Будзем танцаваць і нямецкую мову вывучаць

- 11:56Навіны рэгіёнаў

За дзвярыма школьнага кабінета ідзе размова на нямецкай мове. Чуваць прыемны, мілагучны голас настаўніцы: яна задае пытанні, каб даведацца, наколькі вучні засвоілі матэрыял. Клас на хвілінку прыціх, а потым узарваўся гоманам — амаль усе разам пачалі выказваць свае думкі, спрабуючы не парушаць правільнае нямецкае маўленне.

Здаецца, у гэты момант павінны з’явіцца строгія заўвагі педагога, маўляў, не адказвайце гуртам, цягніце рукі. Але ў Марыі Мікалаеўны іншы падыход. Што дрэннага ў тым, што дзеці наперабой даюць адказы? Галоўнае ж іх веды. І вось зноў цішыня. Некалькі пар вачэй глядзяць на настаўніцу, чакаюць яе рэакцыі. Марыя Мікалаеўна расплываецца ў сваёй чароўнай усмешцы і хваліць: “Малайцы!”

Марыя Мяшкова пакуль яшчэ ў статусе маладога спецыяліста. У 2016 годзе дзяўчына скончыла Рэчыцкі дзяржаўны педагагічны каледж і, атрымаўшы дыплом па спецыяльнасці “Настаўнік замежнай мовы”, вярнулася ў родны Буда-Кашалёўскі раён. Першым працоўным месцам маладога педагога стала Буда-Люшаўская сярэдняя школа.

Сёння Марыя ўспамінае свае першыя жнівеньскія дні ў ролі дыпламаванага настаўніка, маладога спецыяліста. Уладкавалася яна добра, адразу былі вырашаны бытавыя праблемы, прадастаўлена кватэра побач са школай. У калектыве таксама сустрэлі ветліва, дапамаглі, падзяліліся вопытам, далі добрую вучэбную нагрузку. І ўсё ж унутраная трывога заставалася. Як складуцца адносіны з дзецьмі? Ці прымуць яны новага настаўніка? Ці адкрыюць свае дзіцячыя сэрцы? Ці зацікавяцца прадметам? Усе гэтыя пытанні хвалявалі і непакоілі ўчарашнюю студэнтку.

Ёсць меркаванне, што для маладога спецыяліста галоўны клопат — гэта размеркаванне на першае месца працы. Бясспрэчна, для кожнага чалавека важна, каб прафесійная дзейнасць пачыналася з прыемнага. Хацелася б і працу цікавую, і заробак годны, і бытавыя ўмовы каб на ўзроўні. Здавалася б усё гэта чакае выпускнікоў толькі ў буйных населеных пунктах з развітой інфраструктурай. Толькі вось прафесія педагога мае на ўвазе ў першую чаргу не наяўнасць заводаў і супермаркетаў, а наяўнасць дзяцей, якія чакаюць уважлівых, адукаваных і разумеючых настаўнікаў. І для Марыі менавіта гэта было асновай. Прафесію яна выбірала па закліку душы, яшчэ ў сярэдніх класах свайго школьнага жыцця марыла, як аднойчы прыйдзе ў клас не вучаніцай, а ўжо настаўніцай, як будзе сябраваць са сваімі вучнямі і несці ім веды. І няхай сабе свет хуткаплынна мяняўся, з’яўляліся новыя модныя і прэстыжныя прафесіі, дзяўчына не адступала ад мары і ведала: яна настаўніца.

Сёння ўсе страхі засталіся ў мінулым, і можна з упэўненасцю сказаць, што пашанцавала і дзецям, і настаўніцы.

— Марыя Мікалаеўна — дасведчаны і адказны спецыяліст, — характарызуе маладога педагога дырэктар школы Людміла Сафонава. — Яна ўмее даступна, у зразумелай і цікавай форме патлумачыць дзецям новы матэрыял, зацікавіць і паказаць неабходнасць свайго вучэбнага прадмета. Выдатна спраўляецца з класным кіраўніцтвам і заўсёды гатова прыйсці на дапамогу калегам у розных арганізацыйных пытаннях.

