Будучыя абаронцы і ратавальнікі

Традыцыйная ўрачыстасць, прысвечаная ўступленню навучэнцаў у патрыятычныя класы МНС, адбылася 19 кастрычніка ў сярэдняй школе № 44 Віцебска.

Установа адукацыі адной з першых у краіне пачала работу ў гэтым напрамку. На працягу амаль двух дзясяткаў гадоў у адну з субот кастрычніка старэйшыя таварышы, выпускнікі, кіраўніцтва школы і запрошаныя прадстаўнікі службаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ві­таюць і віншуюць маладое папаўненне класаў МНС.

— Больш за васямнаццаць гадоў мы актыўна супрацоўнічаем з пажарным аварыйна-выратавальным атрадам “Віцязь”, — расказаў дырэктар школы Сяргей Піталенка. — Нашы навучэнцы знаёміліся са спецыяльнасцямі ратавальнікаў — ад пажарнага да вадалаза і работніка службы медыцынскай дапамогі, нават выходзілі на дзяжурствы разам з супрацоўнікамі атрада. Больш за 400 выпускнікоў паступілі ў профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі і звязалі свой лёс з сілавымі структурамі Рэспублікі Беларусь. Сёння гэта ўжо паспяховыя прафесіяналы, якія працуюць у тым ліку ў падраздзяленнях МНС Віцебскай вобласці, уключаючы абласное ўпраўленне. Як характэрны прывяду прыклад дваіх выпускнікоў. Адзін з іх, лейтэнант Андрэй Макоўскі, зараз выкладае ў нашых класах МНС. Другі, Павел Максімаў, выкладчык Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. Многія нашы навучэнцы і выпускнікі ўваходзяць у абласную і нацыянальную зборныя па пажарна-выратавальным спорце, неаднаразова перамагалі і станавіліся прызёрамі чэмпіянатаў Еўропы і свету. Прычым не толькі хлопцы: наша Вікторыя Осіпава — абсалютная чэмпіёнка свету і першая беларуска — майстар спорту па пажарна-выратавальным спорце. Дарэчы, дзяўчаты займаюцца ў класах МНС поруч з хлопцамі ўжо дзявяты год.

Як паведамілі ў прэс-службе Віцебскага УМНС, у вобласці класы па напрамку “Бяспека жыцця­дзейнасці” функцыянуюць больш як у 30 установах адукацыі ў кожным горадзе (раёне) вобласці, коль­касць навучэнцаў у іх складае каля 650 чалавек.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.