Бяспечнасць на першым месцы

- 15:51Дашкольная адукацыя, Рознае

У гэтым годзе ў нашай краіне ўпершыню праводзіўся Рэспубліканскі агляд-конкурс “Бяспечнае дзяцінства”. Ён быў ініцыіраваны Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Першае месца падзялілі дзве ўстановы: дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 Магілёва і яслі-сад № 239 Мінска. У гэтых установах ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для выхавання ў супрацоўнікаў і дзяцей культуры бяспечнасці жыццядзейнасці.

У вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі ў падраздзеле “Дзіця і грамадства” сфармуляваны асноўныя палажэнні бяспекі жыццядзейнасці ў дашкольных установах. У ёй вызначаны таксама правілы пажарнай бяспекі для іх, сказана аб неабходнасці выпрацоўкі ў калектывах устаноў уменняў правільнага арыентавання ў складаных жыццёвых сітуацыях.

Пры фарміраванні навыкаў бяспечных паводзін у дзяцей дашкольнага ўзросту важна памятаць і ўлічваць іх імкненне пазнаць навакольны свет, выкарыстоўваць уласцівую ім цікаўнасць, вобразнае мысленне і непасрэднае ўспрыманне. Вынікам дзейнасці педагогаў павінна стаць сфарміраванае ў дзяцей імкненне асвоіць спосабы бяспечных паводзін у розных сітуацыях і жаданне выкарыстоўваць гэтыя спосабы ў жыцці. У бягучым навучальным годзе ў нас быў адкрыты “пакой бяспечнасці”, у якім сабраны разнастайныя матэрыялы па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці дзяцей. Тут прадстаўлены разнастайныя тэматычныя плакаты, мастацкая і пазнавальная літаратура па тэме, дыдактычныя карцінкі, якія змяшчаюць інфармацыю аб тым, як з’явіўся агонь, якую небяспеку ён нясе. На самым бачным месцы змешчаны правілы паводзін падчас пажару, схема выкліку ратавальнікаў, нумар інтэрактыўнага тэлефона — усё гэта прыцягвае ўвагу дзяцей. Для абыгрывання разнастайных надзвычайных сітуацый у пакоі ёсць “транспарт спецыяльнага прызначэння”, “паркінг “Пажарная ахова”, “інтэрактыўныя сродкі кіравання машынамі”. Інтэрактыўныя плакаты і кнігі з гукавымі сігналамі спрыяюць засваенню дзецьмі ў больш захапляльнай форме асноўных правіл пажарнай бяспекі.

Адукацыйная дзейнасць у гэтым напрамку будуецца на аснове наступных прынцыпаў:
 развіццёвага навучання (якое мае на мэце адзінства выхаваўчых, развіццёвых задач);
 навуковай абгрунтаванасці і практычнасці выкарыстання форм і метадаў адукацыйнай работы ў адпаведнасці з узроўнем дзяцей;
 інтэграцыі адукацыйных сфер;
 арганізацыі пазнавальнага працэсу на адэкватных узросту формах і відах дзейнасці (вядучы від дзейнасці пры гэтым — гульня);
 нагляднасці — выкарыстанне разнастайнага ілюстрацыйнага матэрыялу, відэафільмаў і мультфільмаў;
 стварэння псіхалагічнага камфорту для дзяцей праз ліквідацыю фактараў стрэсу (а таксама зняцця страхаў, трывожнасці і інш.).

Пры фарміраванні навыкаў пажарнай бяспекі педагогам неабходна выконваць шэраг умоў. Галоўная з іх — рэкамендаваныя выхаванцам веды і ўменні па бяспечных паводзінах павінны быць даступны для іх успрымання і асвойвацца ў пэўнай паслядоўнасці. Пры гэтым павінны выкарыстоўвацца эфектыўныя метады і сродкі, якія забяспечваюць адзінства гэтых ведаў і ўменняў пры актыўнай пазіцыі дзяцей. Педагогам і бацькам неабходна ажыццяўляць гэтую дзейнасць у цесным супрацоўніцтве. Развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе павінна заўсёды папаўняцца новымі цацкамі і абсталяваннем.
Пры фарміраванні навыкаў пажарнай бяспекі ў дзяцей педагогі карыстаюцца самымі разнастайнымі формамі арганізацыі адукацыйнага працэсу. Прыярытэт аддаецца сумеснай дзейнасці выхавальнікаў і дзяцей, прычым як індывідуальнай рабоце з дзецьмі, так і зносінам у падгрупах і групах, якія дазваляюць стымуляваць дзяцей да выказванняў, да сумеснага вырашэння праблемных сітуацый, пошуку найбольш рацыянальных спосабаў дзеяння ў экстрэмальных сітуацыях. Найбольш эфектыўнымі і цікавымі, на мой погляд, былі сюжэтна-ролевыя гульні “Служба выратавання”, “Пажарныя”, у якіх дзеці асвойвалі азы пажарнай бяспекі, знаёміліся з прафесіяй ратавальніка. Звязаныя з тэмай былі гульні “Бальніца”, “Паліклініка”, падчас якіх фарміраваліся гульнявыя навыкі дзяцей па аказанні медыцынскай дапамогі “пацярпеўшым падчас пажару”. Ажыццяўляліся таксама тэатралізаваныя міні-паказы па пацешках і казках, гульні-фантазіі “Адзін дома”, “Калі б я быў пажарным”, а таксама гульні са спецыяльным міні-матэрыялам “Пажарная часць”, “Пажарная машына”, дыдактычныя гульні, распрацаваныя спецыялістамі метадычнай службы “Назаві лішні прадмет”, “Агонь — сябар ці вораг?”, “Гараць ці не гараць?”, “Транспарт МНС”, “Збяры пажарны шчыт”, “Складзі карцінку”, “Лабірынты” і інш.

