Будучыя настаўнікі — настаўнікам, якія перажылі вайну

- 12:07Навіны рэгіёнаў

Рэтра-паштоўку, якую напярэдадні свята вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў падрыхтавалі супрацоўнікі Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава, навучэнцы гомельскага каледжа імя Льва Выгоцкага заказалі і даслалі ветэранам Вялікай Айчыннай.

На гэтай паштовай картцы — выява жывапіснай работы Міхаіла Андыка — самадзейнага мастака, ураджэнца Жыткавіцкага раёна. Карціна “На Радзіму з перамогай” — дзіцячыя ўражанні майстра пэндзля ад моманту вяртання яго бацькі з фронту, гаворыць дырэктар Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава Пётр Цалка:

—  На карціне-паштоўцы мы бачым салдата, які вяртаецца да роднай хаты. Ён прайшоў усе выпрабаванні вайны і гатовы да новага жыцця. Сімвалічна тое, што сустракае франтавіка ў родным куточку: коміны спаленых дамоў, абпаленыя сады… Але ж агульны від разбуранай вёскі застаецца на заднім плане. Ён нібы прывід, успамін пра ліхалецці, якія прыйшлося перажыць. Усё навокал крычыць пра жыццё, якое прабіваецца з усіх куткоў… Вось бусел — галоўны сімвал Беларусі — лунае ў чыстым мірным небе і ляціць да свайго гнязда, у якім яго чакаюць бусляняты — працяг роду, працяг жыцця…

Карціна Міхаіла Андыка захоўваецца ў фондах Веткаўскага музея, яе не аднойчы ўключалі ў выставачныя праекты, якія былі прымеркаваны да 9 Мая. У год 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне музейныя супрацоўнікі вырашылі зрабіць віншавальную паштоўку-рэпрадукцыю.

— Набыць картку “З Перамогай на Радзіму” можна ў сувенірным кіёску музея ў Ветцы і ў яго філіяле ў Гомелі, — адзначае кіраўнік музея. — Застанецца толькі падпісаць і даслаць па пошце віншаванне дарагому сэр­цу адрасату.

Вопыт Веткаўскага музея па стварэнні паштоўкі атрымаў водгук у лічаныя дні. Пілотны тыраж у 100 экзэмпляраў прыйшлося павялічваць. Першымі, хто звярнуў увагу на ініцыятыву музейшчыкаў, сталі навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага. Будучыя педагогі, навучэнцы каледжа ў фармаце віртуальнай экскурсіі пазнаёміліся з гісторыяй карціны, якая стала прататыпам паштоўкі, расказвае намеснік дырэктара ўстановы адукацыі Віктар Філіпенка:

— Напярэдадні святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі па ініцыятыве пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі і пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” каледжа мы зрабілі праект “З Перамогай на Радзiму!”. Навучэнцы першага, другога і трэцяга курсаў падпісалі і даслалі паштоўкі з віншаваннямі сарака адрасатам. Сярод іх — ветэраны Вялікай Айчыннай, былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, а таксама асобы са статусам “дзеці вайны”. Да таго ж усе адрасаты — гэта лю­дзі, якія потым у мірны час сталі педагогамі ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці. Для будучых настаўнікаў такі праект у першую чаргу нетрадыцыйная форма патрыятычнага выхавання. Той, хто рыхтуе віншаванне выбранаму адрасату, знаёміцца з яго лёсам, разам са сведкам ваенных падзей перажывае і смутак па тых, хто не вярнуўся жывым дадому, і гонар за тых, хто падарыў Вялікую Перамогу.

Дарэчы, ініцыятыву каледжа падтрымалі і супрацоўнікі Гомельскага філіяла РУП “Белпошта”. Ва ўрачыстай атмасферы навучэнцы перадалі паштоўкі начальніку аддзялення паштовай сувязі № 50 Гомеля. Штэмпелі замест марак, якія паставілі паштавікі, гарантуюць хуткую адпраўку адрасатам.

Між тым навучэнцы педагагічнага каледжа ў межах праекта “Моладзь і твор­часць: у імя міру!” самі ўзялі актыўны ўдзел у конкурсе “Паштоўка для ветэрана”. Яны разам з выкладчыкамі распрацавалі макеты святочных віншавальных паштовак. Па выніках абласнога этапу конкурсу адзінаццаць творчых работ навучэнцаў адзначаны членамі журы, а серыя паштовак заваявала першае месца ў групавым заліку.

Як паведамілі ў каледжы імя Выгоцкага, валанцёры атрада “Экалогія” і супрацоўнікі ўстановы арганізавалі патрыятычную акцыю “Дрэва жыцця” — у межах рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”. Будучыя педагогі ў знак павагі да подзвігу пераможцаў і сучаснага мірнага жыцця высадзілі яблыні і вішні побач з каледжам — у скверы па вуліцы Пралетарскай.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.