У 1976 г. яна стала гераіняй артыкула пра маладых педагогаў, а нядаўна адзначыла залаты прафесійны юбілей

- 14:1880 лет вместе

Бягучы навучальны год для настаўніцы Ларысы Давыдзёнак асаблівы: у яе залаты прафесійны юбілей. Паўстагоддзя назад выпускніца сталічнага педінстытута замежных моў прыступіла да работы ў Віцебскім раёне і да гэтага дня там працуе.

А 29 мая 1976 года яна стала гераіняй першага артыкула ў новай серыі пуб­лікацый “Настаўніцкай газеты” пра маладых педагогаў. На працягу 30 гадоў мая суразмоўніца выкладае англійскую мову ў Кіраўскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза У.Ц.Курыленкі.

Шукаць разам

— Ларыса Сямёнаўна, рас­кажыце падрабязней пра тую даўнюю публікацыю ў “Настаўніцкай”.

— Не толькі расказаць, але і паказаць магу, бо зберагла памятны для мяне нумар. Падобная руб­рыка і цяпер ёсць у нашай газеце. Тэматыка пераклікаецца: чым жыве малады настаўнік, як пераадольвае непазбежныя ў пачатку працоўнай біяграфіі цяжкасці, удасканальвае прафесійнае майстэрства, як яму дапамагаюць у гэтым кіраўніцтва школы, галіновы прафсаюз і педагагічны калектыў. Ведаеце, калі ўнесці праўкі літаральна ў некалькіх месцах (бо грамадскія рэаліі змяніліся плюс тэхнічны праг­рэс ідзе несупынна), то матэрыял і сёння будзе актуальны. Мне гэты артыкул дарагі яшчэ як памяць пра калегу, старэйшага сябра і кіраўніка маёй стажорскай практыкі Любоў Даніленкаву. Кампазіцыйна пуб­лікацыя аб’ядноўвае дзве часткі з меркаваннямі вопытнага і маладога педагогаў. Назва сімвалічная: “Шукаць ра­зам”. Між іншым у свой час прыклад маладой настаўніцы Яніны Бабінскай абумовіў мой выбар прафесіі.

— Якім чынам?

— У маёй роднай сярэдняй школе № 13 Полацка з намі працавалі выдатныя настаўнікі. Аднак тагачасную матэрыяльную базу з сучаснай не параўнаць. З тэхнічных сродкаў навучання на ўроках замежнай мовы быў толькі прайгравальнік з адной пласцінкай… І раптоўна ў класе з’яўляецца яна — прыгожая, модна і з густам апранутая, па-англійску размаўляе так, нібы доўга жыла за мяжой. Проста зачараванне! Мне захацелася быць падобнай да гэтага ідэалу. Таму я задалася пытаннем, дзе ву­чаць такіх настаўнікаў. У Беларусі “замежнікаў” рыхтавалі выключна ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў, цяпер гэта лінгвістычны ўніверсітэт. Вось я і нацэлілася на сталіцу пасля школы. Родныя падтрымалі, Яніна Іванаўна займалася са мной дадаткова.

Усім, хто раіў ставіць прасцейшую мэту, я адказвала: “Буду хоць 10 гадоў запар паступаць, але паступлю!” Паўторныя спробы мне не спатрэбіліся.

Я вучылася ва ўніверсітэце з захапленнем, на размеркаванні была ў ліку лепшых і магла выбраць любы пункт на карце, акрамя буйных гарадоў — туды не размяркоўвалі, толькі ў раёны.

— Чаму не Полацкі раён?

— Вырашыла выпрабаваць сябе ў незнаёмай абстаноўцы: ці спраўлюся? Разам з тым хацела працаваць менавіта ў сваім рэгіёне. Накіравалі мяне ў Бабінічы. Прызнаюся, у марах было іншае. Раён выбрала найбліжэйшы да абласнога цэнтра, каб у перспектыве знайсці вакансію ў Віцебску. Атрымаўся класічны эцюд: вёска, невялікая сярэдняя школа і засмучаны лёсам, амбіцыйны малады спецыяліст. Праўда, мой песімістычны настрой хутка змяніўся. Я пазнаёмілася з калектывам, пачала весці ўрокі — работа захапіла. Школа аказалася адметнай, з багатым вопытам па ваенна-патрыятычным, маральным, эстэтычным выхаванні. На той час яна была нават прадстаўлена на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Мас­кве. Плюс я актыўна ўключылася ў грамадскую дзейнасць. Неўзабаве мне даверылі ўзначаліць камсамольскую пярвічку. На гэтым этапе, у канцы майго другога навучальнага года, мяне і “злавіў” карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Чым вымяраецца жыццё

