Будзем і з белым, і з чорным хлебам

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц расказаў пра ход уборачнай кампаніі і ўраджай збожжавых у Беларусі.

“Збожжа ў краіне будзе дастаткова. Нам засталося сабраць 160 тысяч тон збожжа да выканання дзяржаўнага заказу. Будзем з белым і чорным хлебам, крупамі, малаком і мясам — усім неабходным. Засуха, якая паўплывала на ўраджай, не адаб’ецца на харчовых паліцах і кішэні нашых грамадзян”, — сказаў Леанід Заяц.

Міністр адзначыў, што ўборачная кампанія знаходзіцца на завяршальнай стадыі. “Яшчэ 2—3 дні — і завершым уборку збожжавых. Застануцца крупяныя культуры: грэчка і проса, якія будзем дамалочваць крыху пазней”, — дадаў ён.

Паводле даных на 23 жніўня, збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраны з 1,94 млн га, што складае 96,4 працэнта запланаванай плошчы. Усяго па краіне намалочана больш за 5,12 млн тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 26,4 ц/га. Уборачная кампанія практычна завяршылася ў Брэсцкай і Мінскай абласцях: там убрана 98,8 працэнта пасяўных плошчаў. У Гродзенскай вобласці ўраджай сабраны з 98,3 працэнта, у Магілёўскай — з 96,3. У Гомельскай вобласці работы завершаны на 95,3 працэнта пасяўных плошчаў, у Віцебскай — на 89,8.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, выступаючы на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Дакладныя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы. Вопыт і перспектывы”, таксама расказаў пра задачы лічбавай трансфармацыі аграпрамысловага комплексу Беларусі.

“Пытанні лічбавай трансфармацыі вытворчых галін эканомікі з’яўляюцца прыярытэтам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады. У ёй вызначаны задачы лічбавай трансфармацыі ў аграпрамысловым комплексе. У іх ліку — паляпшэнне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, пераход да электроннай сельскай гаспадаркі, укараненне тэхналогій рэсурсазберагальнага дакладнага земляробства, укараненне ў АПК сістэм кіравання рэсурсамі, геаграфічных інфармацыйных сістэм, аўтаматызаваных інфасістэм і банкаў даных, развіццё сістэм ведамаснага інфармацыйнага ўзаемадзеяння ў АПК, рэалізацыя механізма “аднаго акна”, распрацоўка і ўкараненне галіновай сеткі перадачы даных”, — сказаў Леанід Заяц.

Міністр звярнуў увагу на тое, што ва ўмовах інфарматызацыі развіццё сельскай гаспадаркі набыло іншы характар. “Аграрная вытворчасць стала высокатэхналагічнай галіной эканомікі, у якой ключавое значэнне надаецца не колькасці рэсурсаў, а рацыянальнаму іх выкарыстанню і эфектыўнасці. Сучасная сельская гаспадарка базіруецца на дэталёвым вымярэнні ўсіх працэсаў, а высокія тэхналогіі ў ёй становяцца стандартам дзякуючы паўсюднаму выкарыстанню аналітычных і інфармацыйных сістэм”, — адзначыў ён.