Гэтыя святочныя дні для кожнага педагога напоўнены водарам руж, гербер, гіяцынтаў, гладыёлусаў… У настаўніцы з сярэдняй школе №9 Кобрына Ірыны Куліковіч кветкі маюць не толькі водар, але яшчэ і смак. Як ствараюцца зефірныя букеты да чаю, паглядзела карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Па ідэі да фларыстаў
У сям’і маёй сённяшняй гераіні ўсе любяць матэматыку і выбіраюць прафесіі, дзе яна абавязкова спатрэбіцца. Не змяніла традыцыі і Ірына Міхайлаўна. Толькі, акрамя схільнасцей да дакладных навук, яна мае яшчэ і творчыя таленты:
— Мяне заўсёды вабіла ручная праца. Яшчэ студэнткай шыла сама сабе адзенне, а потым пераключылася на гардэроб сваіх дзяцей. Нейкі час захаплялася бісерапляценнем: стварала дрэвы, вышывала брошкі. Рабіла і канзашы — кветкі і аксесуары са стужак. А 4 гады назад пераключылася на зефірную фларыстыку.
Пра ўзровень яе майстэрства, падабенства зефірных кветак з жывымі гаворыць той факт, што не раз створаныя ёй букеты траплялі ў… вазы з вадой. Усе сябры і знаёмыя Ірыны Куліковіч ужо ведаюць лепшую альтэрнатыву зрэзаным кветкам, таму да розных свят у жанчыны заказаў шмат.
У прыватнасці, апошнія некалькі дзён яна прачынаецца рана. Ужо з 6 гадзін на яе кухні пахне не толькі кавай, але і ваніллю, фруктамі, ягадамі. Яшчэ да нашай сустрэчы, якая прыпала на восьмую гадзіну, Ірына Міхайлаўна паспела прысыпаць цукровай пудрай некалькі ахапкаў руж, упакаваць іх, перавязаць стужкамі — вось-вось гэтыя кветкі адправяцца ў якасці падарункаў да калег.
— Для сваіх букетаў я часта пазычаю ідэі ў прафесійных фларыстаў. Гляджу на іх кампазіцыі з жывых кветак, прыдумваю, як іх абыграць, бо далёка не ўсе кветкі можна паўтарыць у зефіры. Зрэшты, да паўтарэння я і не імкнуся. Нават калі бярэш за арыенцір чужую работу, усё роўна ў цябе атрымаецца свая, непадобная на правобраз. Але большасць ідэй прыдумваю сама, — дзеліцца мая суразмоўніца.
З чым Ірына Куліковіч ужо не эксперыментуе, дык гэта з рэцэптамі. Яны ў яе правераныя, на практыцы адточаныя да дробязей. Жанчына гаворыць:
— Я нават зрабіла для сябе зборнік, дзе змясціла ўсе рэцэпты, якія апрабавала, удасканаліла пад сябе, каб яны былі пад рукой. Там жа пазначыла, якія віды кветак лепш атрымліваюцца з дыннага зефіру, якія — з яблычнага, абрыкосавага, малінавага, вішнёвага, клубнічнага і інш. Часам міксую інгрэдыенты. Справа ў тым, што за прывычную нам кансістэнцыю гатовага зефіру адказвае пекцін. Найбольш яго ў яблыках. Таму, калі ў выбраных фруктах ці ягадах яго мала, абавязкова трэба дабаўляць яблычнае пюрэ. Але ў любым выпадку смак зефіру заўсёды атрымліваецца натуральным, духмяным.
У зефіры няма ні грама тлушчу, таму гэты ласунак не псуе фігуру. Акрамя таго, пекцін, які змяшчаецца ў фруктовым пюрэ, карысны для арганізма і не шкодзіць зубам.
У той жа час некаторыя інгрэдыенты не падыходзяць для вырабу такіх кветак. Напрыклад, мякаць грушы змяшчае крупінкі, якія нічым немагчыма здрабніць, ні праз якое сіта не працерці — яны застаюцца адчувальнымі і ў зефіры. Або мята: як ты не перабівай яе лісточкі блэндарам, яны ўсё роўна не ператвараюцца ў аднародны мус, што адмоўна адбіваецца на выглядзе гатовага ласунку.
Усе фрукты і ягады для будучага дэсерту Ірына Міхайлаўна вырошчвае на сваёй дачы. Але вырасціць — гэта толькі палова задачы. Іх жа яшчэ трэба сабраць, перабраць, памыць, спячы, перацерці ў пюрэ, запакаваць і скласці ў маразілку. У гэтым ёй дапамагае сям’я — муж, сын і дачка. Акрамя таго, у вольны час муж фарбуе карзіны і кошыкі для кампазіцый, наразае кругі з пенаплексу для асноў букетаў і інш. Узяў ён на сябе яшчэ і работу з драўнінай: кожная кветка ствараецца на драўлянай падстаўцы, якая для зручнасці ўмацоўваецца на металічнай шпільцы. Трымаючы яе ў руцэ і пракручваючы, жанчына выкладвае на ёй будучую кветку.
Ірына Куліковіч пускае ў ход і іншыя прыстасаванні. Напрыклад, адных толькі сіліконавых формачак у яе некалькі скрынь. Мноства і розных насадак — для кожнага віду кветкі яна свая.
Майстар-клас для нас

А пакуль мая суразмоўніца пачынае для нас свой майстар-клас:
— Ёсць тры асноўныя тэхналогіі гатавання зефіру: класічная, заварная і змешаная. Для вырабу кветак найбольш падыходзіць заварная. Значыць, мы будзем варыць фруктовае пюрэ (гэтым разам я ўзяла яблычнае) з агар-агарам, цукрам і вадой. Паралельна ўзбіваем яечныя бялкі і ў іх дабаўляем нашу гарачую масу. Гатова!
Але гатова толькі зефірная маса. Як яе ператварыць у кветкі? Для гэтага мая суразмоўніца спачатку надзявае на дзяжу ад міксера… шапку. Дакладней, тэрмашапку. Тлумачыць:
— Пры рабоце з зефірнай масай галоўнае — правільная яе тэмпература. У ідэале яна павінна трымацца каля 50 градусаў. Нават пры 40 градусах агар-агар застывае, і гэта ўжо не выправіць. Калі ты не паспеў адсадзіць усю масу — яна прапала. Я спрабавала розныя варыянты для падтрымання такой тэмпературы, але з гэтым лепш за духоўку і мікрахвалёўку спраўляецца якраз тэрмашапка. Яна працуе ад электрычнасці, падтрымліваючы зададзеную тэмпературу, і тым самым не дае застываць зефірнай масе, пакуль я яе па порцыях набіраю і з ёй працую.
Ружа са смакам маліны, клубнічныя герберы, вінаградныя гладыёлусы — Ірыне Куліковіч па сілах любое чараўніцтва.
Гаспадыня, заціскаючы зефірную масу ў кандытарскім мяшку, лоўка выкладвае на пергамент на падставачках асяродак будучых кветак і расказвае:
— Адразу раблю асяродкі, каб яны застылі і лепш трымалі пялёсткі бутонаў. Не стараюся рабіць пялёсткі роўнымі — так у іх больш натуральнасці. Калі мы робім півоні, то пялёсткі выкладваем па чарзе, накладваючы кожны краем на папярэдні. У ружы пялёсткі растуць у шахматным парадку, таму і мы такім чынам збіраем бутоны.
Каб зефір застыў, у памяшканні павінна быць цёпла і суха. Летам і зімой і так добра, а вось восенню і вясной, калі на вуліцы сыра, а ў кватэрах яшчэ няма ацяплення, стварыць спрыяльныя ўмовы няпроста. Таму ў мяне ёсць спецыяльная шафа для сушкі зефіру — з абагравальнікам унутры і паліцамі.
Трэба адзначыць, што, хоць зефір атрымліваецца цалкам натуральны, ён здольны захоўвацца доўга, не псуючыся. Першыя 7 дзён прадукт будзе свежым, мяккім, а потым пачынае падсыхаць і атрымліваць кансістэнцыю безэ. Ірыну Куліковіч засмучае, калі людзі, якіх яна частуе зефірам, шкадуюць яго есці і захоўваюць для прыгажосці.
Для разнастайнасці жанчына стварае з зефіру не толькі кветкі. Карыстаюцца папулярнасцю ў яе гасцей і дамашніх дэгустатараў сэндвічы — паміж пячэннем Ірына Міхайлаўна ўкладвае зефір. Пячэнне для гэтых вырабаў гатуе рознае — пясочнае, халвовае, кукурузнае, пернікавае. Ёй пад сілу і сабраць кошык грыбоў ці ягад, наварыць гаршочак пельменяў, згатаваць ракаў з лімонам… Канечне, усе гэтыя дарункі лесу і прысмакі — з зефіру. Для дзяцей жа яна стварае ягадна-зефірныя алоўкі, фрукты і інш. Гэта яшчэ больш прываблівае маленькіх.
Ірына Куліковіч падсумоўвае:
— Кожнаму чалавеку карысна мець хобі. Так, любімая справа аднімае часта шмат часу і стамляе фізічна, затое дае адпачынак маральна. І на ўрок ты ўжо прыходзіш зусім у іншым настроі — акрылены і на пазітыве.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара і Ірыны Куліковіч














