Бярозаўская “Лялька”

- 9:20Навіны рэгіёнаў

Лялька — неад’емны атрыбут культуры. Яна не толькі суправаджае чалавека з дзяцінства, але даволі часта застаецца своеасаблівым талісманам, прадметам настальгіі. Ва ўсіх народаў стварэнне лялек лічылася мастацтвам. Нездарма калекцыянеры гатовы аддаваць за ўнікальных лялек вялікія грошы.

Сучасныя дзеці не адчуваюць недахопу ў цацках. На паліцах магазінаў можна знайсці ўсё на любы густ. Але ў цацках, сшытых сваімі рукамі, закладзены вялікі выхаваўчы патэнцыял. Гэта сімвал нацыянальнай культуры і народных традыцый. У кожнай з іх адлюстраваны рысы нацыянальнага характару, кожная з іх непаўторная і прыносіць радасць творчасці іх стваральніку, застаецца лепшым падарункам. Выраб лялек — захапляльны і цікавы занятак, які вельмі падабаецца дзецям. Гэта пацвердзяць выхаванцы ўзорнай студыі народнай цацкі “Лялька” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы. 

— Студыя ўтварылася 20 гадоў назад на базе гуртка “Мяккая цацка”, які дзейнічаў у Бярозаўскім доме піянераў з 1974 года, — расказвае нязменны кіраўнік аб’яднання па інтарэсах з 1992 года Людміла Уладзіміраўна Ківатыцкая. — Ва ўсе часы работы гурткоўцаў вылучаліся высокім мастацкім узроўнем. Многія з іх экспанаваліся на ВДНГ у Маскве, выставах на Кіпры і ў Емене. Студыя 7 разоў пацвярджала званне ўзорнага калектыву. За ўсім гэтым — штодзённая карпатлівая творчая праца.

У руках юных рукадзельніц звычайныя абрэзкі тканіны, скуры, футра, нітак і лёну ператвараюцца ў незвычайныя цацкі і арыгінальныя казачныя кампазіцыі. Л.У.Ківатыцкая знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку і падштурхоўвае да яго выхаванцаў, далучаючы іх да свету мастацтва, агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей на аснове асваення мастацкага вопыту беларусаў.

— Спачатку вучыла дзяцей элементарным навыкам, неабходным для пашыву цацак з тканіны, футра і скуры, але потым істотна пашырыла магчымасці заняткаў, — гаворыць педагог. — Так, перайшла ад адзінкавай цацкі да тэматычнай кампазіцыі. Тэмы для яе брала з рэальнага жыцця. Знаёмячыся з народнай творчасцю, дзеці прыдумвалі казачныя сюжэты да створаных кампазіцый і пісалі на бірках рыфмаваныя радкі, якія дапамагалі данесці да гледачоў іх сутнасць. Напрыклад, работа “Каласкі і Васількі” суправаджалася тэкстам: “Сталі каласкі вялікімі, вырасці б нам такімі”. А вось словы да творчай работы “На бульбяным полі”, героямі якой сталі Бульбіны і Каларадскі Жук з відэльцам і нажом: “Раз картошка, два картошка, мне покушать бы немножко”. Усе работы ствараюцца па ўласных эскізах, выкрайкі для герояў кампазіцый выконваюцца самастойна. З’явіліся серыі “Прадметы дамашняга побыту” і “Фрагменты казак”. Дэвіз заняткаў — “Мы складаем казкі самі, затым ствараем іх сваімі рукамі”.

Людміла Уладзіміраўна ніколі не спыняецца на дасягнутым. Неўзабаве пачала ствараць цацкі з ільновалакна. А паколькі знайсці неабходную літаратуру па тэхналогіі апрацоўкі льновалакна і вырабе з яго цацак не змагла, то прыдумала яе сама. Вучылася разам з дзецьмі. Рабіла першыя крокі ў цікавым і складаным напрамку новай дзейнасці.

— Лён брала ў роднай вёсцы, куда прыязджала ў госці,— расказвае педагог. — Так з’явіліся першыя цацкі з лёну “Калабкі”, “Курачка”, “Вожыкі”, “Птушкі” і “На мосце” і інш. З цягам часу захацелася ствараць цацкі-лялькі не проста ў народным стылі, а апранаць іх, выкарыстоўваючы тканіну і розныя спосабы вышыўкі, згодна з традыцыямі нашага рэгіёна.

Падчас экспедыцыі ў вёску Стрыгінь і сустрэчы з мясцовымі ўмельцамі дзеці азнаёміліся з даматканымі пакрываламі, звязанымі пруткамі, з вышытымі сурвэткамі і абрусамі, адзеннем продкаў з бабуліных куфраў. Пасля цікавай паездкі з’явіліся новыя серыі работ. Сярод іх — “З жыцця беларусаў”, асаблівасць якой у тым, што цацкі створаны на аснове драцянога каркаса, галовы сшыты з тканіны ці вытачаны з дрэва, твары вышыты ніткамі ці распісаны фарбамі. А вось пры вырабе серыі “Лялькі” для каркаса цацак выкарыстоўвалася бутэлечная аснова. Серыю “Мы — беларусы” навучэнцы сама­стойна аформілі народнай вышыўкай.

— Працуючы над гэтымі серыямі, мы стварылі сваю тэхналогію работы з ільновалакном, — гаворыць Л.У.Ківатыцкая. — На аснове фотаздымкаў ці малюнкаў з дзіцячых часопісаў і кніг самі стваралі эскізы будучых работ. Затым выраблялі каркас з дроту, надаючы яму аб’ём з дапамогай наяўнага матэрыялу. Замацоўвалі абмотку на каркасе, баваўнянымі ніткамі ляпілі вобраз, згодна з эскізам. Для першаснай абмоткі выкарыстоўвалі сена, салому, рыззё. Потым рабілі другасную абмотку льновалакном, прыклейваючы яго да абмоткі. Зверху злёгку змазвалі цацку клеем і акуратна прыгладжвалі лён, каб ён не ўзнімаўся.

Творчыя работы студыйцаў атрымліваюцца маштабнымі па памерах і складанымі па выкананні. Каб выканац­ь іх, навучэнцы павінны ўмець працаваць з матэрыяламі, быць цярплівымі і ўседлівымі. Ад укладу кожнага залежыц­ь агульны вынік. Усе вырабы індывідуальныя і непаўторныя, вылучаюцца арыгінальнымі рашэннямі і самабытнымі мастацкімі кампазіцыямі. Кожная работа ярка і дакладна перадае вобраз беларуса — чалавека-працаўніка і стваральніка. 

На рахунку выхаванцаў Людмілы Уладзіміраўны каля 300 грамат і дыпломаў, атрыманых па выніках раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, фестываляў і выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Педагог ахвотна дзеліцца вопытам на майстар-класах на абласных і рэспубліканскіх семінарах педагогаў дадатковай адукацыі. У фондзе студыі — больш за 300 работ. Пастаянна праходзяць персанальныя выставы ў музеях Бярозы і вобласці.

Ірына ЖУК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы.