Падарожжа гэтае пачалося два гады назад. У сакавіку 2012 года стартаваў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Павышэнне прывабнасці трансгранічнага рэгіёна шляхам уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць (акронім “Падарожжа ў этнаказку”)” па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна” на 2007—2013 гады ў межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства.
З беларускага боку ў праекце ўдзельнічалі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей (Мастоўскі раён) і гімназія № 1 імя Я.Карскага Гродна. З польскага боку — Сувалкаўская агратурыстычная палата. Мэта праекта — павышэнне канкурэнтаздольнасці і турыстычнай правабнасці трансгранічнага рэгіёна — павінна была дасягацца праз удасканаленне маркетынгу тэрыторыі, стварэнне тураб’ектаў на памежных тэрыторыях з далучэннем этнакультурных рэсурсаў, павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікаў, якія занятыя ў турыстычным бізнесе.
Агульны бюджэт праекта 1,27 мільёна еўра. Польскі бок атрымаў на яго рэалізацыю каля 650 тысяч еўра, беларускі бок — каля 575 тысяч еўра. Упершыню галоўным партнёрам праекта выступаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
І вось разлічанае на два гады “Падарожжа ў этнаказку” завершана. За гэты час было праведзена 41 мерапрыемства з удзелам 74 арганізацый. Кожны з удзельнікаў выканаў вялікі аб’ём работы і мае канкрэтныя вынікі.
ГрДУ імя Янкі Купалы
“Калі мы падавалі заяўку на ўдзел у праекце, то вызначалі некалькі мэт, — гаворыць кіраўнік праекта, выкладчык факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат гістарычных навук Віталь Карнялюк. — Для ўдасканалення падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” стварыць вучэбны сектар этнічнага турызму, сабраць інфармацыйныя матэрыялы па этнакультурных аб’ектах, распрацаваць новыя турыстычныя маршруты. Але галоўным было жаданне стварыць новыя турыстычныя магчымасці для Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея, ці не лепшага народнага музея на Гарадзеншчыне”.
Адным з першых мерапрыемстваў праекта стаў пяцідзённы трэнінг па этнічным турызме вясной 2012 года, у якім прынялі ўдзел 12 спецыялістаў турыстычнай справы з Польшчы і Беларусі. Заняткі з імі праводзілі таксама псіхолаг, маркетолаг, біёлаг. Сярод аб’ектаў, якія наведалі ўдзельнікі трэнінгаў, — Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей, аграсядзібны комплекс “Маёнтак Тызенгаўза” ў Караліне, агратурыстычны комплекс “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”, Аўгустоўскі канал.
На трэнінгу, які адбыўся ў Польшчы ў рэгіёне Сувалкі, заняткі праводзілі спецыялісты турыстычнага бізнесу з Сувалак, Беластока, Варшавы. Практычныя заняткі адбываліся ў Нацыянальным парку “Вігры”, былым камедульскім кляштары ў Віграх, міжнародным “Цэнтры дыялогу” ў вёсцы Краснагруда, цэнтры спорту і адпачынку ў Сувалках, ваяводскім цэнтры спорту і адпачынку “Шэльмент”, сувалкаўскім аквапарку. Удзельнікі наведалі некалькі турыстычных аграсядзіб, якія арыентаваны на этнічны турызм. Сярод іх “Музей Вёскі” ў Пуньску, “Асада Яцвяжска-Пруска” ў Ашкіянах, цэнтр “Сілайнэ”.
На этнічны турызм быў зроблены акцэнт пры стварэнні маршруту “Гасцінцамі Белуна”. Кіраўнік вучэбнага сектара этнічнага турызму кандыдат культуралогіі Іван Траццяк адзначае, што, паводле сучасных даследаванняў, гасціннасць як праява беларускага менталітэту займае першую пазіцыю з 20 прапанаваных ментальных асноў — 76 працэнтаў, і толькі пасля гэтага ідзе працавітасць, сардэчнасць, спачуванне, талерантнасць. Таму менавіта Бялун — адзін з язычніцкіх багоў шчаслівага выпадку, бог вандроўнікаў — быў абраны эмблемай гэтага турыстычнага маршруту. Падарожнікі могуць азнаёміцца з цікавымі аб’ектамі этнічнага турызму Гродзеншчыны, такімі як Цэнтр народнай творчасці ў Лідзе, Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей, Адэльскі цэнтр культуры і народнай творчасці ў Гродзенскім раёне.
Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей
Гэты музей — унікальная з’ява не толькі для Гродзеншчыны. Створаны настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Алесем Мікалаевічам Белакозам у 1968 годзе як школьны музей, ён спачатку размяшчаўся ў адным пакойчыку. У 1990 годзе музею нададзены статус дзяржаўнага. Калекцыя музея — каля 16 тысяч адзінак асноўнага фонду і каля 5 тысяч — навукова-дапаможнага.
Музей мае ўнікальную калекцыю падвойных дываноў. Супрацоўнікі гэтай установы культуры не толькі зберагаюць, але і падтрымліваюць традыцыю народнага ткацтва. У 2002 годзе тут з’явілася зала практычнага ткацтва, дзе размясцілі трое кроснаў, на якіх супрацоўніцы музея ткуць падвойныя дываны, посцілкі, абрусы, ручнікі, сурвэткі і вучаць гэтаму мастацтву дзетак з навакольных вёсак.
Даведацца пра жыццё беларусаў XVIII стагоддзя можна ў аўтэнтычнай хаце, якую ў 1980 годзе з дапамогай кіраўніцтва мясцовага калгаса перавезлі з вёскі Семярэнкі. Па навакольных вёсках збіралі прылады старадаўняга жыцця, і зараз наведвальнікам музея прапануюць анімацыйную праграму “Калі ласка, у хату!”.
Багатая экспазіцыя патрабавала сучасных умоў і эстэтыкі. На рэканструкцыю музея ў межах праекта было выдзелена 220 тысяч еўра.
“Зроблены рамонт, набыта аргтэхніка і нават жаночыя тканыя касцюмы, у абноўленых залах размешчаны літаратурныя экспазіцыі, — расказвае дырэктар Гудзевіцкага музея Кацярына Басінская. — Зараз у нас ёсць вопыт удзелу ў міжнародным праекце, ведаем, як трэба афармляць заяўку, складаць бізнес-план. Добрыя рабочыя стасункі падтрымліваем з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і агаратурыстычнай палатай з Сувалак. З выкарыстаннем іх вопыту, новай інфармацыі спадзяёмся на прыцягненне наведвальнікаў не толькі з Беларусі, але і з Польшчы, іншых краін. А нам ёсць што паказаць!”
Адным з элементаў рэалізацыі такога вопыту стала правядзенне ў Гудзевічах этнафестывалю “Вандроўка ў этнаказку”. Тут сабраліся народныя майстры з усіх рэгіёнаў Гродзеншчыны і госці з польскіх Сувалак. Майстар-класы для жадаючых правялі Вера Белакоз — падвойнага ткацтва, Зоф’я Войтка — вышывання, Марына Ярэмчык — роспісу, Наталля Кірко — саломапляцення. Квест-гульня прапанавала вандроўку па Гудзевічах. На некалькіх прыпынках удзельнікі з Беларусі і Польшчы знаёміліся з гісторыяй вёскі, побытам продкаў, спаборнічалі ў стральбе з лука, бавіліся ў народныя гульні.
Назаўтра свята працягнулася ў Гродне.
Гродзенская гімназія № 1 імя акадэміка Я.Карскага
Першы беларускі акадэмік Яўхім Карскі нарадзіўся ў вёсцы Лаша на Гродзеншчыне. Менавіта тут у пачатку 60-х гадоў ХХ ст. настаўнік Апанас Цыхун стварыў музей, прысвечаны Яўхіму Фёдаравічу. А ў 1995 годзе экспанаты музея атрымалі новую прапіску — у гродзенскай гімназіі № 1.
Дзякуючы руплівай пошукавай рабоце настаўнікаў і вучняў экспазіцыя значна пашырылася, тут пабывалі нашчадкі акадэміка і перадалі ў дар музею шмат асабістых рэчаў вучонага. У выніку паўстаў кабінет Я.Карскага, экспазіцыя, прысвечаная пецярбургскаму перыяду яго жыцця, з’явіліся выданні акадэміка і створаныя ім этнаграфічныя карты.
“Мэтай нашага ўдзелу ў праекце было паляпшэнне ўмоў дзейнасці музея, які з’яўляецца аб’ектам турыстычнага маршруту “Прынёманскімі шляхамі Я.Карскага”, — расказвае дырэктар гімназіі Барыс Сяброўскі. — Плошчаў для правядзення экскурсій ужо не хапала. У выніку ўдзелу ў праекце мы абсталявалі канферэнц-залу, дзе створаны ўмовы для правядзення разнастайных мерапрыемстваў, у тым ліку віртуальных экскурсій розных напрамкаў, напрыклад этнаграфічных. Усе экскурсіі праводзяць навучэнцы гімназіі. Таксама тут мы ладзім розныя творчыя выставы. У сакавіку — красавіку гэтага года ў новай зале арганізавалі выставу гродзенскага мастака Алеся Ліпеня. Адзначу, што на ёй былі прадстаўлены яго работы з Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея і Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці”.
