Магілёўскі абласны ліцэй № 3 — навучальная ўстанова, якая не мае патрэбы ў асаблівым прадстаўленні. Гэта адна з лепшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы: ліцэй уваходзіць у ТОП-10 навучальных устаноў, выпускнікі якіх паказваюць стабільна высокія вынікі на ЦТ.
Званне лепшага проста не даецца. Да яго трэба імкнуцца. Многае, вядома, залежыць ад педагагічнага калектыву, але не менш важную ролю адыгрывае адладжаная сістэма работы і, вядома, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне,
— У нас працуюць выдатныя педагогі. Кожны настаўнік — прафесіянал сваёй справы і гатовы прывесці да поспеху сваіх вучняў, варта толькі выбудаваць эфектыўную сістэму работы і стварыць для гэтага неабходныя ўмовы, — гаворыць дырэктар абласнога ліцэя № 3 Канстанцін Грыгаровіч.
Па словах Канстанціна Міхайлавіча, над стварэннем такіх умоў, удасканаленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы ва ўстанове працуюць пастаянна. На сённяшні дзень у ліцэі дзейнічаюць два лінгафонныя кабінеты, два камп’ютарныя класы. Дарэчы, камп’ютарам, які падключаны да сеткі інтэрнэт, абсталяваны практычна кожны вучэбны кабінет ліцэя. Акрамя гэтага, у многіх класах ёсць мультымедыйныя праектары, ды і выглядаюць класы сучасна — у іх адпаведная часу вучэбная мэбля і інтэр’ер, ёсць усё неабходнае для вывучэння таго ці іншага школьнага прадмета абсталяванне.
Але ў трэцім ліцэі не прывыклі спыняцца на дасягнутым. У гэтай установе заўсёды імкнуцца да большага. Не так даўно ў навучальнай установе абнавілі адзін з кабінетаў хіміі.
— За кошт сродкаў, выдзеленых у рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця агульнай сярэдняй адукацыі, вучэбны кабінет хіміі цалкам змяніўся. У ім з’явіліся дзве зоны: адна — для тэарэтычных заняткаў, другая — для практычных доследаў і эксперыментаў. У новым кабінеце прадугледжана лабаранцкая для педагогаў. Акрамя гэтага, мы правялі ў класе касметычны рамонт, абнавілі мэблю і ўсё неабходнае абсталяванне для практычных і лабараторных работ, закупілі новыя дыдактычныя матэрыялы, наглядныя дапаможнікі. Усё гэта дазволіла зрабіць урокі хіміі больш цікавымі і пазнавальнымі, — адзначае Канстанцін Міхайлавіч.
З меркаваннем дырэктара ліцэя згодна і настаўніца хіміі ўстановы Ганна Васільеўна Лажэвіч:
— Раней у нас быў самы звычайны клас, цяпер жа — сучасны кабінет хіміі, з асобнай лабараторыяй, што вельмі важна, бо хімія — адна з тых навук, якая патрабуе эксперыментальнага пацвярджэння. Годам раней мы маглі праводзіць толькі тыя хімічныя доследы, якія прадугледжаны школьнай праграмай. А зараз, дзякуючы наяўнасці хімічнай лабараторыі, у нас з’явілася магчымасць не толькі выконваць лабараторныя работы па школьнай праграме, але і больш актыўна ўдзельнічаць у навукова-даследчай дзейнасці, больш старанна рыхтавацца да алімпіяд. Старанна і якасна, бо, акрамя асобнага памяшкання, у лабараторыі ёсць неабходнае для правядзення хімічных эксперыментаў абсталяванне. У нас ёсць бімалекулярны мікраскоп, сушыльная шафа, цэнтрыфуга, спектрометр, трымалекулярны мікраскоп з выхадам на камп’ютар. У кожнага вучня сваё працоўнае месца, дзе ўжо сабраны ўсе патрэбныя рэактывы, што спрашчае падрыхтоўку да правядзення доследаў. Такое значнае абнаўленне кабінета павысіла матывацыю школьнікаў да вучобы і станоўча ўплывае на іх паспяховасць.
У абноўленым кабінеце хіміі вельмі падабаецца займацца і навучэнцам ліцэя.
— У новым класе і прадмет, і вучэбны працэс успрымаецца інакш. Вучыцца стала цікавей, — дзеліцца ўражаннямі вучаніца 10 хімбія “А” класа Ганна Сярэдзіна.
— А мне падабаецца, што зараз кожную лабараторную работу можна рашыць не толькі тэарэтычна, але і практычна. Гэта дазваляе нам больш даведвацца і самім бачыць, як адбываюцца ўсе апісаныя ў падручніку працэсы, — гаворыць яе аднакласніца Галіна Лузікава.
— А я хацела б адзначыць, што цяпер на базе кабінета праводзяцца навуковыя канферэнцыі па хіміі. Гэта таксама спрыяе павышэнню цікавасці да прадмета, — дадае яшчэ адна вучаніца 10 хімбія “А” класа Хрысціна Борыс.
Калі вучыцца дзецям цікава, то і вынік ад засваення ведаў будзе адпаведны. Магілёўскі абласны ліцэй № 3 такой выснове наглядны прыклад. Па выніках бягучага навучальнага года ўстанова з’яўляецца лідарам алімпіяднага руху ў вобласці. З 75 дыпломаў, заваяваных навучэнцамі Магілёўскай вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 21 — на рахунку прадстаўнікоў абласнога ліцэя № 3. Калі гаварыць канкрэтна пра хімію, то сёлета навучэнцы трэцяга ліцэя заваявалі чатыры прызавыя дыпломы на трэцім, абласным, этапе рэспубліканскай алімпіяды і адзін — на заключным. У будучым годзе ў ліцэі спадзяюцца палепшыць гэты вынік. Залогам будучых поспехаў навучальнай установы з’яўляюцца 6 дыпломаў гарадской алімпіяды, заваяваных сёлета навучэнцамі 8 класаў, якія займаюцца на базе ліцэя.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.