Будучыя ўрачы падаюць прыклад

- 11:23Навіны рэгіёнаў

Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт першым сярод УВА Гомельшчыны атрымаў вакцыну “Спутнік Лайт”. Гэтая аднакампанентная вакцына, прызначаная ў тым ліку для маладых людзей, паступіла ў пункт аховы здароўя медыцынскага ўніверсітэта.

Як расказалі ў прэс-службе ўстановы вышэйшай адукацыі, больш як 50 студэнтаў медыка-дыягнастычнага факультэта ўжо прышчапіліся. Дэкан МДФ Ірына Назаранка адзначае ўсвядомленае стаўленне сваіх студэнтаў да вакцынацыі:

— Нашы студэнты вучацца на клінічных базах, яны бачаць, як працуюць калегі-ўрачы, не па чутках ведаюць, што са з’яўленнем дэльта-штама эпідэмічная сітуацыя ў рэгіёне пагаршаецца.

Урачы дыягнастычнага і прафілактычнага профіляў вельмі запатрабаваны ў пандэмію COVID-19. Студэнты бяруць з іх прыклад і максімальна хочуць засцерагчы сваё жыццё, а таксама сваіх родных і блізкіх. Дэльта-штам яшчэ больш патагенны і выклікае захворванне на каранавірусную інфекцыю ў большай колькасці дзяцей і маладых людзей.

На лячэбным факультэце Гомельскага медуніверсітэта прышчэплены ад каранавіруснай інфекцыі больш за 200 студэнтаў. Дарэчы, кампанія па вакцынацыі ў гэтай установе стартавала яшчэ ў канцы мінулага навучальнага года, калі была імунізавана больш як палова студэнтаў старшых курсаў.

Тым часам і ў ГДУ імя Ф.Скарыны прыступілі да вакцынацыі студэнтаў. Раней студэнты і выкладчыкі маглі прышчапіцца расійскім “Спутнікам V” ці кітайскім VeroCell, а цяпер у студэнтаў з’явілася магчымасць атрымаць вакцыну “Спутнік Лайт”. Перад увя­дзеннем кампанента апытанне і папярэдні медыцынскі агляд праводзіць загадчык філіяла № 6 Гомельскай цэнт­ральнай гарадской паліклінікі Пётр Коцур.

— Мы рэкамендуем “Спутнік Лайт” моладзі ад 18 да 23 гадоў, — адзначае Пётр Рыгоравіч. — Гэта аднаэтапная вакцынацыя з дасягненнем вельмі добрых паказчыкаў. Магчымасць прышчапіцца гэтым тыпам вакцыны ёсць і ў студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, і ў навучэнцаў кале­джаў і ліцэяў.

На нядаўняй прамой лініі ў эфіры тэлеканала “Беларусь 4” рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Стома ра­зам з іншымі аўтарытэтнымі экспертамі расказваў пра рэспіраторны этыкет, рэвакцынацыю, дэльта-штам і чацвёртую хвалю COVID-19. Было адзначана, што Гомельская воб­ласць займае першае месца па ­ўдзельнай вазе вакцынаванага насельніцтва.

Першым кампа­нентам прыш­чэплена 27% жыхароў, другім — 20%, усяго — 380 тысяч чалавек. Аднак для выпрацоўкі калектыўнага імунітэту гэтага недастаткова. Задача — вакцынаваць 60%, або 830 тысяч чалавек. Для грамадзян Рэспублікі Беларусь, нагадваюць эксперты, вакцынацыя бясплатная. Для замежнікаў яна абыдзецца ў 140 рублёў за расійскую і 240 — за кітайскую вакцыну.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.