Буйнейшая міжнародная юрыдычная алімпіяда праходзіць у Мінску

- 13:28Вышэйшая школа, Рознае

Міжнародная юрыдычная алімпіяда “Моладзь за мір” пачалася. Спаборніцтва ўваходзіць у пяцёрку буйнейшых у свеце. Аўтарам і арганізатарам гэтага конкурсу з’яўляецца Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО”.

За права прыехаць у Мінск змагаліся лепшыя юрыдычныя школы свету, аднак магчымасць паўдзельнічаць у фінальнай частцы і разам з гэтым пабачыць сталіцу Беларусі (для ўдзельнікаў была арганізавана экскурсія па горадзе) атрымалі далёка не ўсе. З амаль чатырох дзясяткаў заяў у Беларусь былі запрошаны 17 каманд з 21 краіны: некаторыя каманды інтэрнацыянальныя. Пераможца конкурсу стане вядомы ў гэтую пятніцу.
“У перыяд узброеных канфліктаў дзяржавы звязаны пэўнымі правіламі вядзення вайны. Нават такое ліха, як вайна, урэгулявана правам, якое называецца міжнароднае гуманітарнае. І гэтае права дастаткова эфектыўнае. Яно рэгламентуе шмат рэчаў, звязаных з вядзеннем узброенага канфлікту: якімі сродкамі і метадамі дапускаецца весці вайну, якімі гэтага рабіць немагчыма, як ставіцца да ахвяр вайны — ваеннапалонных, раненых, грамадзянскіх асоб. Веданне гуманітарнага права з’яўляецца вельмі важным не толькі для юрыстаў-спецыялістаў, але і для насельніцтва”, — адзначыў першы прарэктар МІТСО А.Л.Козік.
Алімпіяда — гэта ролевая гульня-конкурс. Удзельнікі могуць выступаць у якасці юрыдычных саветнікаў і нават міністра замежных спраў. Ім прадастаўляецца пэўны набор фактаў. Журы будзе, напрыклад, у ролі кіраўнікоў дзяржаў, перад якімі выступаюць юрыдычныя эксперты, або лідараў краін, якія канфліктуюць і якіх трэба ў чымсьці ўпэўніць, скажам, у неабходнасці прадастаўлення асаблівых правоў асобам, затрыманым у сувязі з узброенымі канфліктамі, ваеннапалонным. Такім чынам, студэнты аперыруюць ведамі па міжнародным гуманітарным праве.
“Я ўражаны тым узроўнем каманд, якія прадстаўлены ў гэтым конкурсе. Усё вельмі добра арганізавана. Тыя практычныя прыклады, якія павінны разбіраць студэнты, насамрэч вельмі праблемныя.
Я з’яўляюся прадстаўніком даволі вялікага ўніверсітэта Германіі, аднак магу запэўніць, што для майго ўніверсітэта было б вельмі складана адкрыць і арганізаваць падобнае мерапрыемства”, — падзяліўся сваімі думкамі Ханс Ёахім Хайнцэ, навуковы супрацоўнік Інстытута міжнароднага права і ўзброеных канфліктаў Германіі.
У гэтым годзе каманды-ўдзельніцы ад Беларусі няма. Так, Беларусь прадстаўляе каманда МІТСО, аднак яна гуляе па-за залікам. Яе вынікі як каманды ўніверсітэта-арганізатара не залічваюцца пры выяўленні пераможцаў.
“Па розных прычынах не ўсе нашы юрыдычныя школы гатовы ўдзельнічаць у падобных конкурсах, таму што акрамя юрыдычнай падрыхтоўкі патрэбен высокі ўзровень валодання англійскай мовай”, — патлумачыў першы прарэктар МІТСО А.Л.Козік.
Сама алімпіяда традыцыйна пачалася з дзён міжнароднага права, падчас якіх прайшлі адкрытыя лекцыі вядучых сусветных экспертаў. Яны расказалі аб асновах сусветнага гуманітарнага права, аб выкарыстанні норм міжнароднага гуманітарнага права ў мірны час, міжнародным крымінальным правасуддзі.

Святлана ШЫЯН.