Педагогі на занятках з дзецьмі па вывучэнні правіл пажарнай бяспекі выкарыстоўваюць сучасныя адукацыйны тэхналогіі: метад праектаў, праблемна-гульнявую тэхналогію, метады РТУ-ТРВЗ-тэхналогіі, даследчы метад навучання. Тэматыка заняткаў самая разнастайная: “Электрапрыборы”, “Агонь — сябар, агонь — вораг”, “Пажарная машына”, “Прафесія ратавальнік”, “Знаёмства са службай 101”, “Запалкі — не цацка, агонь — не забаўка”, “Пажар у лесе” і інш. Атрыманыя веды ўвасабляюцца ў творчай дзейнасці выхаванцаў — малюнках, вырабах. Педагогі арганізоўвалі таксама чытанне мастацкай літаратуры па гэтай тэматыцы, тэатралізаваныя паказы, размовы, прагляд відэаролікаў, мультфільмаў, рухавыя гульні, спартыўныя святы і іншыя мерапрыемствы. Для паспяховага асваення выхаванцамі праграмнага матэрыялу па раздзеле “Бяспечнасць жыццядзейнасці” ў групах аформлены куткі пажарнай бяспекі, дзе прадстаўлены разнастайныя дыдактычныя гульні, дзіцячая мастацкая літаратура гэтага напрамку, сучасны наглядны матэрыял (ілюстрацыі, фотаздымкі, плакаты, малюнкі), размешчаны стэнды з актуальнай інфармацыяй для бацькоў.

У інфармацыйна-метадычным кабінеце ў межах тэмы “Сацыяльна-маральнае і асобаснае развіццё” прадстаўлена разнастайная літаратура па асновах бяспекі жыцця-дзейнасці, метадычныя матэрыялы ў дапамогу педагагічным работнікам, бацькам, падшыўка газет “Юны ратавальнік”, падабраны разнастайныя відэа- і аўдыяматэрыялы.
Выхавальніцай Святланай Васільеўнай Малікавай абагульнены вопыт работы па тэме “Фарміраванне ўяўленняў і навыкаў пажарнай бяспекі пры дапамозе выкарыстання праблемна-гульнявой тэхналогіі ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту”. Вядучае месца ў гэтай тэхналогіі належыць сістэме праблемна-гульнявых і практычных заданняў. Пры выкарыстанні ў адукацыйным працэсе гэтай тэхналогіі дзіця не абмяжоўваецца ў пошуках практычных дзеянняў, праяўляе вялікую самастойнасць у выпраўленні сваіх памылак. Галоўным кампанентам праблемна-гульнявой тэхналогіі з’яўляецца актыўны, усвядомлены пошук дзіцем спосабу вырашэння праблемы, самастойныя практычныя дзеянні, якія маюць на мэце адэкватны выбар мадэлі паводзін у канкрэтнай надзвычайнай сітуацыі.

Пытанні, звязаныя з бяспечнасцю дзіцяці, немагчыма вырашыць без супрацоўніцтва з бацькамі. Інфармацыйныя бюлетэні, папкі-перасоўкі, выступленні на бацькоўскіх сходах супрацоўнікаў МНС, сумесныя сустрэчы бацькоў і дзяцей і выставы сумеснай творчасці — вось далёка не поўны пералік мерапрыемстваў, якія праводзяцца нашымі педагогамі. Можна сказаць, што супрацоўнікі ўстановы дасягнулі галоўнага: дзеці не толькі ведаюць асноўныя правілы асабістай бяспекі, але і ўмеюць тлумачыць неабходнасць іх выкарыстання ў розных сітуацыях, вучацца берагчы сябе і навакольных.

 

Таццяна ШАЎЦОВА,
загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва.