Бясконцы патэнцыял даследаванняў і праектаў

- 14:16Адукацыйная прастора

Арганізацыю праектнай і даследчай дзейнасці навучэнцаў абмеркавалі ў Мінскім абласным ІРА спецыялісты з некалькіх краін. Навукова-практычная канферэнцыя з міжнародным удзелам сабрала разам каля 200 удзельнікаў з розных абласцей і сталіцы Беларусі, а таксама педагагічных работнікаў з Літвы, Украіны і Расійскай Федэрацыі.

У канферэнцыі ўзялі ўдзел шырокае кола зацікаўленых — прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, устаноў дадатковай адукацыі дарослых.

Даследчая дзейнасць навучэнцаў становіцца ўсё больш актуальнай і запатрабаванай год ад году. Пра гэта сведчыць і тое, як развівалася канферэнцыя, прысвечаная менавіта гэтай тэме, якая праходзіць у МАІРА не першы раз. Як расказала прарэктар па навукова-метадычнай рабоце інстытута развіцця адукацыі Марына Аляксееўна Краснова, некалі мерапрыемства пачыналася як канферэнцыя, на якой абмяркоўваліся пытанні арганізацыі даследчай дзейнасці толькі па прадметах прыродазнаўчага цыкла. Праблемнае поле канферэнцыі вельмі хутка пашыралася: спачатку далучыліся педагогі — выкладчыкі прадметаў сацыяльна-гуманітарнага цыкла, затым на канферэнцыі пачалі разглядаць пытанні арганізацыі даследчай дзейнасці малодшых школьнікаў, потым і дашкольнікаў. Таксама пачалі разглядацца пытанні праектнай дзейнасці ўстаноў адукацыі і арганізацыі навуковых супольнасцей навучэнцаў. І канферэнцыя па-ранейшаму пашыраецца, змяняючыся ў адпаведнасці з патрабаваннямі новага дня.

— У папярэднія гады на канферэнцыі мы ў большай ступені разглядалі пытанні арганізацыі даследчай дзейнасці ў пазаўрочны час. Доўга ўдзельнічалі толькі асобныя настаўнікі, якія працавалі з асобнымі дзецьмі па падрыхтоўцы да пэўных мерапрыемстваў. Але зараз, калі ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ўведзены кампетэнтнасны падыход, задача ўсіх настаўнікаў — навучыць дзяцей самастойна здабываць веды, — адзначыла М.А.Краснова. — І на гэтай канферэнцыі акцэнт зроблены менавіта на тым, як даследчае навучанне ўключыць у вучэбны працэс на ўроку.

Кампетэнтнасны падыход стварае спрыяльную глебу для развіцця даследчых кампетэнцый навучэнцаў. Гэты падыход стаў метадалагічнай асновай распрацоўкі навукова-метадычнага забеспячэння для агульнай сярэдняй адукацыі (Нацыянальны інстытут адукацыі). Пра гэта на пленарным пасяджэнні канферэнцыі расказала намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце НІА Вольга Уладзіміраўна Зелянко. Яе калегі Вольга Ігараўна Цірынава і Алена Валер’еўна Баршчэўская на прыкладах расказалі пра рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу ў новым вучэбна-метадычным комплексе пры навучанні грамаце і ў навучальнай і вучэбна-метадычнай літаратуры па біялогіі.

Цікава ўдзельнікам канферэнцыі было пазнаёміцца з вопытам украінскіх калег. Так, Надзея Іванаўна Білык, прафесар кафедры педагагічнага майстэрства Палтаўскага абласнога інстытута паслядыпломнай педагагічнай адукацыі, расказала пра школы наватарства, якія дзейнічаюць у суседняй краіне. Палтаўская рэгіянальная школа наватарства кіруючых, навукова-педагагічных і педагагічных работнікаў паслядыпломнай адукацыі аб’ядноўвае 11 занальных школ і больш за 400 чалавек. Удзельнікам гэтых аб’яднанняў прапаноўваюцца новыя формы работы ў міжатэстацыйны перыяд: метадычныя студыі, педагагічныя масты, інтэрнэт-фестывалі, відэакастмарафоны, стварэнне відэаўрокаў, вэб-марафоны. Вялікая роля надаецца сеткаваму ўзаемадзеянню, на сайце школы наватарства размяшчаюцца выпрацаваныя цікавыя матэрыялы. Цеснае ўзаемадзеянне актыўных, ініцыятыўных педагогаў стымулюе іх да творчага пошуку, што прыносіць плён.

Аляксандр Міхайлавіч Марцінкевіч, намеснік дырэктара па маркетынгу і развіцці адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, узняў пытанне “Чаму сёння вучыць у школе?”. Адказ на яго выступоўца даваў з пазіцыі работадаўцаў, да якіх прыходзяць выпускнікі ўстаноў адукацыі. Аляксандр Міхайлавіч звярнуў увагу на тое, што свет мяняецца са звышхуткасцю і прафесіі, запатрабаваныя сёння, могуць проста знікнуць з развіццём новых тэхналогій. Таму спецыялісты ІТ-сферы, якая з’яўляецца самай прагрэсіўнай і імкліва развіваецца, лічаць, што сёння важна вучыць дзяцей рызыкаваць і браць на сябе адказнасць, развіваць сацыяльныя навыкі (уменне працаваць у камандзе, камунікацыю) і, самае галоўнае, вучыць дзяцей вучыцца — самастойна і пастаянна здабываць веды, бо інфармацыя хутка абнаўляецца. Таксама А.М.Марцінкевіч расказаў пра праекты і праграмы ПВТ, якія накіраваны на далучэнне школьнікаў да інфармацыйных тэхналогій.

Андрэй Вітальевіч Калеснікаў, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра філасофска-метадалагічных і міждысцыплінарных даследаванняў Інстытута філасофіі НАН Б-еларусі, сваё выступленне на пленарным пасяджэнні прысвяціў развіццю складанасістэмнага мыслення ў сучасных школьнікаў і яго значнасці.

Прадоўжылася работа канферэнцыі на пяці дыскусійных пляцоўках, дзе ў цэнтры ўвагі былі навукова-даследчая і метадычная дзейнасць педагога, фарміраванне кампетэнцый вучняў на аснове выкарыстання метаду даследавання ў працэсе навучання, арганізацыя праектнай дзейнасці вучняў у працэсе навучання як спосаб фарміравання кампетэнцый, арганізацыя работы навуковых таварыстваў навучэнцаў, праектная дзейнасць устаноў адукацыі.

Яшчэ больш карыснай інфармацыі ўдзельнікі канферэнцыі атрымалі, наведаўшы майстар-класы. Так, стратэгіі папулярызацыі чытання прапанаваў на сваім майстар-класе “Чытанне з захапленнем” Васіль Уладзіміравіч Маліноўскі, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 10 Маладзечна. Генадзь Зянонавіч Озем, загадчык кафедры прыродазнаўчых дысцыплін і інфарматыкі МАІРА, даў рэкамендацыі па выбары тэмы даследавання. Якія цяжкасці сустракаюццца на шляху педагога, які займаецца з дзецьмі даследчай ці праектнай дзейнасцю, і як іх пераадолець, дапамаглі разабрацца супрацоўнікі кафедры псіхалогіі і кіравання МАІРА Ірына Віктараўна Бацяноўская і Ларыса Аркадзьеўна Мартынава. Супрацоўнікі дашкольных устаноў Дзяржынскага раёна падзяліліся вопытам павышэння інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці педагогаў дашкольнай адукацыі, спосабамі праектавання і канструявання электронных адукацыйных рэсурсаў.

Тэорыя і практыка, якія былі прадстаўлены на пленарным пасяджэнні, дыскусійных пляцоўках і майстар-класах, маюць свае лагічныя вынікі. І іх удзельнікі канферэнцыі таксама маглі ўбачыць. Педагогі Мінскай вобласці, паспяховыя кіраўнікі даследаванняў і праектаў, што атрымалі прызнанне на рэспубліканскім і міжнародным узроўні, пазнаёмілі калег з гэтымі работамі падчас стэндавай сесіі.

Праектная і даследчая дзейнасць дае настаўніку мноства магчымасцей. І гэта тычыцца не толькі развіцця даследчых кампетэнцый. Удзельнікі канферэнцыі пераканаўча даказалі ў сваіх выступленнях, што, уцягваючы дзяцей у такую дзейнасць, можна фарміраваць у іх асновы здаровага ладу жыцця і выхоўваць талерантнасць, развіваць сацыяльна-асобасныя, грамадзянскія і іншыя кампетэнцыі. А рэалізацыя гэтых магчымасцей залежыць толькі ад майстэрства педагога.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.