Трэба сказаць, што дзеянні школьнага музея Яўхіма Карскага ў Гродне — добры прыклад іншым музеям навучальных устаноў, якім ёсць што прадэмастраваць вандроўнікам як нашай краіны, так і замежжа.
Падарожжа па вёсках казак
Сувалкаўская агратурыстычная палата за кошт праекта стварыла сем вёсак казак. Гэта новы этнатурыстычны маршрут, які адпавядае і развівае брэнд рэгіёна, — “Сувальшчызна — край як казка”. У аснове ідэі — літаратурная спадчына вядомай польскай пісьменніцы Марыі Канапніцкай, якая нарадзілася і першыя гады жыцця правяла ў Сувалках. Яе казкі пра гномаў і дзяўчынку Марысю чытаюць ва ўсім свеце.
Красналюдкі — так па-польску называюцца гномы — сустракаюць наведвальнікаў музея Марыі Канапніцкай у Сувалках. Героі казак пісьменніцы “праходзяць” амаль праз усе казачныя вёскі — вясёлых падарожнікаў і лясных дароў, сакрэтных вулачак і забытых воінаў.
Дырэктар Сувалкаўскай агратурыстычнай палаты Эльжбета Недзейка расказвае, што ўсе работы на маршруце завершаны, створана адпаведная інфраструктура, рэкламныя матэрыялы. Казачны маршрут уключае анімацыйныя праграмы, інтэрактыўныя гульні.
Маршрут арыентаваны на дзяцей і іх бацькоў, моладзь. І гэта не толькі месца гульняў і забаў, кожная з сямі частак маршруту мае пазнавальны складнік, які ў забаўляльнай форме дазваляе азнаёміцца з багатай культурнай і этнаграфічнай спадчынай Сувальшчызны. Каб атрымаць у спецыяльным дакуменце адзнаку-пячатку аб праходжанні частак маршруту, юныя вандроўнікі павінны выканаць адпаведныя заданні. А калі яны пройдуць увесь маршрут, то атрымаюць падарунак у турыстычным цэнтры Сувалак.
Дарэчы, па маршруце ўжо прайшла першая група дзяцей з Ваўкавыска.
Перспектывы і развіццё
Па выніках рэалізацыі праекта магчыма стварэнне новага трансгранічнага турыстычнага маршруту “Вандроўка ў этнаказку”, які аб’яднае “Казачны шлях (7 вёсак казак)” на Сувальшчызне і “Гасцінцамі Белуна” на Гродзеншчыне. На беларускім баку турысты змогуць наведаць Гродна, Каробчыцы, Гудзевічы, Азёры, Васілішкі, Радунь. Яны азнаёмяцца з заказнікам “Азёры”, музеем яўрэйскай культуры ў Радуні, Цэнтрам народнай творчасці ў Лідзе, домам-музеем спевака Чэслава Немена ў Васілішках, музеем драўляных музычных інструментаў майстра Мар’яна Скрамблевіча ў Адэльску.
Такі аб’яднаны турыстычны маршрут, лічыць Эльжбета Недзейка, будзе цікавы таксама турыстам з Літвы і Расіі.
Значным вынікам рэалізацыі праекта Віталь Карнялюк называе стварэнне вучэбнага сектара этнічнага турызму на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы, практыкі студэнтаў з беларускага і польскага бакоў, удзел у турыстычных выставах, дзе назапашваўся вопыт прэзентацыі ўласных распрацовак новых турыстычных маршрутаў, правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі “Этнакультурны турызм у трансгранічным памежжы Гродзенскай вобласці і Сувалкаўскім субрэгіёне”, стварэнне сайта этнакультурных рэсурсаў трансгранічнага рэгіёна і энцыклапедычнага даведніка “Этнатурыстычныя і прыродныя рэсурсы Гродзенскага і Сувалкаўскага рэгіёна”. Гэты даведнік выйдзе накладам тры тысячы экзэмпляраў і стане энцыклапедыяй этнаграфіі трансгранічнага рэгіёна. У стварэнні яго прынялі ўдзел 19 спецыялістаў у галіне этнаграфіі і турызму.
Агульны змест праекта, галоўнае, у тым, што рознымі сродкамі рэкламы, інфармавання, анімацыі і тураперэйтынгу комплексна звернута ўвага на этнічную частку нашай нацыянальнай культуры, якая з’яўляецца неабсяжным патэнцыялам для беларускага турызму.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.