Бяспечна, як дома

- 17:07Сацыяльны ракурс, Соцыум

Меркаванне, што ахвярамі гвалту могуць быць толькі дзеці з сацыяльна небяспечных сем’яў, не больш чым міф. 

Прынамсі, гэта пацвярджае сацыяльна-псіхалагічнае даследаванне, якое праводзіла псіхолаг намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Аксана Анатольеўна Мірчук. 

Павага ці прыніжэнне?

“Распаўсюджванню гвалту над дзецьмі спрыяе тое, што сучаснае грамадства не гатова адкрыта абмяркоўваць гэтую праблему, а прафесійная супольнасць не ў дастатковай ступені валодае сучаснымі тэхналогіямі папярэджвання гвалту і аказання дапамогі пацярпелым дзецям, — упэўнена Аксана Анатольеўна Мірчук. — Гвалт здараецца ў любых сем’ях, гэта не залежыць ад іх статусу. Чамусьці так склалася, што праблема дамашняга гвалту ў нашым грамадстве з’яўляецца непрыстойнай, амаль забароненай.

Выхаванне дзіцяці, клопат пра яго здароўе і дабрабыт патрабуюць ад бацькоў многа сіл і цярпення. Як паказвае практыка, нават у добрых сем’ях, дзе бацькі адчуваюць шчырую любоў і прыхільнасць да сваіх дзяцей, у выхаваўчым працэсе мо­гуць выкарыстоўвацца такія формы ўздзеяння на дзіця, як цялесныя пакаранні, запалохванне, пазбаўленне дзіцяці зносін або прагулак. Разам з гэтым большасць бацькоў добра разумее, што такая тактыка выхавання — гэта парушэнне правоў іх дзіцяці, а таксама прычына магчымых адхіленняў у яго псіхічным і фізічным развіцці. Становішча дзіцяці ў сем’ях з больш нізкім узроўнем культуры і ў тых сем’ях, дзе дзіця становіцца клопатам, а не радасцю жыцця, значна горшае. Сітуацыя яшчэ больш абвастраецца, калі адзін або абодва бацькі пакутуюць залежнасцю ад алкагалізму ці наркаманіі або калі сям’я адчувае пастаянныя фінансавыя цяжкасці. Таму сёння праб­лема гвалту і жорсткага абыхо­джання з дзецьмі ў сям’і — гэта тое пытанне, якое трэба не проста абмяркоўваць, для яго вырашэння трэба прымаць канкрэтныя меры”. 

Даследаванне, якое правяла Аксана Анатольеўна, было арганізавана ў Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Яго мэтай стала вывучэнне відаў пакаранняў непаўналетніх у сям’і за непаслушэнства.

Распаўсюджванню гвалту над дзецьмі спрыяе тое, што сучаснае грамадства не гатова адкрыта абмяркоўваць гэтую праблему, а прафесійная супольнасць не ў дастатковай ступені валодае сучаснымі тэхналогіямі папярэджвання гвалту і аказання дапамогі пацярпелым дзецям.

“У даследаванні прымалі ­ўдзел першакурснікі ліцэя, — расказвае падрабязнасці А.Мірчук. — Анкетаванне прайшлі 85 чалавек — гэта хлопчыкі ва ўзросце ад 15 да 17 гадоў. Перш чым прапана­ваць ім прыняць удзел у даследчым праекце, я расказала, што жорсткае абыходжанне з дзецьмі ў сям’і ўключае ў сябе любую форму дрэннага абыходжання з боку бацькоў, апекуноў ці прыёмных бацькоў. Безумоўна, пытанняў было многа, таму падрабязна спынілася на кожным з відаў насілля. Так, спецыялісты адрозніваюць чатыры асноўныя формы жорсткага абыходжання з дзецьмі: фізічны, сексуальны і псіхічны гвалт, а таксама грэбаванне асноўнымі патрэбамі дзіцяці.

Дзякуючы праведзенай рабоце, удалося вызначыць, што ў сем’ях прысутнічаюць выпадкі фізічнага гвалту над дзецьмі: баць­кі даюць па карку, маюць месца ўдары, пабоі. Згодна з данымі
апытання, было выяўлена 12,9% выпадкаў гвалту над дзецьмі, а 25,8% пацвярджаюць адзінкавыя выпадкі.”

Многія бацькі лічаць фізічныя пакаранні інструментам выхавання. Падымаючы руку на дзіця, яны думаюць, што так хутчэй даб’юцца ад яго жаданых паво­дзін. Каб размаўляць і тлумачыць дзіцяці, што не так, патрабуюцца намаганні, але ў дарослых не заўсёды ёсць на гэта рэсурс.

“Бацькі прыходзяць з работы стомленыя, іх чакаюць хатнія клопаты, а тут яшчэ і дзіця пад нагамі круціцца, — дзеліцца назіраннямі Аксана Анатольеўна. — Безумоўна, дарослых можна зразумець. Але мы павінны чуць і дзяцей, думаць пра іх. Дзеці, якія пацярпелі ад гвалту, часам усё жыццё право­дзяць з глыбінным адчуваннем, што яны дрэнныя. Акрамя таго, дзеці становяцца агрэсіўнымі. Непаўналетнія, якія падвяргаюцца фізічнаму гвалту, часцей за іншых улазяць у бойкі, правакуюць канфліктныя сітуацыі, калі раптам нешта не так. У дарослым жыцці дзеці, якія пацярпелі ад гвалту, часта трапляюць у нейкія непрыемнасці, адбываецца рэтраўматызацыя: яны падтрымліваюць зносіны з таксічнымі людзь­мі, трапляюць у сітуацыі, якія зноў траўміруюць, а значыць, з імі зноў можа паўтарыцца гвалт. У такіх людзей цалкам парушана сістэма уяўленняў аб свеце”.

У дзяцей, з якімі жорстка абыходзяцца, як правіла, рызыка псіхічных расстройстваў больш высокая, яны схільны перажы­ваць не толькі дэпрэсію, але і розныя псіхозы. 

Жорсткае абыходжанне з дзецьмі — гэта адна з форм злоўжывання бацькоўскімі правамі. А значыць, дзеянні дарослых, якія пагражаюць фізічнаму або псіхічнаму здароўю дзіцяці ці яго жыццю, патрабуюць таго, каб з сям’ёй працавалі спецыялісты.

“У тых падлеткаў, што падвяргаюцца гвалту, мяняецца фізіялогія ў цэлым, а эмацыянальныя працэсы ўплываюць на фізіялагічныя: выпрацоўваюцца гармоны стрэсу, пачашчаецца сардэчны рытм, мяняецца ўзровень глюкозы ў крыві, — пералічвае псіхолаг. — Дзеці самі па сабе становяцца больш слабымі, таму што мяняецца работа імуннай сістэмы. На гэтым фоне з’яўляецца рызыка эндакрынных і сардэчна-сасудзістых захворванняў. Падумайце, што здарыцца з дарослым, калі мы яго ўдарым? Што ён адчуе? Безумоўна, прыніжэнне. Тое ж самае адбываецца і з дзіцем. Чаму многія думаюць, што дзецям гэта не пагражае? Яны такія ж жывыя людзі, як і мы з вамі. А значыць, могуць адчу­ваць увесь спектр эмоцый, прычым нават больш востра.” 

Як выглядаюць вашы дзеці?

“Не кожнае дзіця, якое трапляе ў падобныя сітуацыі, ведае, як сябе паводзіць і дзе шу­каць правільныя шляхі вырашэння праблем, — запэўнівае Аксана Мірчук. — Каб такога не было, у нашым ліцэі на інфармацыйных стэндах размешчана спецыяльная інфармацыя, тэлефоны даверу. Таксама дзеці могуць звярнуцца са сваёй праб­лемай да любога педагога ліцэя. Асаблівае значэнне надаецца бацькоўскім сходам, што арганізуюцца ў ліцэі, і дакладнасці выбраных тэм, якія складаюць аснову гутарак з законнымі прадстаўнікамі нашых навучэнцаў. Вынікі анкетавання былі разгледжаны на педагагічным савеце ліцэя. Згодна з імі, былі прыняты меры, да­дзены рэкамендацыі, распрацаваны дадатковыя мерапрыемствы аб выяўленні, недапушчэнні і прафілактыцы гвалту ў адносінах да непаўналетніх”.

Жорсткае абыходжанне з дзецьмі — гэта адна з форм злоўжывання бацькоўскімі правамі. А значыць, дзеянні дарослых, якія пагражаюць фізічнаму або псіхічнаму здароўю дзіцяці ці яго жыццю, патрабуюць таго, каб з сям’ёй працавалі спецыялісты. 

“Выяўленнем сем’яў, дзе дзеці могуць быць падвергнуты гвалту і жорсткаму абыходжанню, займаюцца не толькі ўстановы адукацыі, але і ўстановы аховы здароўя, органы апекі і папячыцельства і іншыя, — пералічвае псіхолаг ліцэя. — Звесткі аб фактах жорсткага абыходжання з дзіцем у сям’і могуць быць таксама прадастаўлены ў вышэйназваныя ўстановы сваякамі дзіцяці, яго суседзямі і іншымі асобамі, якія валодаюць дакладнымі звесткамі аб тым, што адбываецца ў пэўнай сям’і, з якой складанай сітуацыяй яна сутыкнулася. Сігналамі для выяўлення сямейнага недабрабыту могуць стаць стан здароўя і знешні выгляд дзіцяці. Так, у яго могуць быць бачныя траўмы, сінякі, а знешні выгляд неакуратны. Акрамя гэтага, спецыялісты павінны звяртаць увагу на асаб­лівасці паводзін дзіцяці ва ўстановах адукацыі. Падлетак, які падвяргаецца дома фізічнаму гвалту, праяўляе агрэсіўнасць у дачыненні да аднагодкаў і дарослых. Такое дзіця можа быць замкнёным, празмерна ўзбуджальным і інш. Таксама прыметамі таго, што ў сям’і прымяняецца гвалт, могуць стаць адсутнасць цікавасці бацькоў да спраў дзіцяці ў навучальнай установе, ухіленне ад бацькоўскіх абавязкаў, адсут­насць клопату аб дзіцяці, ужыванне дарослымі алкаголю. Не менш паказальнымі прыметамі з’яўляюцца ўхіленне мамы і таты ад кантакту з педагагічнымі работнікамі і адміністрацыяй установы адукацыі, дзе вучыцца іх дзіця, няяўка на бацькоўскія сходы, ігнараванне просьб настаўнікаў і інш. Што тычыцца педагогаў, то, калі яны разумеюць і бачаць, што ў навучальнай установе ёсць дзеці, якія падвяргаюцца гвалту, ні ў якім разе нельга іх асуджаць, як нельга і апраўдваць тое, што адбылося. Важна своечасова высветліць усе абставіны, а пасля паду­маць, як можна падтрымаць дзіця, яго сям’ю і прадухіліць далейшыя факты насілля. Педагогі, у прыватнасці псіхолагі, павінны знайсці магчымасць пагаварыць з дарослымі і данесці да іх, што ім можна дапамагчы, галоўнае — прызнаць праблему і звярнуцца да спецыялістаў. Так, дарослым рашэнне звярнуцца па дапамогу даецца вельмі цяжка, але яно адлюстроўвае іх сталасць і паказ­вае гатоўнасць да дыялогу, жаданне вырашыць праблему”.

Парады бацькам, якія прымяняюць фізічны гвалт у адносінах да дзяцей, але хо­чуць яго спыніць: 

  1. Займіцеся сваёй эмацыянальнай самарэгуляцыяй, старайцеся клапаціцца аб сабе, каб у жыцці было менш стрэсу.
  2. Выкарыстоўвайце прынцыпы паводзінскага навучання, такія як станоўчае і негатыўнае падмацаванне. Падмацаванне працуе лепш, чым пакаранне. Распрацуйце сістэму своечасовых заахвочванняў за добрыя паводзіны дзіцяці.
  3. Калі вы дамаўляецеся з дзіцем аб нейкім пастаянным правіле, то ўсе члены сям’і павінны быць заадно і падтрымліваць яго: напрыклад, бабулі, дзядулі, дзядзькі і цёткі ведаюць, што iPad выдаецца толькі пасля таго, як дзіця зробіць урокі.
  4. Схавайце рэмень, які ві­сіць на бачным месцы для пагрозы. Рэменем нельга чамусьці навучыць, дзіця будзе толькі баяцца ці злавацца.
  5. Калі вы не гатовы размаў­ляць з дзіцем, самае лепшае, што вы можаце зрабіць, — не кры­чаць і не біць. Вучыцеся браць паўзу. Пагуляйце з сабакам ці займіцеся прыбіраннем кватэры, але не ідзіце на повадзе ў сваіх эмоцый.
  6. Вучыце дзіця будаваць прычынна-выніковыя сувязі і размаўляйце з ім. Само яно нічому не навучыцца, а будзе ­браць прыклад з бацькоў: калі вы крычыце, яно таксама бу­дзе гэта рабіць.
  7. Дзіця — гэта не лялька, а асоба. Яно не павінна адпавядаць вашым чаканням, быць зручным для вас з самага нараджэння.

Наталля САХНО.