчымасць зарабляць больш. Напрыклад, павышаць кваліфікацыйную катэгорыю, займацца з адоранымі вучнямі. Ёсць яшчэ, акрамя ўрокаў і факультатываў, платныя паслугі, падрыхтоўка вучняў да ўдзелу ў мерапрыемствах, конкурсах, алімпіядах, за якія таксама атрымліваеш надбаўкі (стымулюючыя выплаты). Але трэба шмат працаваць. Так усюды. Ментальнасць чалавека і нацыі вызначаецца і шляхамі, і сродкамі, якімі яны ідуць да акрэсленай каштоўнасці, дасягаюць яе. Лічу, што беларускі шлях — праца. У працы выяўляецца ўся сіла і прыгажосць чалавека, рэалізуюцца лепшыя яго якасці і талент, бо працавітасць сама па сабе ёсць талент чалавека і сведчанне яго жыццястойкасці, нязломнасці, цягавітасці.

— Калі вы лічыце, што працавітасць — вызначальная рыса сапраўднага беларуса, якая ж самая вялікая хвароба нашага грамадства?

— Безадказнасць за сябе і свае ўчынкі. Многія прывыклі браць, а не аддаваць, спадзявацца на кагосьці. Многае залежыць менавіта ад нас саміх. Таму адназначна негатыўна адношуся да агрэсіўнага вулічнага пратэсту як формы вырашэння важнейшых палітычных пытанняў. Недапушчальна вырашаць канфлікты такім чынам, для кожнага з нас важна трымаць любыя свае эмоцыі пад кантролем, у тым ліку і агрэсію. Сваім вучням заўсёды даводжу, што трэба не на свае прыродныя інстынкты спадзявацца, а на разумовае развіццё, якое заўсёды любога чалавека рухала наперад і дазваляла дабівацца выдатных вынікаў. Вам штосьці не падабаецца? Што ж, абдумайце свае дзеянні, прааналізуйце ўчынкі і накіруйце энергію на вырашэнне праблем мірным шляхам. Маладому пакаленню варта памятаць словы Анатоля Вярцінскага:

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць,

Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, —

Тварыць!

Вы ведаеце сваю галіну і людзей, якія працуюць у адукацыі. Які настрой у настаўнікаў?

— Магу з упэўненасцю сказаць пра настаўнікаў сярэдняй школы № 15 Наваполацка (дырэктар Ірына Уладзіміраўна Васіленка): настрой у нас добры. Наш педагагічны калектыў працаздольны, творчы, і я думаю, рэалізацыя любых планаў нам па плячы. Галоўнае тут — захаванне і прымнажэнне школьных традыцый, засваенне багатага педагагічнага вопыту нашых папярэднікаў праз прызму інавацый. У развіцці творчых падыходаў да працэсу навучання мы адчуваем вялікую падтрымку ад Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, метадычнай службы горада. Мы можам сказаць, што ў нас выпрацавана свая канцэпцыя школы, якая дае магчымасць ёй актыўна развівацца і ўдасканальвацца. Багаты інтэлектуальны і творчы патэнцыял нашых педагогаў дае магчымасць падрыхтаваць выпускніка, які валодае кампетэнцыямі, што дазваляюць яму быць паспяховым у сучасным свеце і прыносіць карысць грамадству і дзяржаве. Безумоўна, неабходны складнік павышэння якасці адукацыі — пашырэнне інфармацыйнай прасторы. Гэтая задача таксама паспяхова вырашаецца. Толькі адзін характэрны прыклад: за невялікі час у нашу школу было накіравана 4 мультыборды, сучасныя камп’ютары для кабінета інфарматыкі, іншае тэхнічнае абсталяванне — грунтоўная падтрымка, за што мы шчыра ўдзячны кіраўніцтву краіны, Міністэрству адукацыі, мясцовым уладам. Тэхнічныя навінкі адразу ж уключаюцца ў работу, а значыць, даюць новы імпульс для далейшага развіцця. Так што ў будучыню мы глядзім з упэўненасцю.

— Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — найважнейшая падзея ў жыцці грамадства. Як вы асабіста зрабілі свой выбар?

— Пераканана, што ў выбарах павінен прыняць удзел кожны, бо гэта не толькі наш грамадзянскі абавязак, але і канстытуцыйнае права. Менавіта яны вызначаюць будучыню нашай Радзімы. Асабіста я ацэньвала, што карыснага можа прынесці кожны кандыдат краіне, людзям. Для мяне няма нічога даражэйшага за мір, спакой за родных і блізкіх, за ўсіх беларусаў. Вельмі рада магчымасці жыць і працаваць у свабоднай і квітнеючай краіне. Так, чалавеку не дадзена ведаць, што будзе заўтра, але ад чалавека ў многім залежыць, якім яно будзе, і таму кожнаму з нас трэба зрабіць асэнсаваны выбар. Гісторык даследчык віцебскай даўніны А.П.Сапуноў пакінуў нам адказ на пытанне, якое не можа не хваляваць кожнага з нас: “Што ж у будучыні чакае Беларусь і беларуса? А гэта ўжо ў значнай ступені ў нашых руках і залежыць ад нашых сумленных адносін да нашага абавязку перад дарагой Радзімай. Калі мы зможам выканаць наш абавязак добрасумленна, то будучыня наша светлая і радасная…”

Падрыхтала Таццяна БОНДАРАВА.