“Буслы, дзе вайна, не лятаюць кругамі…”

- 10:51Культура

У Мінску прэзентавалі кнігу вершаў беларускіх дзяцей “Дзеці за мір”

Падзея адбылася 18 верасня, у Дзень міру, які ў нашай краіне адзначаецца ў трэці аўторак першага восеньскага месяца, напярэдадні Міжнароднага дня міру 21 верасня.

У Нацыянальную бібліятэку Беларусі былі запрошаны ўсе — больш за 150 — пераможцы Рэспубліканскага паэтычнага конкурсу “Шчасце — жыць у мірнай краіне!”, чые вершы якраз і ўвайшлі ў, безумоўна, знакавае для айчыннай літаратурнай прасторы выданне. Конкурс, прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, правёў Беларускі фонд міру сумесна з міністэрствамі адукацыі, культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Кніга пабачыла свет у выдавецтве “Аверсэв”, і гэта, дарэчы, ужо другая кніжная ініцыятыва Беларускага фонду міру ў рамках праекта “Дзеці за мір” — летась пад такой жа назвай выйшаў зборнік лепшых сачыненняў беларускіх школьнікаў.

Прэзентацыя кнігі “Дзеці за мір” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі стала адначасова і цырымоніяй узнагароджання пераможцаў конкурсу — уладальнікаў 1-га, 2-га і 3-га месцаў ад кожнай вобласці і Мінска. Асаблівую іскрынку мерапрыемству надаў неардынарны ход арганізатараў — ініцыятарам і партнёрам праекта з ліку прадстаўнікоў міністэрстваў, дыпламатычных місій, старшынь рэлігійных канфесій, прадстаўнікоў айчыннай пісьменніцкай супольнасці, дзяржаўных і грамадскіх інстытуцый было прапанавана выбраць па адным вершы з кнігі і прачытаць яго са сцэны. Так, вершы дзяцей прагучалі з вуснаў старшыні праўлення Беларускага фонду міру дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Максіма Місько, пастаяннага каардынатара ААН і пастаяннага прадстаўніка Праграмы развіцця ААН у Беларусі Іаанны Казана-Вішнявецкі, дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага, намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раісы Сідарэнка, галоўнага рэдактара радыёстанцыі “Беларусь” Навума Гальпяровіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Архіепіскапа Тадэвуша Кандрусевіча, галоўнага муфтыя Беларусі Абу Бекіра Шабановіча, намесніка старшыні Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па ўзаемадзеянні царквы і грамадства пратаіерэя Аляксандра Шымбалёва, старшыні Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання Рыгора Хайтовіча, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыні Таварыства беларускай мовы Алены Анісім і вядомай спявачкі заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай, дырэктара выдавецтва “Аверсэв” Дзмітрыя Дэмбоўскага, іншых вядомых асоб. Трэба сказаць, што ў цэлым гэта была дастаткова сімвалічная і ў нечым нават парадаксальная карціна: мы ўжо даўно ставімся да конкурсаў чытальнікаў з удзелам дзяцей як да звычайнай справы, але каб паэтычныя творы, напісаныя дзецьмі, чыталі ўголас, нібы таксама на конкурсе, дарослыя… такое ўбачыш нячаста. І, што цікава, кожны з дарослых дэкламатараў спецыяльна для імпрэзы ў НББ, сапраўды, выбраў менавіта “свой” верш з кнігі “Дзеці за мір”. Відавочным было ўважлівае прачытанне імі кнігі перад тым, як знайсці ў ёй асабліва блізкае сабе.

Зрэшты, выступоўцы знайшлі-выбралі не толькі вершы дзяцей, але і ўласныя словы ды адмысловыя падарункі для маленькіх і юных паэтаў-міратворцаў, як іх назваў старшыня праўлення Беларускага фонду міру Максім Місько. Напрыклад, сямікласніца Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Віялета Русялевіч не адразу нават і паверыла, што менавіта яе верш выбраў для чытання дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, і стала, па яго словах, несумненна першай у Беларусі школьніцай, якая ўзяла ў рукі факсімільнае выданне першага ў свеце Буквара — такі падарунак зрабіў ёй Раман Сцяпанавіч. Намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка перад тым, як чытаць выбраны ёй верш (трэцякласніцы Холмецкай сярэдняй школы Рэчыцкага раёна Паліны Івахненка), адзначыла, што аўтары кнігі, нягледзячы на юны ўзрост, цудоўна разумеюць тры галоўныя рэчы: “Першае — трэба памятаць пра тыя беды, якія нясе вайна, любая вайна — вялікая ці малая; другое — трэба разумець, што раўнадушша ніколі не прывядзе да дабра; трэцяе — трэба дзейнічаць, трэба нешта рабіць, каб дапамагчы міру быць вечным і трывалым”. “І ваш першы ўклад у вялікую справу ўмацавання міру — вось ён, у гэтай цудоўнай кнізе”, — звярнулася да юных паэтаў Раіса Станіславаўна.

Пранікнёнымі былі словы вядомых духоўных асоб, напрыклад, лідара беларускіх католікаў Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча: “Вельмі хацелася б, каб нашы юныя таленты раслі не толькі ў гадах, не толькі ў ведах, але і ў ласцы да людзей, бо сапраўдны мір пачынаецца з міру ў сэрцы чалавека”. Ці галоўнага муфтыя Беларусі Абу Бекіра Шабановіча: “Дарагія браты і сёстры! Дарагія мае дзеткі! Я прачытаў вашу кнігу — вы так удала ўсё пішаце, такая ў вас тонкая і добрая душа! Стварайце, працуйце! Усё тое, што Ўсявышні ўклаў у вас, раскрыйце людзям!”

І яны ўжо раскрываюць і раскрываюцца: “Буслы, дзе вайна, // Не лятаюць кругамі…” (з верша сямікласніцы Бягомльскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна Марыі Курнаш); “Так з веку ў век ішоў за намі здзек. // Прыпамінаць па кроплі не бяруся, // Як выжыў тут, урэшце, чалавек, // Каб нарадзіць мяне для Беларусі” (з верша дзесяцікласніка шчучынскай сярэдняй школы № 1 Максіма Гудача); “Як бабуля мая і як мамачка // Я для дочак цябе зберагу!” (з верша дзесяцікласніцы Камянюцкай сярэдняй школы Камянецкага раёна Аляксандры Мышленнік)…

Кніга “Дзеці за мір” неўзабаве паступіць ва ўсе раённыя бібліятэкі краіны. Гэта значыць, што яе прачытаюць ужо не толькі самі яе аўтары, іх сябры, бацькі і настаўнікі, але і шмат-шмат іншых людзей — як дзяцей, так і дарослых. Гэтую кнігу будуць чытаць у школах на ўроках міру, на іншых пазакласных мерапрыемствах.

І можна не сумнявацца, што многія, хто яе разгорне і пачне чытаць, таксама будуць шукаць у ёй свой верш ці хаця б радок…

Знойдуць.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.