Будзь у форме!

- 12:35Актуально, На парадку дня

Актуальная штогод тэма школьнага адзення сёлета прыцягнула да сябе яшчэ больш увагі ў сувязі з новаўвядзеннямі, анансаванымі Міністэрствам адукацыі. 

Што апрануць  

Пытанні выпрацоўкі адзіных падыходаў да школьнай формы ў 2022/2023 навучальным го­дзе аказаліся ў цэнтры ўвагі сустрэчы міністра адукацыі Андрэя Іванца і старшыні канцэрна “Беллегпрам” Таццяны ­Лугіной з кіраўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.   

Нагадаем, што ў Міністэрстве адукацыі прапрацоўва­юць увядзенне з 1 верасня новага навучальнага года адзіных элементаў адзення вучняў для канкрэтнай навучальнай установы. Канчатковае рашэнне аб тым, які адзіны элемент — пінжак, камі­зэлька, значок, эмблема-нашыўка ці нешта іншае — аб’яднае навучэнцаў кожнай канкрэтнай установы, будзе вырашана да 1 жніўня калегіяльна адміністрацыяй, педагогамі і бацькамі.

Міністр адукацыі адзначыў, што работа па ўвядзенні дзелавога стылю, формы адзення ­вучняў у школах вядзецца на працягу больш як 10 гадоў. Сёння ўжо каля 20% навучальных устаноў краіны ўвялі адзіныя элементы школьнай формы. У некаторых рэгіёнах гэтая лічба дасягае 80%. 

На думку кіраўніка Міністэрства адукацыі, адзіны адметны элемент у адзенні будзе выхоў­ваць у навучэнца гордасць за сваю ўстанову адукацыі.

— Важна, каб у калектыве нават самыя маленькія навучэнцы адчувалі сябе адзі­най згуртаванай камандай. Акрамя таго, новаўвядзенне— гэта яшчэ і элемент выхаваўчай работы. Мы выдатна разумеем, што школа — гэта храм вучобы, храм будучай навукі, і дзеці, якія прыхо­дзяць вучыцца, павінны адразу, з парога, адчуваць, што яны прыйшлі ва ўстанову адукацыі, настройваць сябе на сур’ёзную работу, — падкрэсліў Андрэй Іванец.

Міністр яшчэ раз акцэнтаваў увагу, што ніякіх рэвалюцыйных пераўтварэнняў у дачыненні да формы адзення для навучэнцаў, па сутнасці, не будзе: 

— У нашым разуменні пераход на школьнае адзенне, якое будзе вызначана для кожнай навучальнай установы асобна, уключаючы колеравую гаму і элементы гэтага адзення, стане лагічным працягам той работы, якую мы праводзім ужо не адзін год.

Для некаторых устаноў адукацыі гэта ўвогуле не будзе новаўвядзеннем. Існуюць школы і гімназіі, якія не першы год прытрымліваюцца ўласнага стылю, стаўшы ўдзельніка­мі пілотнага праекта “Школа будучыні” сумесна з прадпрыемствамі канцэрна “Беллегпрам”. 

“Беллегпрам” гатоў

Які б выбар ні зрабілі ў школах, прадпрыемствы канцэрна “Беллегпрам” гатовы выканаць любы заказ і задаволіць любы запыт. У гэтым запэўніла старшыня канцэрна Таццяна Лугіна. Тым больш што ў такіх айчынных прадпрыемстваў, як “Славянка”, “Палессе”, “БелКрэда”, ужо ёсць вопыт работы па вырабе формы або асобных адметных элементаў адзення для ўстаноў адукацыі.

Прадпрыемствы айчыннага легпрама падрыхтавалі для ­ўдзельнікаў мерапрыемства экспазіцыю калекцый адзення і абутку для школьнікаў, выпу­шчаных да новага школьнага сезона. Таксама прайшоў паказ мадэлей школьнага адзення. 

Да школьнага сезона гэтага года прадпрыемствамі канцэрна “Беллегпрам” выпушчана каля 340 тысяч адзінак адзення. Гэта швейныя вырабы і трыкатажныя. Таксама чакаюць сваіх юных уладальнікаў каля 24 тысяч ранцаў і сумак, з іх 52% — новыя мадэлі. Таксама вытворцы пад­рыхтавалі 250 тысяч пар абутку дзелавога і спартыўнага стылю. 

Усё гэта можна знайсці не толькі ў звычайных магазінах і на школьных кірмашах, але і заказаць у інтэрнэт-магазінах. Што тычыцца цэн на адзенне, то Таццяна Лугіна адзначыла, што яны павялічыліся ў сувязі з падаражаннем сыравіны і складанас­цямі ў лагістыцы. Школьнае ­адзенне падаражэла ў сярэднім на 10%, а  спартыўная форма  на 15—30%.

Прадпрыемствы імкнуцца з кожным годам удасканальваць сваю прадукцыю і рабіць яе моднай, камфортнай і сучаснай. Так, “Камінтэрн” у гэтым годзе разбавіў традыцыйныя колеры адзення — сіні, шэры і чорны — стрыманай клеткай. Распрацаваны два новыя баваўняныя камплекты. А для самых рухавых дзетак прапануюць камплект з бомберамі. Іх дапаўняюць штаны з тканіны тыпу джэрсі з прастрочанымі стрэлкамі. У мінулым годзе матулям школьнікаў вельмі спадабаліся такія штаны, бо ў іх не трэба самім прасаваць стрэлкі.  

Жлобінская швейная фабрыка, якая выпускае адзенне пад гандлёвай маркай “ФРАНТишка”, заўсёды клапоціцца аб камфорце сваіх маленькіх спажыўцоў. Штаны шыюць з рэгулюемай шырынёй у таліі, а таксама абавязкова выпускаюць мадэлі для дзетак з рознымі фігурамі. Апошнім часам карыстаецца вялікім попытам трыкатаж, бо дзеці і баць­кі аддаюць перавагу камфортнаму адзенню. Таму прадпрыемства выпусціла трыкатажныя жакеты— яны цалкам адпавяда­юць дзелавому стылю, пры гэтым мяккія і не скоўваюць рухаў. 

Завяршылася мерапрыемства дыялогам у фармаце адкрытага мікрафона. Сваім вопытам падзяліліся прадстаўнікі ўстаноў, дзе ўжо выкарыстоўваюцца агульныя элементы школьнага адзення. Напрыклад, дырэктар сталічнай школы № 101 Жанна Віктараўна Саковіч рас­казала, што ўстанова з 2015 года ўдзельнічае ў праекце “Школа будучыні”. Для навучэнцаў першай ступені былі выбраны элементы бардовага колеру — для хлопчыкаў камізэлькі, а для дзяўчынак балеро.  

— Некаторыя бацькі спачатку супрацьстаялі рашэнню аб увядзенні агульных элементаў, аднак нам удалося іх перака­наць. У выніку ўсім падабаецца, як выглядаюць нашы маленькія школьнікі. І я пераканана, што гэта ідзе толькі на карысць дысцыпліне і выхаванню, — сказала дырэктар. 

Айчынныя вытворцы — як дзяржаўныя, так і прыватныя — выпускаюць дастаткова шырокі асартымент, каб кожная школа змагла знайсці свой стыль, а кожнае дзіця тое адзенне, якое пасуе менавіта яму. 

 

Сёння ўжо каля 20% навучальных устаноў краіны ўвялі адзіныя элементы школьнай формы. У некаторых рэгіёнах гэтая лічба дасягае 80%. 

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.