А яшчэ ў настаўніцы нямецкай мовы ёсць захапленне — танцы. Гэтаму хобі яна аддавала шмат часу, яшчэ пакуль была навучэнкай Рэчыцкага педкаледжа, а калі прыйшла на працу ў сельскую школу, вырашыла захапіць харэаграфіяй вясковых юнакоў і дзяўчат і арганізавала аб’яднанне па інтарэсах “Танцавальны рытм”. Варта сказаць, што вучні зацікавіліся новым кірункам. І нават тыя, хто спачатку прыйшлі ў аб’яднанне дзеля цікаўнасці, зараз з задавальненнем і сур’ёзна займаюцца танцамі. Жадаючых аказалася так шмат, што ў гэтым навучальным годзе адкрылі другую групу — для навучэнцаў малодшых класаў. Як кажуць пра Марыю Мяшкову калегі, калі чалавек захоплены сам, ён можа лёгка зацікавіць сваімі ідэямі іншых.

Дарэчы, ужо ёсць і пэўныя вынікі. Другі год навучэнцы школы займаюць прызавыя месцы на танцавальных конкурсах. А сама Марыя разам з калегамі двойчы станавілася пераможцам конкурсу “Новыя імёны Беларусі”.

Здольнасцямі і талентамі надзелена кожнае дзіця. Аднак гэтыя дадзеныя прыродай якасці неабходна развіваць, і тут галоўная роля належыць, канечне, педагогам. У Буда-Люшаўскай сярэдняй школе педагагічны калектыў малады. Самі актыўныя і ініцыятыўныя, настаўнікі запальваюць вучняў, абуджаюць у іх цікавасць як да літаратуры, хіміі, матэматыкі, так і да спеваў, танцаў і іншых карысных заняткаў. Сёння ў школе вучацца ўсяго сто дзяцей, але гэта зусім не азначае, што тут сумна. Акрамя “Танцавальнага рытму” ва ўстанове працуюць аб’яднанні па інтарэсах розных кірункаў: “Маленькія чараўнікі”, “Фантазія”, “Эстрадны вакал”. Самых трывалых і адказных хлопчыкаў і дзяўчат аб’ядноўваюць гурткі юных ратавальнікаў-пажарных і юных інспектараў руху. А спартыўная зала амаль ніколі не застаецца пустой: пасля ўрокаў фізкультуры пачынаюць сваю працу спартыўныя секцыі.

Наколькі сур’ёзна дзеці і настаўнікі займаюцца пазашкольнымі справамі, паказваюць вынікі ўдзелу навучэнцаў у розных мерапрыемствах і спаборніцтвах. Напрыклад, нядаўна яны вярнуліся з аздараўлення і прывезлі 40 дыпломаў. Каманды школы паказалі лепшыя вынікі ў міні-футболе, валейболе, піянерболе, спартландыі. Свае таленты вясковыя школьнікі прадэманстравалі таксама ў музычных, танцавальных і тэатральных спаборніцтвах, маляванні і фотамайстэрстве. Кацярына і Ангеліна Логіс перамаглі ў конкурсе малюнкаў “Мая малая радзіма”, а Віталь Арцёмаў стаў лепшым у фотаконкурсе “Спыніся, імгненне”.

Вясковая школа — асаблівая. Тут усе ведаюць адно аднаго, і гэта неяк аб’ядноўвае, збліжае. Сувязь настаўнікаў і вучняў, педагагічнага і вучнёўскага калектываў тут таксама своеасаблівая. А на чале ўсяго, зразумела, кіраўнік. Л.М.Сафонава — чалавек пазітыўны, энергічны, неверагодна добразычлівы. Яна гаворыць пра вучняў і называе іх “мае дзеткі”, расказвае пра маладую настаўніцу і кажа “мая дзяўчынка”.

Людміла Міхайлаўна прызнаецца, што сёння яе турбуюць далейшыя планы настаўніка нямецкай мовы. Падыходзіць да канца абавязковая адпрацоўка Марыі Мікалаеўны Мяшковай на першым працоўным месцы.

— Хацелася, каб яна і далей засталася ў сценах нашай школы, — дзеліцца дырэктар. — Марыя не раскрывае ўсіх планаў, але на пытанне “А што ж на наступны год?” з усмешкай адказвае: “Будзем танцаваць!”

Наталля ЛУТЧАНКА.