Нядаўна ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі прайшло ўзнагароджанне пераможцаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Бяспечнае дзяцінства” сярод устаноў дашкольнай адукацыі. Да пачатку мерапрыемства ў фае была арганізавана выстава “Вучымся жыць у бяспецы”, на якой удзельнікі рэспубліканскага этапу прадстаўлялі свае лепшыя матэрыялы па асновах бяспекі жыццядзейнасці — цацкі, макеты тэхнікі, дыдактычныя гульні, метадычныя матэрыялы і г.д. Гэта дало магчымасць кожнаму з прысутных пазнаёміцца з вопытам калег.
Навучыць правільным дзеянням у надзвычайнай сітуацыі, а таксама стварыць дадатковыя ўмовы для выхавання культуры бяспекі жыццядзейнасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту — галоўная мэта агляду-конкурсу, які прайшоў ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Ініцыятыву Міністэрства па надзвычайных сітуацыях аб правядзенні конкурсу з энтузіязмам падтрымалі педагогі. Гэта стала для іх магчымасцю творча паглядзець на пытанні бяспекі і ўвасобіць у жыццё новыя крэатыўныя ідэі.
Спачатку конкурс прайшоў у раёнах, пасля чаго лепшыя ўстановы дашкольнай адукацыі прынялі ўдзел у абласным (Мінскім гарадскім) этапе конкурсу. У сакавіку журы наведала лепшую ўстанову ў кожнай вобласці і Мінску, дзе ўдзельнікі прадставілі сваю работу з дзецьмі ў 5 кірунках: “Куток бяспекі”, “Відэаролік”, “Метадычны і вучэбны матэрыял”, “Песня на тэматыку АБЖ”, “Дыдактычная гульня”.
Велізарны творчы патэнцыял, пастаянны пошук новых форм работы з дзецьмі паспяхова былі ўвасоблены ў жыццё і зрабілі конкурс не толькі цікавым, але і карысным. У дзіцячых садках створаны куткі пажарнай бяспекі з улікам узроставых катэгорый дзяцей, пажарныя аварыйна-ратавальныя часці, макеты тэхнікі. Уражвалі пажарныя шчыты, касцюмы ратавальнікаў, пажарна-тэхнічнае ўзбраенне і нават міні-цэнтр аператыўнага кіравання. У некаторых дзіцячых садках абсталяваны пакоі бяспекі, якія выкарыстоўваюцца для навучання дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці. У іх педагогі разам з дзецьмі прайграюць надзвычайныя сітуацыі, якія могуць здарыцца ў жыцці. Акрамя гэтага, ва ўстановах шырока прадстаўлены плакаты, лістоўкі, брашуры, а таксама творы мастацкай літаратуры, фальклору, іншыя матэрыялы.
Сумесныя намаганні педагогаў, выхаванцаў і іх бацькоў не прайшлі марна — дзеці разам з татамі і мамамі прымалі ўдзел у здымках відэаролікаў, выконвалі песні і з усіх сіл імкнуліся данесці галоўную ідэю конкурсу: правілы бяспечных паводзін неабходна ведаць і выконваць.
У кожнай установе дашкольнай адукацыі, якія прынялі ўдзел у рэспубліканскім этапе конкурсу, журы адзначала індывідуальны падыход у навучанні дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці і фарміраванні навыкаў бяспечных паводзін. Вызначыць пераможцу было вельмі складана. Аднак конкурс ёсць конкурс. У фінал выйшлі ўздзенскі яслі-сад № 3 Мінскай вобласці, яслі-сад № 76 Віцебска, яслі-сад № 134 Гомеля. Перамогу і ўзнагароды “За арыгінальны і творчы падыход у навучанні дзяцей правілам бяспечных паводзін, стварэнне ўмоў па фарміраванні культуры бяспекі жыццядзейнасці” падзялілі дзве ўстановы адукацыі — дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 Магілёва і яслі-сад № 239 Мінска. Другое месца ў ясляў-сада № 26 Ліды Гродзенскай вобласці. Калектыў ясляў-сада № 44 Пінска Брэсцкай вобласці заняў 3 месца. Усе ўдзельнікі і прызёры агляду-конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад спонсараў мерапрыемства.
Вядома, гэта толькі пачатак шляху ў свет бяспечнага дзяцінства, але з упэўненасцю можна сказаць, што шлях гэты правільны. Толькі мы, дарослыя, зможам абараніць жыццё і здароўе юнага пакалення, яго права на шчаслівае дзяцінства.
Іна ЧУГАЙ.