Будучыя афіцэры — у лідарах

Ваенны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы па выніках работы за 2020/2021 навучальны год прызнаны лепшым сярод ваенных факультэтаў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі.

Штогод упраўленне ваеннай адукацыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь падводзіць вынікі дзейнасці за навучальны год. Ваенны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы становіцца лідарам другі год запар. Па кожным з напрамкаў дзейнасці — “Вучэбная работа” і “Навуковая работа” — сярод 24 кафедраў ваенных факультэтаў кафедра тэорыі і арганізацыі фізічнай падрыхтоўкі ваеннаслужачых ваеннага факультэта ўніверсітэта заняла 2-е месца.

У чым сакрэт такога стабільнага першынства, спыталіся ў начальніка ваеннага факультэта Лявонція Паўлава.

— Добрыя вынікі — гэта заслуга работы ўсяго калектыву: афіцэраў і курсантаў. Мы мэтанакіравана ішлі да гэтага, і цяпер бачым, што стратэгія выбрана правільная, яна працуе. Паспрыя­ла і падтрымка кіраў­ніцтва УВА. На наш факультэт прыходзяць матываваныя маладыя людзі, якія свядома вырашылі стаць афіцэрамі і прысвяціць сябе служэнню Айчыне. Немалаважную ролю адыгрывае і наладжаная сістэмная работа па ваенна-патрыятычным выхаванні школьнікаў. Факультэт у рамках заключаных дагавораў супрацоўнічае са многімі школамі Гродна, цэнтрамі дапрызыўнай падрыхтоўкі Гродзенскай вобласці. У прыватнасці, для вучняў ваенна-патрыятычных класаў сярэдняй школы № 38 Гродна заняткі праводзяцца на базе факультэта. Прычым займаюцца са школьнікамі не афіцэры, а курсанты, — расказаў Л.Ю.Паўлаў.

Цесныя сувязі ў ваеннага факультэта наладжаны з Гродзенскім абласным кадэцкім вучылішчам. Стала ўжо традыцыяй летні ваенна-палявы збор право­дзіць таксама на базе факультэта. У гэтым годзе першыя заняткі для курсантаў правёў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гро­дзенскай вобласці Юрый Ка­раеў. Ваенны факультэт курыруе падрыхтоўку школьнікаў, якія заступаюць на гарадскую Вахту памяці ля Вечнага агню ў парку Жылібера. Ды і выступленні курсантаў ваеннага факультэта ў складзе роты ганаровай варты Гродзенскага гарнізона на значных абласных і гарадскіх мерапрыемствах узнімаюць прэстыж вайсковай службы.

Навучаннем і выхаваннем будучых афіцэраў сёння ўжо зай­маюцца выпускнікі ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, якія не менш як пяць гадоў праходзілі службу ў войсках. На кафедры тэорыі і арганізацыі фізічнай падрыхтоўкі вайскоўцаў з 5 педагогаў — 2 выпускнікі факультэта, а на кафедры тылавога забеспячэння з 9 — 4. Практычна трэць былых курсантаў сёння працуюць на выпускаючых кафедрах.

На ваенны факультэт прыходзяць матываваныя маладыя людзі. Немалаважную ролю адыгрывае і наладжаная сістэмная работа па ваенна-патрыятычным выхаванні школьнікаў.

У хуткім часе плануюцца станоўчыя змены. Міністэрствам абароны прынята рашэнне, згодна з якім з 2023 года на ваенным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы будзе адкрыты новы напрамак спецыяльнасці “Тылавое забеспячэнне войскаў (гаруча-змазачнымі матэрыяламі)”. Сёння тут вядуць падрыхтоўку афіцэраў па спецыяльнасцях “Тылавое забеспячэнне войскаў (харчаваннем)” і “Тылавое забеспячэнне войскаў (рэчавай маёмасцю)”. Такім чынам на базе ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы будуць сканцэнтраваны ўсе тры напрамкі спецыяльнасці “Тылавое забеспячэнне войскаў”.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ГрДУ імя Янкі Купалы
.