“Букварь языка славенска…”

400 гадоў назад, 24 ліпеня 1618 года, у нашай мове нарадзілася слова, якое адразу заняло пачэснае месца сярод такіх найважнейшых паняццяў, як маці, Радзіма, народ, мова. Гэтае слова — буквар. Ім нашы продкі назвалі друкаваную кнігу для пачатковага навучання пісьму — “Букварь языка славенска писаний чтения оучитися хотящим, в полезное руковожение”.

Сярод гістарычна-педагагічных феноменаў XVII стагоддзя асобна стаяць буквары. Нашы продкі ад пачатку з’яўлення пісьменнасці імкнуліся да авалодання граматай, да кніжнай навукі. Ужо ў старажытнасці яны разумелі, наколькі важна ўмець чытаць і пісаць. Пахвалу кніжнаму навучанню можна часта сустрэць у разнастайных помніках. Так, Кірыла Тураўскі параўноўваў кнігу з вечнай скарбонкай жыцця, даводзіў, што кніжны розум саладзейшы за мёд і цукар. Францыск Скарына ў прадмове да “Прытчаў цара Саламона” павучаў: “Карысна чытаць кнігі ўсялякаму чалавеку, мудраму і неразумнаму, багатаму і беднаму, маладому і старому, а найбольш за ўсё тым, хто хоча навучыцца добрым звычаям і авалодаць мудрасцю і навукай”.

Даўным-даўно навучанне пачыналася не з буквара, а з рэлігійных кніг, найперш Псалтыра. Пасля таго як быў вынайдзены друкарскі варштат, усё змянілася: людзі атрымалі першую друкаваную кнігу. Асноўным пераемнікам і прадаўжальнікам кірылічнага кнігадрукавання, пачатага Скарынам, у канцы XVI — першай палове XVII стагоддзя былі брацкія друкарні, якія сталі буйнымі асяродкамі беларускага кнігадрукавання. Яны працягвалі асветніцкія, гуманістычныя, выдавецкія, педагагічныя традыцыі Скарыны. Брацтвы сталі найбуйнейшымі арганізатарамі школ, далі магутны штуршок развіццю школьнай асветы, якая патрабавала выпуску адпаведнай літаратуры: буквароў, граматык, слоўнікаў. Характарызуючы тую эпоху, Г.Я.Галенчанка заўважыў: “Масавымі тыражамі выходзілі школьныя падручнікі, што прызначаліся для навучання дзяцей асновам кніжна-славянскай пісьменнасці. З 90-х гадоў XVI стагоддзя да 1654 года беларускія друкарні выпусцілі 16 буквароў (8 брацкіх) — больш за палову ўсіх аналагічных выданняў, што выйшлі ў той час ва ўсходнеславянскіх землях”.

Напачатку адукаванасць была найперш канфесійнай, а не граматай увогуле, бо рэдка хто ў тыя часы ўяўляў сябе без веры і рэлігіі. Такая адукаванасць была важнай для ўсіх слаёў насельніцтва — як для простага люду, так і для вучоных. Навучанне чытанню — гэта навучанне сакральнаму алфавіту і сапраўднай веры. Царкоўнаславянскі алфавіт быў стандартным для адпаведнай культурнай традыцыі Slavia Orthodoxa, а царкоўнаславянская мова выкарыстоўвалася ў якасці надэтнічнай, уласцівай для праваслаўнай царквы кніжна-пісьмовай культуры.

У справе вывучэння спадчыны беларускага кнігадрукавання зроблена нямала, але далёка не ўсё. Яшчэ застаецца шмат загадак, неспазнанага і недаследаванага. Вось і сёлета цалкам адкрылася таямніца першага беларускага буквара, якому 24 ліпеня спаўняецца 400 гадоў.

Буквар быў падрыхтаваны манахамі Віленскага Свята-Духава храма і вайшаў на 52 аркушах кішэннага фармату ў друкарні праваслаўнага брацтва ў Еўі (зараз горад Вевіс недалёка ад Вільні). Першую гістарычную згадку пра яго знаходзім у прадмове да “Граматыкі” Мялеція Сматрыцкага, і няма сумненняў, што ён — адзін з аўтараў помніка.

Атрымалася так, што пра буквар больш за 300 гадоў нікому не было вядома. Ні адзін з існых бібліяграфічных даведнікаў ніколі не падаваў звестак пра еўеўскі буквар. Першая згадка пра яго адносіцца да канца 50-х гадоў мінулага стагоддзя, калі датчанка Гелена Кронэ ў вопісе старадрукаваных выданняў кірылаўскага шрыфту Каралеўскай бібліятэкі ў Капенгагене паведаміла назву, месца і год выдання, але нічога не напісала пра тое, як буквар апынуўся ў Даніі. Прынамсі, яна не здагадвалася, якое адкрыццё зрабіла. На жаль, на радзіме гэтая навіна доўгі час заставалася незаўважанай. Толькі праз 20 гадоў у штогодніку Усесаюзнай кніжнай палаты было надрукавана невялікае паведамленне вядомага расійскага кнігазнаўцы М.І.Анушкіна. Паводле мікрафільма, атрыманага з Каралеўскай бібліятэкі, даследчык упершыню ўвёў у навуковы ўжытак раней невядомы ў айчыннай бібліяграфіі помнік беларускага кнігадрукавання, падаў невялікае апісанне выдання, крыху сказаў пра падабенства буквара да “Азбукі” Івана Фёдарава 1574 года і “Граматыкі” Мялеція Сматрыцкага. Вучоны небеспадстаўна назваў яго “величайшей библиофильской редкостью белорусского народа”.

Наступны крок быў зроблены ў Беларусі вядомым гісторыкам кнігі, бібліёграфам Г.Я.Галенчанкам, які прывёў поўную назву, апісаў памер, структуру, паведаміў пра існаванне ўжо двух (!) вядомых асобнікаў і назваў месцы іх захоўвання. Невялікі навукова-папулярны артыкул пра гэты буквар надрукаваны ў кнізе М.Б.Батвінніка “Откуда есть пошел букварь”. Пасля больш чым на 30 гадоў пра існаванне буквара зноў забыліся.

У маі 2016 года шэраг беларускіх сродкаў масавай інфармацыі паведаміў сенсацыйную навіну, з якой вынікала, што, дзякуючы старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў намесніку дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесю Сушы, упершыню з’явілася магчымасць паказаць шырокаму колу грамадскасці якасныя выявы першай у гісторыі кнігі, якая называлася “Буквар”. Адкрыццё стала магчымым дзякуючы візіту Алеся Сушы ў Лондан напрыканцы 2015 года і дапамозе з боку брытанскіх беларусаведаў, у прыватнасці прафесара Лонданскага ўніверсітэта Джыма Дзінглі. Алесь Суша заўважыў, што “ні ў аднаго з беларускіх даследчыкаў, ва ўсялякім выпадку, тых, што жывуць, не было магчымасці пабачыць “Буквар” на свае вочы; на радзіме ніводнага экзэмпляра не захавалася”. Ва ўсёй гэтай гісторыі з лонданскім асобнікам істотна тое, што Алесь Суша зрабіў лічбавую копію выдання і мы спадзяёмся нарэшце ўбачыць буквар, якому 400 гадоў. Сёлета ў сакавіку на сайце Каралеўскай бібліятэкі Даніі была выкладзена для агульнага свабоднага доступу поўная лічбавая копія буквара.

Асноўнаму тэксту падручніка папярэднічае невялікая малітва-хвала Святой Тройцы: Бацьку, Сыну і Святому Духу. Па той прычыне, што навучанне пачыналася з вывучэння алфавіта, пасля ідзе раздзел “Буква, или Писмена” з азбукай — ад А (аза) да Y (іжыцы) і ў адваротным парадку. Наступныя 5 старонак прысвечаны разгляду двухлітарных складоў, якія пачыналіся з зычных або галосных. Далей пададзены склады ад трохлітарных ажно да дзевяцілітарных (прычым яны набываюць асэнсаваны характар самастойных слоў), у якіх быў адзін галосны: бий, рай, ножъ, сеть, жизнь, грань, скорбь, твердь, скврадъ, блазнствъ. Павелічэнне складовага матэрыялу, у параўнанні, напрыклад, з выданнямі Івана Фёдарава, накіравана на паступовы пераход ад простага да больш складанага, таму што вывучэнне складоў адсоўвала пераход да чытання цэлых слоў і замацоўвала веданне алфавіта. Прынцып паступовасці прасочваецца і ў наступных раздзелах буквара, з якіх вучань атрымліваў пэўныя веды пра характар галосных (двухгалосныя, дыфтонгі, паўгалосныя, або рэдукаваныя) і зычных літар, пра прасодыю і лічбавае значэнне кірылічных літар. Падручнік вельмі добра прадуманы. Матэрыял азбучнай часткі адлюстроўвае прынятую на той час распаўсюджаную ў Еўропе літарна-складовую методыку навучання чытанню. Аўтары буквара не толькі добра знаёмы з традыцыяй Slavia Orthodoxa, але і Slavia Christiana, у якіх распаўсюджваліся аналагічныя падручнікі.

Пасля размешчаны даволі аб’ёмны граматычны матэрыял, які займае каля трэці выдання. Тут пададзены граматычныя асаблівасці (каля трэці аб’ёму) скланення назоўнікаў, асобных прыметнікаў, спражэнне дапаможнага дзеяслова быць, некаторыя асаблівасці дзеепрыметніка і дзеепрыслоўя. Павелічэнне аб’ёму вучэбнай часткі — гэта таксама вынік паслядоўнага прымянення аднаго з асноўных палажэнняў дыдактыкі — прынцыпу паступовасці.

Заключная частка буквара — гэта асноўныя дагматы хрысціянства, маральна-дыдактычныя павучанні, штодзённыя малітвы, стара- і новазапаветныя біблейскія ісціны, нормы паводзін, навучанне дабрачыннасці, міласэрнасці. Напрыканцы — крыху прыродазнаўча-навуковых ведаў пра асаблівасці чалавечага арганізма. Частка іх пазычана з “Азбукі” Л.Зізанія. Усё гэта дае падставу меркаваць, што аўтарамі буквара былі Мялецій Сматрыцкі і Лаўрэнцій Зізаній. Няма нічога дзіўнага, што кіраўніцтва брацтва аддало перавагу ім, бо, акрамя незвычайных прапаведніцкіх здольнасцей, абодва царкоўныя дзеячы валодалі грунтоўнай філалагічнай падрыхтоўкай, былі вядомымі педагогамі.

І хаця гэты буквар праз пастаяннае карыстанне захаваўся толькі ў двух асобніках, яны даюць прыблізную карціну зараджэння сучаснага тыпу падручніка. Згаданы буквар — пачатак новай эпохі, калі падручнік паступова становіцца ўладаром чалавечых думак. Як і ў папярэдніх аналагічных дапаможніках, палову аб’ёму займаюць разнастайныя малітвы. У гэтай частцы відавочны павучальны складнік, а тэксты, думаецца, адрасаваны не толькі вучням, але і бацькам. Імкненне навучыць, выхаваць на Бібліі збліжае буквар з пратэстанцкімі кнігамі, дзе такі кірунак быў больш ярка адлюстраваны.

Важнае значэнне набывае параўнальна-супастаўляльны аналіз асаблівасцей “Буквара” і “Граматыкі”. З яго вынікае, што ў абодвух выданнях даволі шмат супадзенняў, асабліва ў літарнай і граматычнай частках. Тыя ж самыя віды націску, што і ў падручніку Мялеція Сматрыцкага, пералічваюцца ў раздзеле “Прасодыя” — вучэнне пра націск. Невялікі параграф “Препинание строчное” (знакі прыпынку) амаль без выключэнняў паўтарае назвы, зафіксаваныя М.Сматрыцкім. Яшчэ адна дэталь, якая сведчыць пра аўтарства М.Сматрыцкага, — літара Ґ для абазначэння [г] выбуховага ў запазычаных словах. Яна ўпершыню была ўведзена ім у “Граматыцы” для адрознення выбуховага [г] у запазычаных словах і фрыкатыўнага ў славянскіх. Невялікая характарыстыка пісьмёнаў-літар, якія падзяляюцца на галосныя, паўгалосныя, трыгалосныя, цалкам супадае з аналагічнай класіфікацыяй, праведзенай М.Сматрыцкім у “Граматыцы”.

