Бульба, Лялька, Піглас…

Бульба ў тваіх руках

Гэтае адчуванне ніколі не зблытаецца ў тваёй свядомасці. Ты сядзіш над кошыкам смецця — ці дома, ці ў войску, ці ў якой-небудзь Амерыцы — і чысціш бульбу.

Кідаеш ачышчаныя бульбачкі ў ракавіну, каб потым іх памыць, а пасля зварыць, падсмажыць, падхваціць… Але гэтае адчуванне застаецца з табой назаўсёды — у тваіх руках бульба. І ты сам як бульба. Як нейкае шчасце, якое нарадзілася ў тваёй роднай зямлі, як нейкая патаемная радасць, якая грэе твае нямыя далоні, як нейкае збавенне, дадзенае Богам ці прыродай.

З Аляксандрам Баханьковым, настаўнікам фізікі Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча № 2, сталыя аўтары нашай газеты знаёмы ўжо даўно — з той пары, калі некалькі гадоў назад ён пазнаёміў нас ва “Утульнай хатцы” з некалькімі арыгінальнымі рэцэптамі страў з маладой бульбы. Тады я толькі здзіўляўся: адкуль у настаўніка фізікі столькі захаплення бульбай, рэцэптамі неверагодных бульбяных страў?

Хаця ўжо тады Аляксандр Арцем’евіч мне прызнаўся, што захапленне бульбай нарадзілася ў яго са студэнцкіх гадоў, калі ён прыязджаў на канікулы ў родную вёску Гомель на Полаччыне і маці яго частавала незвычайнымі па смаку дранікамі і клёцкамі. Ён тады гаварыў: “Я вяртаўся пасля заняткаў у родную вёску, і маці частавала мяне клёцкамі і дранікамі. Ніколі не магу забыць гэты смак. Гэта была незвычайная асалода пасля ўсіх студэнцкіх часовых перакусаў”.

А потым, ужо ў дарослым жыцці, захапленне бульбай у Аляксандра Арцем’евіча ператварылася ў занятак лёсу. Ён збіраў і збіраў рэцэпты бульбяных страў з усяго свету — нават з Перу і Венесуэлы, дзе бульба называецца дзіўнымі для нашага вуха словамі: “рара” ў Перу і “батата” ў Бразіліі. Пра этымалогію, дарэчы, гаворыць у прадмове да “Энцыклапедыі страў з бульбы” галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэхналогій прадукцыі з караняплодаў Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар тэхнічных навук У.Ліцвяк, які адзначае, што ў Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі, Канадзе і іншых англамоўных краінах бульба абазначаецца словам potato, у Германіі — Kartoffel, у Францыі — pommedeterre, у Іспаніі і Італіі — patata, у Нідэрландах — aardaappel, у Румыніі — cartof, у Польшчы — ziemniak, ва Украіне — картопля, у Казахстане — картоп.

І толькі ў Беларусі ды яшчэ ў суседзяў-літоўцаў ёсць наша слова “бульба” (bulves).

“Рэспубліка Беларусь, — піша У.Ліцвяк, — нягледзячы на сваю невялікую тэрыторыю, уваходзіць у дзясятку сусветных лідараў па вытворчасці бульбы, а па яе спажыванні займае першае месца ў свеце. Так, у 2016 годзе, па афіцыйных статыстычных даных, у Беларусі вырашчана 5 985 800 т бульбы, прыблізна 630 кг на душу насельніцтва”. Спажыванне бульбы і прадуктаў з яе ў Беларусі ў 2015 годзе  склала 10 кг на душу насельніцтва, што значна больш, чым у жыхароў любой іншай краіны свету.

А.Баханькоў цягам некалькіх гадоў выдаваў маленькія кніжачкі з рэцэптамі бульбяных страў. А сёння я трымаю ў руках вялікую-вялікую бульбіну, дакладней кажучы, “Энцыклапедыю страў з бульбы”, том на 432 старонкі, выдадзены выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Беларусы павінны былі дачакацца выдання гэтай кнігі, бо, як пісаў наш вядомы паэт Пятрусь Макаль:

На Беларусі бульба не звядзецца,

А беларусу бульба не прыесца.

Скажу вам, братцы, гэта не сакрэт,

Мне бульба замяняе нават хлеб.

 

Сярод дзясяткаў страў, вы мне паверце,

Ёсць самая смачнейшая на свеце.

За свята лічыць кожны беларус,

Калі ўранку ставяць на абрус

 

Дранікі духмяныя, дранікі крамяныя,

Дранікі бульбяныя — любата,

Дранікі са скваркамі, дранікі з паджаркамі,

Дранікі — сапраўдная смаката.

 

Якая б не нахлынула навала,

Я пражыву без солі і без сала,

Але павінен шчыра вам сказаць:

Я не змагу без бульбы існаваць!

 

На Беларусі бульба не звядзецца,

А беларусу бульба не прыесца.

Не буду я тужыць і сумаваць,

Пакуль у печы дранікі скварчаць.

У “Энцыклапедыі страў з бульбы” Аляксандра Баханькова прадстаўлена больш за дзве тысячы рэцэптаў. Яны змешчаны ў сістэмным выглядзе: “Закускі, вінегрэты, салаты”, “Першыя стравы”, “Другія стравы”, “Выпечка з бульбы”. Асобна падаюцца раздзелы “Гаспадыні на заметку” і “Слоўнік кулінарных тэрмінаў”.

“Энцыклапедыю страў з бульбы” гаспадыням можна трымаць на кухні і зазіраць у яе штодня, асабліва калі гаспадар пахмурліва гляне на штодзённую яечню з беконам…

Лялька ў тваім сэрцы

Знаёмства з літаратурай суседніх народаў часта дорыць шчымлівае адчуванне блізкасці, ментальнага і душэўнага падабенства.

З раманам “Лялька” знакамітага польскага пісьменніка Баляслава Пруса ў рускім варыянце я быў знаёмы яшчэ ў студэнцкія гады. Але сёння знаёмлюся з ім на беларускай мове нанова і нанова разбіраюся ў сваім сэрцы.

У аснове рамана — love story. Пра што гэтая love story?

Выдавец пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў гаворыць пра раман: “Дзякуючы жалезнай волі і працавітасці, сын збяднелага шляхціца Станіслаў Вакульскі здолеў не толькі атрымаць універсітэцкую адукацыю, але і зрабіцца найзаможнейшым прамыслоўцам. А каханне актывізавала магутную энергію галоўнага героя, дадало яму сілы, і Вакульскі зрабіўся такой багатай і ўплывовай асобай, што самыя знаныя арыстакраты былі вымушаны прымаць яго ў сваіх салонах. Ганарліўка панна Ізабэла, хоць пагарджала нуварышам і заставалася халоднай як парцэлянавая лялька, усё ж пагадзілася выйсці за яго замуж”.

“Ляльку” проста цікава чытаць.

“Аднойчы, гэта было ў Францыі, яна наведвала металургічны завод. З’язджаючы з гары, дзе пад ясным сінім небам заставаліся лясы і лугавіны, яна ўбачыла ўнізе прорву, з якой падымаліся хмары чорнага дыму і клубы пары, і адкуль чуўся глухі грукат, скрыгатанне і сапенне машын. Потым яна ўбачыла печы, падобныя да вежаў сярэднявечных замкаў, якія дыхалі полымем, магутныя колы, што круціліся з хуткасцю бліскавіц, аграмадныя рыштаванні, якія самі рухаліся па рэйках, струмені распаленага дабяла жалеза і напаўголых работнікаў, падобных да бронзавых статуй з панурымі позіркамі. Над усім гэтым — крывавае зарыва, гул колаў, енкі мяхоў, грукат молатаў і нецярплівыя ўздыхі катлоў. А пад нагамі, быццам ад страху, дрыжэла зямля.

Тады ёй падалося, што з вышыняў шчаслівага Алімпа яна сышла ў безнадзейную прорву Вулкана, дзе цыклопы куюць перуны, якія могуць зруйнаваць сам Алімп. Ёй успомніліся легенды пра бунтоўных волатаў, пра канец гэтага прыгожага свету, у якім яна жыла, і першы раз яе, багіню, перад якой схілялі галовы маршалкі і сенатары, ахапіла трывога.

— Гэта страшныя людзі, тата, — ціха сказала яна бацьку.

Бацька маўчаў, толькі мацней прыціснуў яе локаць”.

Вось такая Лялька, якую немагчыма не пакахаць…

Піглас на тваім плячы

Жыве дзяўчынка Бася, якая хоча толькі аднаго — шчасліва жыць, усміхацца зранку сваім любімым маме і тату, потым радаваць добрымі адказамі сваю першую настаўніцу, затым радаваць сябе і сваіх бацькоў цудоўнымі ацэнкамі ў дзённіку і класціся спаць з усмешкай, якая не сышла яшчэ з раніцы.

Але гэтая дзяўчынка незвычайная. І мама ў гэтай дзяўчынкі незвычайная. Ім абедзвюм хочацца НЕЧАГА! Каб было весялей прачынацца, каб было лацвей адказваць на ўроках, каб спакойна засынаць, ведаючы, што на тваіх шторах вісіць твой анёл-абаронца Піглас…

Кніга журналісткі і мастачкі Надзі Бука “Бася і Піглас” мяне асабліва парадавала ў апошні час. Гэта не проста аўтарская міфалогія. Гэта асабістае перажыванне. Гэта асабіста пражытая і нявыдуманая міфалогія. Дый не міфалогія, а быль. Піглас, які то б’ецца за акном Басі, то дзяўбе прышчэпку на Басіным балконе… гэты Піглас ёсць у кожнага з нас. Проста мы пра яго забываемся. А Надзя Бука дазволіла нам успомніць.

“Бася вырашыла памаляваць партрэт Пігласа. Мінула ажно гадзіна, але партрэт ніяк не атрымліваўся: натхненне знікла.

Бася ўстала і пайшла на пошукі ў суседні пакой. Мама сядзела за сталом і глядзела ў манітор ноўтбука.

— Мама, што ты робіш?

— Шукаю натхненне.

— Я таксама.

Бася падумала: “Няхай у мяне сёння не атрымаецца парт­рэт, каб толькі натхненне завітала да мамы”.

І толькі яна пра гэта падумала, як пакой напоўніўся бурбалкамі. Піглас сеў на маміны плечы. Яна зрабіла глыток кавы і пачала хутка нешта друкаваць.

— Піглас, ты прынёс маме натхненне! Дзякуй!

Бася ціхутка пайшла ў свой пакой і села за стол.

“Люблю, калі мама ўсміхаецца”, — падумала Бася і паглядзела на свой малюнак. Піглас сеў ёй акурат на галаву!”

 “Мая самая любімая кніга — “Маленькі прынц” Сент-Экзюперы”, — сказала мне Надзя Бука пры сустрэчы.

Гэта вельмі гожы маяк. Гэта тое, на што, сапраўды, трэба арыентавацца, пішучы літаратуру для дзяцей. Дый для дарослых таксама.

А Піглас?

Калі пісаў гэтыя радкі, раптам адчуў, што на маё плячо прысела нешта… Мяккае, пяшчотнае, пухнатае.

Зварухнуўся, зніякавеў. Зірнуў: “Дык гэта ж Піглас!”

— Піглас, гэта ты?

— Дык вы ж пра мяне тут нешта пішаце. Вось і прыляцеў.

— Ты далёка жывеш?

— Далекавата. Праз увесь Мінск.

— А мама цябе адпусціла так далёка лётаць?

— А я не пытаўся. Яна заснула. Заснулі дзеці. А я паляцеў.

— Паслухай. Дзякуй, што прыляцеў. Я цябе вельмі люблю. Я закончыў пісаць тэкст пра цябе і Басю. Ляці цяпер да сваёй мамы Надзі і ахоўвай яе дзетак, добра?

— Добра. Толькі да вас яшчэ калі-небудзь прылячу.

Мікола ЧЭМЕР.

P.S. Паставіўшы апошнюю кропку ў гэтых нататках, азірнуўся на іх… і раптам зразумеў: а я ж расказаў пра кнігі, якія распавядаюць пра тое, з чаго складаецца наша жыццё. Бульба… Без яе мы не пражывём. Яна надае нам моцы і рухавасці ў гэтым жыцці. Лялька… У кожнага з нас яна ў сэрцы. Каханая, адданая, адзіная. Без яе мы таксама не змаглі б жыць. Піглас… Гэта запаветная мара, гэта наша даросла-дзіцячае перажыванне. У кожнага з нас у душы жыве свой Піглас (назавіце яго па-свойму), дзякуючы якому мы марым, мы ствараем, мы яшчэ нечага хочам у гэтым жыцці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *