Буклет — гэта цікава!

Педагогі павінны не толькі ўважліва адсочваць інавацыі ў методыцы выкладання сваіх прадметаў, але і не забываць пра традыцыйныя сродкі і прыёмы, якія можна паспяхова выкарыстоўваць для павышэння цікавасці дзяцей да вучобы. Так, даволі эфектыўным метадычным дапаможнікам з’яўляецца буклет — друкаванае выданне (праграма, праспект, даведнік і інш.) на адным аркушы ў выглядзе шырмачкі ці сшытка.

Прымяняю буклеты на розных этапах і відах урока: пры вывучэнні новай тэмы, праверцы дамашняга задання, абагульненні і замацаванні вывучанага матэрыялу, выкананні творчых работ. Звяртаюся да гэтага метадычнага дапаможніка час ад часу, бо ён патрабуе працяглай і рознабаковай падрыхтоўкі, творчага падыходу, добрага валодання ІКТ і элементарнага эстэтычнага густу. Часцей за ўсё ўжываю буклеты на этапах паўтарэння ці праверкі дамашняга задання, пры абагульненні вывучанага матэрыялу.

Стварэнню буклета папярэднічае падрыхтоўчая работа. Спачатку вызначаю этап урока, дзе ён будзе выкарыстоўвацца. Затым — тэму буклета, аб’ём матэрыялу і форму яго падачы. Потым падбіраю ілюстрацыйны і інфармацыйны матэрыял, выбіраю колеравае афармленне, ствараю макет на камп’ютары, пасля чаго раздрукоўваю яго. Так, для вывучэння тэмы “Гарады Германіі” на этапах азнаямлення з матэрыялам і яго абагульнення распрацавала метадычны буклет з выкарыстаннем міжпрадметных сувязей (геаграфіі, літаратуры і мастацтва). Буклет накіраваны на павышэнне цікавасці да вывучэння нямецкай мовы, пашырэнне агульнага кругагляду вучняў, развіццё навыкаў маналагічнага маўлення.

У буклет уключаны розныя метадычныя прыёмы гульнявых тэхналогій: крыжаванка, міні-тэст, віктарына. На ўнутраным баку буклета размешча­на інфармацыя пра нямецкія гарады Веймар, Айзэнах і Эрфурт, іх геаграфічнае становішча, гербы, насельніцтва, час заснавання, плошчу тэрыторыі, вядомых людзей і славутасці. На адваротным баку — заданні: міні-тэст з варыянтамі адказаў, комплексная крыжаванка па тэме ўрока і міні-віктарына з пытаннямі на суадносіны прозвішчаў выдатных дзеячаў гэтых гарадоў з іх партрэтамі і памятнымі мясцінамі, звязанымі з іх жыццём і творчасцю.

Неаднаразова выкарыстоўваючы гэты метадычны дапаможнік на ўроках нямецкай мовы, пераканалася ў яго вялікім пазнавальным і эмацыянальным уздзеянні на вучняў. Буклет у сціслай форме дазваляе адлюстраваць і праверыць значны аб’ём ведаў, павысіць цікавасць да прадмета, зрабіць урок больш займальным.

Дар’я САЛАВЕЙ,
настаўніца нямецкай мовы Вольнаўскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна.