Будзь унікальным!

Цырымонія адкрыцця Сусветнай універсіяды прайшла ў Неапалі на стадыёне Сан-Паўла. Адкрыў студэнцкія гульні Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла.

Традыцыйны парад спартыўных дэлегацый стаў адным з асноўных элементаў шоу. Арыгінальным прывітаннем гаспадарам Сусветнай універсіяды выглядаў выхад зборнай Бразіліі ў традыцыйных для Італіі кухарскіх каўпаках і фартухах з надпісам “Дзякуй за спорт, культуру і піцу”.

Зрэшты, шоу пачалося задоўга да пачатку цырымоніі. Шацёр чакання спартсменаў на час ператварыўся ў здымачную пляцоўку Балівуда: танцавальны рытм задавала каманда Індыі, спрабуючы вырваць пальму першынства ў не менш гарачай каманды Аргенціны.

Дэлегацыі Швейцарыі дэманстравалі танцавальныя па непасрэдна ў час шэсця па стадыёне, а спартсмены з Францыі ўхітрыліся нават арганізаваць фотасесію ў цэнтры поля, парадкам пахваляваўшы арганізатараў універсіяды.

Каларыт нацыянальных касцюмаў Уганды, строгія бізнес-касцюмы спартсменаў Шры-Ланкі, заўзятыя спевы атлетаў з Вялікабрытаніі і фізічныя практыкаванні каманды Зімбабвэ — спартсмены-студэнты арганізавалі свята не толькі сабе, але і жыхарам Неапаля.

Аднымі з самых шматлікіх дэлегацый студэнцкіх гульняў сталі каманды Расіі, ЗША, Казахстана, Аўстраліі, Паўднёвай Карэі, Украіны, Аргенціны.

Традыцыйна замыкала шэсце каманда краіны-гаспадыні, якая літаральна ўзарвала стадыён авацыямі. “Італьяна вэра…” — заспявала публіка.

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі ўніверсітэцкага спорту Алег Матыцын выклікаў водгук у сэрцах неапалітанцаў, нагадаўшы ім у час сваёй прывітальнай прамовы, што менавіта ў Італіі 60 гадоў назад і нарадзілася ўніверсіяда.

“Не ўсе з вас скончаць сваё выступленне з медалём, — звярнуся ён да атлетаў, — але адна перамога даступная абсалютна ўсім. У кожнага з вас ёсць шанс пакінуць Неапаль лепшым чалавекам”.

Прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў і гасцей цырымоніі адкрыцця стаў відэзварот прзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта Томаса Баха. “Заўсёды спаборнічайце, памятаючы пра алімпійскі дух сяброўства і павагі, — сказаў ён спартсменам. — Магчыма, Неапаль стане пачаткам вашага падарожжа на Алімпійскія гульні ў Токіа ў 2020 годзе”.

Маляўнічым акордам цырымоніі стала прадстаўленне 18 відаў спорту, якія ўвайшлі ў праграму ХХХ Сусветнай летняй універсіяды, і гарадоў рэгіёна, што іх прымаюць. Арганізатары зрабілі акцэнт на мячах, якія свецяцца і сімвалізуюць фехтаванне, склаўшы з іх надпіс Napoli2019.

Цікавым рашэннем можна назваць і агонь універсіяды. Мегазорка ў гэтых краях капітан клуба “Напалі” Ларэнца Інсінье забіў палаючы мяч якраз у жарало імправізаванага вулкана. Прыгажун Везувій успыхнуў, асвятліўшы стадыён і публіку.

У фінале цырымоніі гледачы атрымлівалі асалоду ад цудоўнага голасу аднаго з лепшых тэнараў свету. Андрэа Бачэлі з’явіўся на сцэне, калі гадзіннік прабіў поўнач. Скончылася цырымонія феерверкам, які ўспыхнуў высока над берагавой лініяй Неапаля.

To be Unique! — гаворыць слоган ХХХ Сусветнай універсіяды. Гаспадарам гульняў сапраўды ўдалося быць унікальнымі!

Наталля АЛЁХІНА.
Марыя КОЖДАН.