Бульбяны БУМ

Вось ужо трэці год запар у Гарадзечанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці стаў добрай традыцыяй восеньскі фестываль “Да пабачэння, восень!”. У гэтым навучальным годзе ён адбыўся ў шосты школьны дзень 24 лістапада і быў прысвечаны бульбе. Дэвізам восеньскага фестывалю стаў кліч “Бульбяны БУМ!”.

Свята разгарнулася, як заўсёды, у фае першага паверха. Можна сказаць, з размахам, па-беларуску. Удзельнікі — вучні 1—8 класаў. Святочна аформленыя стравы, кампазіцыі з прыродных матэрыялаў, галоўнымі героямі якіх была бульба, вабілі вока. На свята завітаў Спадар Бульба, прапанаваў віктарыну “Кулінарныя знаўцы”, правёў гульню “Бульбяны эрудыт”.

Журы ў складзе дырэктара ўстановы С.І.Шушкевіч, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце А.А.Гаўрыльчук і педагога-псіхолага М.М.Малішэўскай падвяло вынікі. Усе вучні творча і з густам падышлі да кожнага конкурсу. Выбраць лепшага аказалася складана, таму ўсе класы былі ўзнагароджаны граматамі па намінацыях: “Лепшы кухар”, “Бульбяны фантазёр”, “Лепшы кулінар”, “Бульбяны букваед”, “Прафесійны аграном”, “Бульбяны іміджмэйкер”, “Бульбяны гурман”, “За актыўны ўдзел і творчы падыход”.

Дзеці змаглі пераканацца ў тым, што няма нічога лепшага і смачнейшага за нашу беларускую бульбачку!

Алена ІГНАТОВІЧ,
бібліятэкар Гарадзечанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.