Буктрэйлер паводле “Мыйдадзіра” і не толькі

У літаратурнай дуэлі сышліся ўдзельнікі фестывалю дзіцячай кнігі “Я — кніжны герой”, які ўпершыню адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. У праграме былі конкурсы, пантаміма, літаратурнае спаборніцтва і падарункі. Фестываль арганізавала кафедра рускай філалогіі філалагічнага факультэта.

Фестываль праходзіў пад дэвізам “Значыць, правільныя кніжкі ты ў дзяцінстве чытаў”, а ўдзельнікамі яго сталі чатыры каманды: першакурснікаў філалагічнага факультэта і гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы, навучэнцаў сярэдняй школы № 36 Гродна з польскай мовай навучання і сярэдняй школы № 38.

— У 2018 годзе адзначаецца шмат юбілеяў дзіцячых пісьменнікаў і дзіцячых кніжак, — гаворыць прафесар, загадчык кафедры рускай філалогіі, член журы фестывалю Таццяна Аўтуховіч. — У сувязі з гэтым на кафедры з’явілася ідэя правесці такое незвычайнае літаратурнае свята, прысвечанае кніжцы.

— Прыняць удзел у фестывалі мы запрасілі школьнікаў і студэнтаў. Паставілі задачу здружыць іх яшчэ больш з кнігай, — дадае дацэнт кафедры рускай філалогіі, аўтар і натхняльнік праекта Вольга Панькова.

А тое, што ўдзельнікі з кнігай сябруюць, што не забылі творы, якія чыталі ў дзяцінстве, паказалі конкурсныя заданні, першым з якіх было прадстаўленне каманды.

А потым на сцэне з’явіліся самыя юныя ўдзельнікі літаратурнага свята — першакласнікі гімназіі № 9, якія праэкзаменавалі сваіх старэйшых сяброў на прадмет ведання літаратурных твораў для дзяцей: “Хто прыдумаў Вінціка і Шпунціка?”, “Што выкарыстоўвала Мальвіна ў якасці люстэрка?” і інш. Не ўсе каманды маглі выканаць заданні конкурсу “Адгадай літаратурнага героя па цытаце” і “Адгадай твор па цытаце”, а вось з заданнем паказаць літаратурнага героя праз пантаміму ўсе справіліся выдатна. І як добрая парада прагучала прапанова шукаць адказы на гэтыя пытанні ў кнігарнях і бібліятэках горада.

Каманды выканалі і хатняе заданне — стварылі буктрэйлер паводле “Мыйдадзіра”, рэкламны ролік і флэшмоб на тэму папулярызацыі чытання і самаробную кнігу. Дзяўчаты з гуманітарнага каледжа зрабілі развіццёвую кнігу і атрымалі дыплом за лепшую аўтарскую кнігу. Студэнты філфака — кнігу пра свойскіх жывёл, вучні з 36-й школы намалявалі кнігу пра стойкага алавянага салдаціка, а вучні 38-й школы — кніжку, якая навучыць лічыць. Усе самаробныя кнігі будуць перададзены выхаванцам Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

А завяршыўся фестываль конкурсам капітанаў. Эрудыцыя дапамагла перамагчы капітану філфакаўцаў Расціславу Фунту. Дзякуючы яго трапным адказам, у іншых конкурсах каманда філалагічнага факультэта была прызнана пераможцай. Каманда гуманітарнага каледжа атрымала адзнаку за лепшы касцюм літаратурнага героя, каманда сярэдняй школы № 38 — за лепшы буктрэйлер, школы № 36 — як самая знаходлівая каманда.

Праведзенае анкетаванне “Чытаць ці не чытаць?” паказала, што 27 працэнтаў апытаных студэнтаў і школьнікаў чытаюць з задавальненнем, 9 працэнтаў чытаюць электронныя кнігі. Так што пытанне “Чытаць ці не чытаць?” для многіх з іх не стаіць. І тое, што школьнікі і студэнты яшчэ раз сыдуцца ў літаратурным паядынку і прадэманструюць сваю любоў да чытання, пацвердзілі на філалагічным факультэце.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.