Буквар — у добрыя рукі

У рамках святкавання 400-годдзя беларускага буквара шырокая праграма мерапрыемстваў спланавана ў Іўеўскім яслях-садзе — пачатковай школе. Ужо першага верасня на ўрачыстай лінейцы вучні ўстановы віншавалі першакласнікаў і з асаблівай урачыстасцю перадалі ім буквар і выказалі пажаданне: “Аддаём цябе, буквар, у добрыя мы рукі. Першакласнік, спасцігай усе азы навукі”.

А далей станавілася яшчэ цікавей. Бібліятэка запрасіла вучняў да сябе ў госці. Тут дзяцей вітаў куток “Гартаючы старонкі буквара” і было прапанавана займальнае падарожжа ў мінулае. Дзеці даведаліся, як вучыліся іх аднагодкі да з’яўлення буквара, якія кнігі чыталі іх таты і мамы, бабулі і дзядулі.

Таксама вучні з цікавасцю і захапленнем прынялі ўдзел у акцыі “Віншавальная паштоўка буквару”. Усе жадаючыя напісалі віншаванне першай кнізе.

На мерапрыемстве “Свята буквара для першакласнікаў” і вершы, і песні, і танцы, і выказванні былі пра першую кнігу, з якой усё пачынаецца.

Пазнавальна-інтэлектуальныя, інтэрактыўныя гульні і гульнявыя праграмы, прысвечаныя роднаму буквару, праводзіліся і ў шосты школьны дзень. Напрыклад, на занятках аб’яднання па інтарэсах “МукаСолька” вучні ляпілі выяву буквара. І, канечне ж, быў аквагрым — толькі пра кнігу. А праявіць творчасць і ўявіць сябе кнігадрукаром вучні могуць, малюючы на светлавым планшэце.

У флэшмобе “Свята буквара”, які прайшоў на галоўнай пляцоўцы ўстановы, сабраліся ўсе першакласнікі. Дзеці з вялікім захапленнем і гонарам танцавалі разам з букваром.

Адзначаць юбілей буквара вучні будуць яшчэ не адзін дзень. Са святам, буквар! Для цябе ў нас яшчэ многа падарункаў!

Людміла ПАЎЛЮКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.