Будуем сям’ю для дзіцяці

- 16:32Нам пішуць

Дапамагчы сям’і на складаных этапах прывучвання дзіцяці да нармальнага сямейнага жыцця могуць і павінны сацыяльна-педагагічныя цэнтры. Найбольш прымальным варыянтам з’яўляецца стварэнне адзінага сацыяльна-адукацыйнага комплексу — сістэмы міжведамаснага бесперапыннага сацыяльна-педагагічнага суправаджэння замяшчальнай сям’і.

У планаванні суправаджэння замяшчальных сем’яў установамі адукацыі можна вылучыць наступныя этапы: арганізацыйны — міждысцыплінарны падыход, узаемадзеянне ведамстваў у рабоце з сям’ёй і дзіцем, стварэнні спрыяльных умоў у асяроддзі дзіцяці — сям’і, адукацыйнай установе і інш; сацыяльна-педагагічны — стварэнне перадумоў для добрага развіцця дзіцяці ў замяшчальнай сям’і; этап асветніцкай і метадычнай работы — пераадоленне праблем развіцця замяшчальных сем’яў; кантроль па выкананні плана развіцця прыёмнай сям’і з мэтай абароны правоў і законных інтарэсаў дзіцяці.

У нашым СПЦ падрыхтоўка кандыдатаў вядзецца ў форме псіхолага-педагагічных трэнінгаў у аб’ёме 10 заняткаў (24 гадзіны). Пасля перадачы дзіцяці ў сям’ю пачынаецца работа спецыялістаў цэнтра па суправаджэнні прыёмных бацькоў.

На базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра функцыянуюць раённы клуб для замяшчальных бацькоў “Давер” і метадычнае аб’яднанне для прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў. У першыя 9 месяцаў 2018 года на базе СПЦ арганізаваны дыскусія з элементамі трэнінгу “Эмацыянальныя цяжкасці прыёмных сем’яў”, круглы стол “Роля замяшчальных бацькоў у прафесійным самавызначэнні дзіцяці”, семінар-практыкум “Прафілактыка суіцыдальных паводзін падлеткаў”.

Асаблівую ролю ў суправаджэнні прыёмнай сям’і адыгрывае псіхалагічнае кансультаванне. Педагогі-псіхолагі нашага цэнтра праводзяць псіхалагічнае кансультаванне па пытаннях развіцця і выхавання дзяцей, а таксама па пытаннях, звязаных з узаемаадносінамі ў сям’і.

Зносіны бацькоў паміж сабой дапамагаюць зняць эмацыянальную напружанасць. На сустрэчах адбываецца абмен вопытам па пытаннях выхавання і развіцця дзіцяці. Атрыманая інфармацыя дапамагае лепш зразумець, што пачуцці і перажыванні нармальныя і адэкватныя. Часам раповед ужо дасведчаных прыёмных бацькоў аб аналагічным уласным вопыце, аб тым, што іх дзіця ўжо вяло сябе падобным чынам, дазваляе іншым прыёмным бацькам сабрацца і аб’ектыўна ацаніць сітуацыю, якая склалася, альбо самастойна знайсці выхад.

Каб не быць галаслоўным, прывяду прыклад работы з адной з нашых сем’яў.

Так, у органы апекі звярнулася Таццяна Іосіфаўна, якая захацела ўзяць пад апеку хлопчыка пяці гадоў. У маці ёсць свая дачка, якая дапамагла прыняць рашэнне аб узяцці пад апеку ў сям’ю дзяцей. У адпаведнасці з планам работы, з маці былі падрыхтоўчыя заняткі ў кандыдаты, дыягностыка, кансультаванне ў спецыялістаў (педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог). Падчас работы са спецыялістамі нашага цэнтра завязаліся адкрытыя, даверлівыя адносіны. Выканаўшы ўсе неабходныя юрыдычныя і адміністрацыйныя ўмовы, сям’я ўзяла да сябе траіх дзяцей. З цягам часу ў сям’ю ўзялі яшчэ адну дзяўчынку.

Са слоў прыёмнай маці: “Пасля ўбачанай рэкламы аб усынаўленні доўгі час былі сумненні наконт стварэння неабходных умоў і належнага стаўлення да іншых дзяцей, аднак родная дачка прапанавала патэлефанаваць у цэнтр і пацікавіцца аб магчымасці прыняцця ў сям’ю дзіцяці”.

Таццяна Іосіфаўна звярнулася па кансультацыю да педагога-псіхолага для атрымання рэкамендацый па зносінах з дзіцем, яго выхаванні ў сям’і, у адукацыйнай установе, магчымых эмацыянальных праблемах ва ўзаемаадносінах з дзіцем. Разам з маці быў складзены план развіцця сям’і, вызначаны мэты і задачы на паўгоддзе.

Па словах прыёмнай маці, першы час заўважалася некаторая рэўнасць да расповедаў прыёмнай дачкі аб роднай маці, аднак з часам прыйшло ўсведамленне, што дзіця не забылася сваіх родных і неабходнасці ў адасабленні яго ад бацькоў няма, — наадварот: жанчына імкнулася паказаць дзяўчынцы, што ўсе здзяйсняюць у жыцці памылкі, а работа над сабой і сваімі недахопамі неабходна. Маці расказала, што ніколі не перашкаджае зносінам і сустрэчы дзяцей з іх роднымі братамі і сёстрамі.

Таксама, па словах мамы, у дачкі Алены першы час былі праблемы са зносінамі з аднагодкамі ў школе на новым месцы жыхарства. Гэта выяўлялася ў тым, што аднакласнікі адчувалі непрыязнасць да новай вучаніцы, рабілі ёй з’едлівыя заўвагі, жартавалі, аднак дачка не хацела хваляваць сваю прыёмную маці. Таццяна Іосіфаўна неўзабаве пачала здагадвацца аб праблеме дзяўчынкі, сабрала сямейны савет, на якім расказала дзецям, што на самай справе Алене вельмі пашанцавала, бо ў яе ёсць дзве маці і два бацькі, з якімі ў яе добрыя адносіны, і гэтым трэба ганарыцца. Пасля конкурсу твораў у школе аб сваёй сям’і Алена расказала ўсім, што вельмі шчаслівая і ёй пашанцавала, што ў яе ёсць не адна, а дзве маці, якіх яна любіць і з якімі ў яе добрыя адносіны. У далейшым дзеці добра ўспрымалі яе ў калектыве, былі наладжаны ўзаемаадносіны з класам і аднагодкамі.

Таццяна Іосіфаўна дакладна сфармулявала правілы, якія датычацца ўзаемаадносін, маральнай і працоўнай дысцыпліны ў сям’і. Напрыклад, для кожнага дзіцяці вызначаны даручэнні, якія мяняюцца кожны дзень. Сям’я збіраецца за сямейным сталом. Ніхто з дзяцей не зайздросціць адно аднаму, заўсёды прыходзіць на дапамогу. Калі ўзнікае канфлікт, то, як правіла, ён звязаны з непаразуменнем. Маці выкарыстоўвае дэмакратычныя метады вырашэння канфліктных сітуацый, часам яна прайграе сітуацыі для нагляднасці, каб паказаць дзецям, як усё выглядае збоку.

Зыходзячы з практыкі сваёй работы, магу адзначыць, што сацыяльна-педагагічнае суправаджэнне павінна быць засяроджана на дзіцяці, яго ўзаемадзеянні з навакольнымі. Працэс суправаджэння патрабуе прытрымлівацца дакладнага плана па развіцці і адаптацыі дзіцяці.

Сяргей ТАЛАКА,
сацыяльны педагог Навагрудскага раённага СПЦ.