Ларыса Давыдзёнак, 1976 год: “Мне вельмі хочацца расшырыць, зрабіць больш змястоўнай і цікавай пазакласную работу па замежнай мове. У нас ужо працуе гурток англійскай мовы. Мая мара — наладзіць работу яго секцый: секцыі па вырабе наглядных дапаможнікаў, дыдактычнага і раздатачнага матэрыялу (для сельскай школы гэта проста неабходна), секцыі гутарковай мовы (ужо шмат дзяцей выказала жаданне авалодваць замежным маўленнем) і клуба інтэрнацыянальнай дружбы”.

— Спраўдзілі мару?

— Удалося зрабіць больш. Рабоце ў Бабініцкай сярэдняй школе (з мая 2020 года яна носіць імя Героя Савецкага Саюза Я.В.Васілеўскага) я аддала 8 гадоў. Гэта быў цудоўны час: любімыя вучні, радасць нашых першых поспехаў, самарэалізацыя ў прафесіі, творчасці, грамадскай дзейнасці, праз некаторы час мяне выбралі сакратаром школьнай партыйнай арганізацыі. Планы перавесціся ў горад, скажам так, адышлі на апошні план. Нават калі з’явіўся прэстыжны варыянт уладкавацца ў Віцебскі дзяржаўны педінстытут імя С.М.Кірава (цяпер ВДУ імя П.М.Машэрава), падумала і адмовілася, бо вясковая школа прываблівала мяне мацней. Але аднойчы кіраўніц­тва паставіла перад фактам: мяне пераво­дзяць у райаддзел адукацыі метадыстам па працоўным навучанні і прафарыентацыі. Тут не паспрачаешся: трэба — значыць зраблю ўсё, што ў маіх сілах. Праявіла сябе даволі паспяхова, набыла новы важны вопыт. Чатыры гады адпрацавала і папрасілася: “Выбачайце, не маё гэта. Мне неабходны станок!”

— Мелася на ўвазе работа з дзецьмі?

— Так. Раз у тыдзень я вяла ўрокі, калі была метадыстам, аднак задыхалася без паўнавартаснай настаўніцкай практыкі. У аддзеле пайшлі насустрач, хаця і неахвотна. Тады мяне якраз паклікалі ў гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 57 будаўнікоў. На працягу 8 гадоў я ўзначальвала там прафсаюзны камітэт навучэнцаў і паралельна вяла замежную мову. Навучэнскі кантынгент у будаўнічым ПТВ, зразумела, вельмі няпросты. Я жартавала са знаёмымі, што пасля вучылішча магу гаварыць і дамовіцца з любым чалавекам. А дзеці добра разумеюць, калі ты жывеш іх інтарэсамі, і адкрываюцца, давяраюць табе. Мы разам столькі карысных спраў і цікавых праектаў здзейснілі! Між тым у краіне пачалася перабудова, мая пасада вызваленага старшыні прафкама трапіла пад скарачэнне. Каб жыць, давялося шукаць работу. Доўга не вагаючыся, вярнулася ў Віцебскі раён, да сваіх. З таго часу настаўнічаю ў Кіраўскай школе. Па сутнасці, адзінка вымярэння майго жыцця з моманту, як пайшла ў 1 клас, — навучальны год.

Школьнае прыцяжэнне

— Выбачайце за, магчыма, нетактоўнае пытанне. Вы даўно маеце права на заслужаны адпачынак. Што трымае ў школе?

Дырэктар не адпускае, гэта калі напаўжартам. А калі ўсур’ёз… Трымае на рабоце самае галоўнае, з чым развітвацца — як па жывому рэзаць. Хаця з узростам не паспрачаешся, таму зніжаю нагрузку. Напрыклад, на працягу 15 гадоў узначальвала школьны прафкам. У пэўны момант прыйшла пара перадаць эстафету. Мы параіліся з кіраўніц­твам і калегамі, вызначылі і зацвердзілі кандыдатуру маёй пераемніцы: добры прафсаюзны лідар з яе атрымаўся. Гадоў пяць назад я ўжо канкрэтна пачала задумвацца пра выхад на пенсію. Наважылася, але ж вучні папрасілі застацца на год, іх бацькі і мае калегі далучыліся…

Школа — роднае месца, якому я прысвяціла жыццё, а настаўніцкая праца — працэс па сваім азначэнні бесперапынны.

Маральна цяжка пакінуць за крок да мэты вучня, з якім некалькі гадоў займаемся дадаткова для паступлення ва ўніверсітэт. Або вучня, з якім паслядоўна нарошчваем вынік на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах: у 9 класе перамаглі на раённым этапе, сёлета, у 10-м, — на абласным. У хлопца наступны год будзе прысвечаны таму, каб выйсці ў фінал алімпіяды і пастарацца перамагчы. Нямала такіх прычын. Пакуль што не адпускае мяне школа.

— Ці многа вашых вучняў прыйшлі ў настаўніцкую прафесію ўслед за вамі?

— Калі гаворка ў цэлым пра педагагічныя спецыяльнасці, то такіх вучняў некалькі дзясяткаў. Настаўнікаў замежнай мовы — чалавек дваццаць прыблізна. Першая такая мая вучаніца з Бабініцкай школы, Святлана Бальшакова, сама ўжо на пенсіі. У гэтую каманду варта ўключыць і тых, хто не вучыўся ў мяне на ўроках, але дакладна ведаю: у выбары прафесіі яны арыентаваліся менавіта на мяне. Напрыклад, з дзвюма дочкамі маіх блізкіх віцебскіх знаёмых мы сталі калегамі. Мая вучаніца з Кіраўскай школы Наталля Казунова пасля ўніверсітэта вярнулася да нас у калектыў, выкладае англійскую мову. Ёсць сярод маіх выпускнікоў і студэнты — будучыя настаўнікі замежнай мовы.

Сямейныя каштоўнасці

— А ў вашай сям’і настаўнікі ёсць?

— Сястра маці — настаўніца пачатковых класаў, працавала на Полаччыне. У бацькі першая адукацыя педагагічная. Думаю, з яго мог бы выдатны настаўнік або кіраўнік у нашай галіне атрымацца, каб не Вялікая Айчынная вайна. Тата быў намеснікам каман­дзіра па разведцы партызанскага атрада “За Радзіму”, яго брат Максім — камісарам партызанскага атрада “Смерць фашызму”. У пасляваенны перыяд бацька стаў пас­пяховым прафесіяналам, але ўжо ў іншай сферы, не ў адукацыі, быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Нас, малодшае пакаленне, выхоўвалі патрыётамі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, аднак пра свае баявыя подзвігі і ўзнагароды мае родныя не любілі гаварыць. Толькі зрэдку ўрыўкамі нешта расказвала цётка, і яшчэ перыядычна мне сустракаліся знаёмыя імёны ў кнігах пра вайну. Крыху падрабязней пра партызанскую гісторыю нашай сям’і ўдалося даведацца дзякуючы выпадку, калі на 4 курсе ўніверсітэта мяне афармлялі на работу за мяжу і ў дакументах трэба было прадаставіць гэтыя звесткі. Тады ў Егіпет лепшых студэнтаў адпраўлялі ў якасці перакладчыкаў. Намнога пазней некаторыя архіўныя дакументы, фота пачалі з’яўляцца ў адкрытым доступе на інтэрнэт-рэсурсах. Сёлета на “Марафоне адзінства” мне дапамаглі знайсці новую інфармацыю і падказалі, дзе яшчэ можна пашу­каць. Прыйшлі мы дадому — і знайшлі. Аказваецца, маці таксама была ўзнагароджана медалём “За баявыя заслугі”. Я не змагла стры­маць эмоцый, плакала наўзрыд.

— Акрамя асобных нумароў “Настаўніцкай газеты”, якія рэліквіі з педагагічнай гісторыяй захоўваюцца ў вашай сямейнай скарбонцы?

— Ганаровых грамат рознага ўзроўню цэлая калекцыя, за кожнай — яркія старонкі майго жыцця. Яшчэ гадзіннікі з памятнымі надпісамі: яны былі ўручаны мне як удзельніцы ІІ з’езда настаўнікаў Рэспублікі Беларусь і пазачарговага IV з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Знак ЦК Усесаюзнага камсамола “Лепшаму настаўніку-камсамольцу”. Але для настаўніка заўсёды больш важныя поспехі, шчаслівы лёс і ўдзяч­насць вучняў. Калі сустракаеш выпускніка праз многа гадоў, а ён цябе абдымае і гаворыць: “Дзякуй, вы мне вельмі дапамаглі!” Вось гэта галоўная ўзнагарода.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара