Бяспечна і цікава

- 14:40Адукацыйная прастора

У першы дзень асенніх канікул добраахвотніцкі атрад “Адкрытыя сэрцы” ААТ “Гомсельмаш” у адным з двароў Чыгуначнага раёна правёў акцыю “Бяспечныя канікулы”. Гасцямі сталі супрацоўнікі ДАІ, якія падрыхтавалі для дзяцей шмат займальных заданняў.

Галоўная задача мерапрыемства — нага­даць дзецям пра асноўныя патрабаванні ПДР, якія дапамогуць пазбег­нуць бяды на дарозе. Дзеці ўспаміналі значэнні дарожных знакаў і сігналаў святлафора, расказвалі пра тое, як правільна перахо­дзіць дарогу і дзе нельга ездзіць на веласіпедзе, дзяліліся сваімі жыццёвымі сітуацыямі і задавалі супрацоўнікам ДАІ пытанні. Самым актыўным уручылі сувеніры. Дарэчы, кожнае дзіця магло прымераць форму інспектара ДПС, патрымаць у руках жазло і нават пасядзець у службовым аўтамабілі.

Падчас канікул у Гомельскай вобласці на базах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працуюць 380 аздараўленчых лагераў дзённага знаходжання. Яшчэ каля 10 — пры спецыялізаваных навучальна-спартыўных установах.

Асаблівая ўвага традыцыйна ўдзяляецца аздараўленню непаўналетніх з мнагадзетных, малазабяспечаных і няпоўных сем’яў, дзяцей з прыёмных і апякунскіх сем’яў, а таксама тых, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і стаяць на ўліку.

У аздараўленчых лагерах выконваюцца санітарныя, суп­рацьпажарныя і іншыя патрабаванні. Каб мінімізаваць рызыку распаўсюджвання COVID-19, праводзяцца санітарна-супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы. Месцы адпачынку дзяцей забяспечаны сродкамі дэзынфекцыі, антысептыкамі і сродкамі індывідуальнай абароны.

Вялікая частка культурна-забаўляльных праграм праводзіцца на адкрытым паветры. Арганізатары імкнуцца зрабіць вольны час дзяцей цікавым і разнастайным. У праграме — мерапрыемствы патрыятычнай, духоўна-маральнай скіраванасці. Напрыклад, у Гомельскім абласным музеі ваеннай славы прайшло мерапрыемства “Юны патрыёт” для вучняў 1-х класаў гімназіі № 51 Гомеля.

Зараз у аздараўленчых лагерах з карысцю бавяць час больш за 8,5 тысячы школьнікаў рэгіёна. На аздараўленне дзяцей Гомельскай вобласці ў асеннюю кампанію з рэспубліканскага бюджэту выдзелена больш як Br215 тысяч.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.