Бягом на барацьбу з экалагічнымі праблемамі!

У адным са сваіх матэрыялаў я ўжо расказваў пра падрыхтоўку ліцэістаў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта да магілёўскага марафону. У сённяшнім матэрыяле хацелася б звярнуць увагу на незвычайны элемент трэніровачнага працэсу ў бегуноў. Падчас трэніровак рэкамендуецца ўводзіць у заняткі гульнявую форму, практыкаванні, якія маглі б перавесці ўвагу навучэнцаў ад трэніровак і штодзённых вучэбных прадметаў у іншае рэчышча. Размова пойдзе пра плогінг — новы павеў, які паступова заваёўвае свет.

Плогінг — гэта з’ява, якая нарадзілася ў Швецыі і спалучае здаровы лад жыцця і беражлівыя адносіны да прыроды. Назва ўтворана ад дзеяслова “падабраць” (па-шведску — “плока апп”) і назоўніка “джогінг” (“павольны бег трушком”). Варта адзначыць, што плогінг значна больш эфектыўны, чым звычайны бег трушком, паколькі, акрамя лёгкага бегу, даводзіцца ўвесь час нахіляцца за смеццем, прыкладаючы дадатковыя фізічныя намаганні, і класці яго ў смеццевы пакет, таксама пераводзячы ўвагу на розныя аб’екты. Гэты працэс станоўча ўплывае і на такую фізічную якасць, як спрыт.

Мы з класам працуем над удасканальваннем бегу ўжо другі год, і на незвычайную прапанову, пра якую ніхто і ніколі не чуў, навучэнцы адгукнуліся з задавальненнем, тым больш што ўрок выпаў на агульнагарадскі суботнік. Смецце падчас прабежкі мы збіралі каля ручая Дэбра. Магілёў вельмі чысты, таму смецце прыйшлося пашукаць. Навучэнцы выдатна папрацавалі фізічна. Яны, дарэчы, засталіся задаволеныя, таму мы абавязкова паўторым падобныя прабежкі яшчэ не адзін раз.

Данііл Пугін, 10 “Д” клас: “На агульнагарадскім суботніку мы з аднакласнікамі заняліся плогінгам. Здаецца, што гэта ўсяго толькі звычайная прабежка, але ж мы збіралі смецце, робячы горад больш чыстым. Падчас прабежкі можна паразмаўляць адно з адным і палюбавацца нашым цудоўным горадам. Спадзяюся, мы будзем не адзінымі, хто падтрымае такі від прабежкі ў Магілёве. Здаецца, дробязь — смецце падняць і выкінуць, а ўсё ж прыемна назіраць, што ёсць людзі, якія змагаюцца за чысціню і парадак у горадзе!”

Нэлі Ціцянкова, 10 “Д” клас: “Да таго, як я трапіла на ўрокі Андрэя Віктаравіча, бегала вельмі мала, можна сказаць, што не бегала зусім. Калі ж пачала займацца ў нашага любімага настаўніка, адчула, што з кожным днём бегаць становіцца лягчэй. Прыемна, што я магу бегаць далей і больш. Вы нават не ўяўляеце, якое гэта прыемнае пачуццё ўдасканальвання ўласнага цела, калі ты разумееш, што пераадолеў нейкую ўнутраную перашкоду, перамог сябе. Нядаўна я прыняла ўдзел ва ўнікальным мерапрыемстве, якое дазволіла аб’яднаць прыемнае з карысным. Дзякуючы Андрэю Віктаравічу, мы бегалі і чысцілі наш родны горад ад смецця, рабілі яго лепшым. Спадзяюся, што першы падобны вопыт не стане апошнім. Такія мерапрыемствы стануць добрай традыцыяй не толькі ў нашым класе і ў нашым ліцэі, але і ва ўсім горадзе”.

Навучэнцы ліцэя большую частку свайго вольнага часу аддаюць вучобе. Маёй жа галоўнай задачай з’яўляецца прыцягненне іх увагі да рухальнай актыўнасці і павышэнне матывацыі на занятках фізічнай культуры і здароўя. Калі ў працы з юнакамі гэта атрымліваецца хутчэй і прасцей, то з дзяўчатамі бывае складаней. Аднак нават пераможцы рознага ўзроўню алімпіяд па такіх прадметах, як “Фізіка”, “Матэматыка” і “Астраномія”, ужо даўно ўсвядомілі важнасць фізічных практыкаванняў для ўласнага фізічнага і інтэлектуальнага развіцця.

Андрэй БЯЗЛЕПКІН,
настаўнік вышэйшай катэгорыі фізічнай культуры і здароўя
Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *