Бягуха, тэлежурналіст і трэнер узышлі на “Беларускі спартыўны Алімп”

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Беларускі спартыўны Алімп” 2018 года. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы Вольга Мазуронак удастоена прэміі за паспяховыя выступленні на міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку перамогу ў 2018 годзе на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы. Яна стала чэмпіёнкай міжнароднага Мінскага паўмарафону ў 2015 і 2016 гадах, заняла 2-е месца ў камандным чэмпіянаце Еўропы 2015 года, 4-е месца ў марафонскім бегу на Алімпійскіх гульнях 2016 года. Вольга Мазуронак — сярэбраны прызёр Кубка Еўропы ў бегу на 10 тысяч м, мае ганаровае званне заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь.

Намеснік загадчыка аддзела спартыўнага вяшчання ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал” Барыс Герстан прадстаўлены да прэміі за папулярызацыю фізічнай культуры і спорту, прапаганду здаровага ладу жыцця. Ён адзін з самых вядомых і вопытных тэлевізійных журналістаў, больш за 25 гадоў працуе ў сферы спартыўнага вяшчання. Барыс Герстан працаваў на трох Алімпійскіх і трох Параалімпійскіх гульнях, 12 універсіядах, вядзе рэпартажы з вядучых спартыўных падзей, з’яўляецца аўтарам тэлевізійных праектаў, адзначаных узнагародамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.

Старшы трэнер-выкладчык па спорце аддзялення скачкоў на батуце Гродзенскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 3 Ірына Бараноўская стала лаўрэатам за падрыхтоўку спартсменаў высокага класа, чэмпіёнаў і прызёраў чэмпіянатаў Еўропы, свету, іх этапаў. Яе выхаванцы за апошнія тры гады не раз станавіліся чэмпіёнамі і прызёрамі міжнародных спартыўных спаборніцтваў (Ангеліна Хацян, Артур Мікішка, Арцём Жук, Аляксей Дудараў).