Бяспечнае лета заклікае да розуму

- 12:56Навіны рэгіёнаў

Летам у дзяцей больш магчымасцей для актыўнага спазнання свету. Таму школьнікаў, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку, і не толькі іх, педагогі імкнуцца далучаць да акцый, якія накіроўваюць несуцішную энергію падлеткаў у мірнае рэчышча.

У Калінкавіцкім раёне праведзена міжведамасная прафілактычная акцыя “Добрая дарога”. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Калінкавіцкага райвыканкама Святлана Гагоша паведаміла, што падлеткамі — навучэнцамі школ і Калінкавіцкага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя — ля пешаходных пераходаў нанесена разметка ў выглядзе надпісаў накшталт: “Знімі навушнікі!”, “Вазьмі дзіця за руку!”, “Дарога — не месца для гульняў!”.

На базе сярэдняй школы № 67 Гомеля прайшла віктарына “Гульні розуму” з удзелам непаўналетніх, якіх стаяць на уліку. Мерапрыемства накіравана на прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў.

У Рэчыцкім раёне прайшоў фітнес-марафон “Лета кліча!” у межах рэалізацыі праграмы “Клопат”. На тэрыторыі фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Надзея” праведзены нон-стоп базавых практыкаванняў на ўсе групы мышц пад кіраўніцтвам фітнес-трэнера. Другую частку марафону правялі ў басейне. На працягу 30 хвілін падлеткам выкладалі аквафітнес.

У Хойніцкім раёне “складаныя” дзеці ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе паглядзелі паказальныя выступленні спартсменаў — навучэнцаў па пяці відах спорту: самба, дзюдо, лёгкая атлетыка, цяжкая атлетыка, футбол.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.