Магчымасць ідэнтыфікацыі аўтара відавочна і ў граматычнай частцы буквара. У ім, як і ў “Граматыцы” Мялеція Сматрыцкага, падаюцца парадыгмы пяці славянскіх скланенняў (у Л.Зізанія іх было дзесяць): першыя чатыры прысвечаны назоўнікам, пятае — прыметнікам. Параўнанне парадыгм скланення аднолькавых назоўнікаў у абодвух выданнях (буквары і граматыцы), колькасць склонавых форм (7), іх поўнае супадзенне дае падставу сцвярджаць, што М.Сматрыцкі — адзін з верагодных аўтараў. Гэта відаць і з характарыстыкі шасці тых жа самых часавых дзеяслоўных форм, што і ў М.Сматрыцкага. Тут ужываецца тэрмін “деепричастие” (дзеепрыслоўе), які ўпершыню ва ўсходнеславянскай філалогіі выкарыстаў М.Сматрыцкі для абазначэння асобнай формы дзеяслова.

Падручнік вылучаецца сціпласцю і вытанчанасцю афармлення. Тытул аздоблены арнаментальнай рамкай і невялікім малюнкам з выявай крыжа. З адваротнага боку тытула — выява герба ўладальніка Еўя і фундатара друкарні Багдана Агінскага. Наборны шрыфт такі ж, як і ў “Граматыцы” Мялеція Сматрыцкага і іншых еўеўскіх выданнях. Тэкст аздоблены прыгожай канцоўкай, падобнай да тых, што выкарыстоўваліся ў віленскіх і еўеўскіх выданнях XVI—XVII стагоддзяў.

Еўеўскі буквар больш напоўнены граматычнымі асаблівасцямі. Шэраг даследчыкаў небеспадстаўна сцвярджае, што буквар і граматыка былі надрукаваны ў 1618 годзе, аднак пасля таго, як тэкст граматыкі з тытулам, датаваным 1618 годам, быў надрукаваны, аказалася, што на адвароце забылі паставіць выяву герба мецэната Багдана Агінскага. Пасля гэтага прыйшлося тытульны аркуш граматыкі друкаваць па-новаму з датай “1619 год”. Так, верагодна, атрымалася, што буквар апярэдзіў граматыку і стаў яе папярэднікам.

Сёння можна толькі здагадвацца, якой папулярнасцю і попытам карыстаўся гэты еўеўскі буквар 1618 года. Можна, аднак, з упэўненасцю сцвярджаць, што ён пачынаў эпоху падручнікаў новага тыпу для пачатковага навучання грамаце, стаў узорам для пераймання. Адным словам, нельга не пагадзіцца з дадзенай М.І.Анушкіным ацэнкай помніку: “Бясспрэчная каштоўнасць еўеўскага буквара заключаецца ў тым, што ён стаў для свайго часу найбольш поўным падручнікам для пачатковага навучання мове. <…> Еўеўскі “Букварь Языка Славенска” 1618 года — важная з’ява ў гісторыі славянскай культуры. Разам з “Граматыкай“ Мялеція Сматрыцкага яны склалі своеасаблівы збор навучальнай літаратуры па мове таго часу”.

Лёс гэтага выдання — яшчэ адно сведчанне багатай культурнай спадчыны нашага народа, мінуўшчыны, якая, раскіданая па кнігасховішчах розных краін, доўгі час заставалася амаль нікім не кранутая. Ва ўсялякім выпадку, на прыкладзе гэтай гісторыі яшчэ раз пераконваешся, што рукапісы не гараць, яны непадуладны часу. Добра, што гэты скарб беларускага кнігадрукавання, педагагічнай думкі вярнуўся праз чатыры стагоддзі да роднага парога, стаў здабыткам шырокага кола грамадскасці. І не так важна, што гэта быў падручнік па навучанні царкоўнаславянскай мове. Для нас, беларусаў, ён, безумоўна, мае вялікае значэнне як першы падручнік для пачатковага навучання грамаце пад назвай “Буквар”.

Дзмітрый ПАЎЛАВЕЦ,
кандыдат філалагічных навук.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *